У Горках зноў усталяваная памятная пліта ў гонар класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Пра гэта паведаміла рэдактар незалежнай газеты “Узгорак” Галіна Будная. Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Галіна Будная лічыць, што аднаўленне помніка Купалу ў Горках адбылося толькі дзякуючы шырокаму рэзанансу ў асяродку дэмакратычнай грамадскасці, які атрымала паведамленне пра  знос памятнай пліты пісьменніку, і пазіцыі незалежных СМІ, якія распавялі пра гэту падзею.

“Памятную пліту ў гонар Янкі Купалы ўсталявалі ў добрым месцы, на тэрыторыі Батанічнага саду сельскагаспадарчай акадэміі, — распавядае Галіна Будная. – Да помніка зроблены прыступкі, тэрыторыя навокал добраўпарадкаваная, усё зроблена нармальна. Я сама толькі сёння даведалася аб аднаўленні памятнай пліты і адразу ж наведала гэтае месца. Лічу, што кіраўніцтва БДСГА аднавіла помнік не ў малой ступені таму, што пайшоў шырокі рэзанас у дэмакратычным асяродку, а таксама дзякуючы пазіцыі незалежных СМІ, у тым ліку сайту Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якія распавялі пра знос помніка класіку беларускай літаратуры ў Горках у Год кнігі і ў год 130-гадовага юбілею Янкі Купалы”.

Нагадаем, што памятную пліту прыбралі з месца пастаяннага знаходжання напярэдадні “Дажынак” у Горках без усялякага грамадскага абмеркавання. А першапачаткова яна была ўсталяваная ў 2003 годзе за акадэмічнай бібліятэкай, якую неаднаразова наведваў Янка Купала.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]