Грамадства

Брэст: забароненыя пікеты за спрыянне малому памежнаму руху з Польшчай

Брэсцкі гарвыканкам адмовіў у правядзенні акцый, удзельнікі якіх мелі намер выступіць за больш хуткую рэалізацыю пагаднення аб малым памежным руху з суседняй краінай. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Як паведаміў адзін з ініцыятараў пікетаў Ігар Маслоўскі, ладзіць гэтыя мерапрыемствы планавалася 21, 22 і 23 снежня каля цэнтральнага ўнівермага ў абласным цэнтры. Падчас акцый актывісты мелі намер збіраць подпісы пад зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чые выбарчыя акругі ўваходзяць у 50-кіламетровую памежную тэрыторыю з Польшчай, каб тыя сайдзейнічалі ўвядзенню спрошчанага парадку перасячэння мяжы.

“У адказе з гарвыканкама гаворыцца, што правядзенне пікетаў забаронена на той падставе, што яны плануюцца ў месцы, якое не прызначана для такіх мерапрыемстваў, – зазначае Маслоўскі. – Але збіраць подпісы на стадыёне “Лакаматыў” ці на пляцоўцы каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, вызначаных гарвыканкамам, бессэнсоўна: там практычна не бывае людзей, тым больш зімой. А вось на пляцоўцы каля ЦУМа заўсёды шматлюдна. Дарэчы, менавіта каля гэтага гандлёвага аб’екта сёлета ў час парламенцкай выбарчай кампаніі мы досыць часта праводзілі свае перадвыбарчыя пікеты. І нікому не перашкаджалі”.
Ігар Маслоўскі нагадаў, што практычнае ажыццяўленне пагаднення аб малым памежным руху будзе садзейнічаць наладжванню эканамічных, культурных і турыстычных сувязяў паміж памежнымі тэрыторыямі дзвюх краін і прынясе ўзаемную выгаду беларускай і польскай народам.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *