Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Еўраклуб

Цікавыя факты пра колер

Цікавыя факты пра колер. Што, адкуль і як, ад партала news.21.by.

  • Бык на карыдзе атакуе чырвоны плашч матадора, які завецца мулета, зусім не таму, што яго ятрыць чырвоны колер — каровы не адрозніваюць колераў. На самай справе бык рэагуе на рух, калі тарэра разгойдвае мулету. А чырвоны колер гістарычна быў абраны з той мэтай, каб кроў быка была менш прыкметная.

 

  • Бартавы самапісец, які ўсталёўваецца на самалётах для запісу інфармацыі аб тэхнічным стане ўсіх прылад, а таксама дзеянняў і гутарак пілотаў, нярэдка завуць “чорнай скрыняй”. Хоць насамрэч гэтая прылада мае форму не скрыні, а шара або цыліндра, ды і колер яе не чорны, а чырвоны або аранжавы, каб было лягчэй знайсці ў выпадку аварыі.

 

  • Шырока вядома паняцце “белы шум” — так кажуць пра сігнал з раўнамернай спектральнай шчыльнасцю на ўсіх частотах і дысперсіяй, роўнай бясконцасці. Прыклад белага шуму — гэта гук вадаспаду. Аднак, акрамя белага, вылучаюць вялікую колькасць іншых каляровых шумоў. Ружовым шумам называюць сігнал, у якога шчыльнасць зваротна прапарцыйная частаце, а ў чырвонага шуму шчыльнасць зваротна прапарцыйная квадрату частаты — на слых яны ўспрымаюцца больш “цёплымі”, чым белы. Таксама існуюць паняцці сіняга, фіялетавага, шэрага шуму і шмат іншых.

 

  • Кароткахвалевыя складнікі сонечнага спектру рассейваюцца ў паветры мацней, чым даўгахвалевыя. Менавіта таму мы бачым неба сінім — бо сіні колер знаходзіцца на кароткахвалевым канцы бачнага спектру. З аналагічнай прычыны падчас захаду або світанку неба на гарызонце афарбоўваецца ў чырвоныя тоны. У гэты час святло ідзе па датычнай да зямной паверхні, і яго шлях у атмасферы значна даўжэйшы, у выніку чаго значная частка сіняга і зялёнага колеру з-за рассейвання пакідае прамое сонечнае святло.

 

  • Многія лічаць, што зебра — гэта белы конь у чорную палоску, бо ў зебраў белыя жываты. Аднак даследаванні зебраў на эмбрыянальнай стадыі паказваюць, што фонавы колер жывёлы — менавіта чорны, таму зебру правільней лічыць чорным канём у белую палоску.

 

  • Раней у Шатландыі мела месца каляровая дыферэнцыяцыя кілтаў. У залежнасці ад свайго сану чалавек меў права насіць кілт з абмежаваным наборам каляровых палос у тканіне. Напрыклад, шасціколерны кілт быў выключным прывілеем караля. Таксама набор колераў у кілце дазваляў меркаваць, адкуль чалавек родам, бо ткачы мелі абмежаваны для кожнай мясцовасці выбар раслін, з якіх можна было атрымаць фарбу.

 

  • Аналагам устойлівага выраза “белая варона” у многіх еўрапейскіх мовах з’яўляецца ідыёма “чорная авечка”. Хоць, калі мы называем белай варонай проста выключнага члена грамадства, то, называючы чалавека чорнай авечкай, еўрапейцы намякаюць яшчэ і на непажаданасць знаходжання такога чалавека ў грамадстве. У гэтым сэнсе ідыёма збліжаецца з іншым рускім выразам — “паршывая авечка”.

 

  •  Фасады гатычных сабораў падчас іх пабудовы ў сярэднявеччы неабавязкова былі такімі ж шэрымі і строгімі, якімі мы бачым іх цяпер. Калі ў 1990-х гадах Ам’енскі сабор у Францыі чысцілі лазерам, было выяўлена, што фасад шмат стагоддзяў таму быў размаляваны ў разнастайныя яркія колеры. Цяпер гэты сабор па святах падсвечваецца тымі ж колерамі, якія выкарыстоўваліся ў ХІІІ стагоддзі.

 

  • У адной з турмаў штата Джорджыя ўся ўнутраная частка мужчынскага аддзялення пафарбаваная ў ружовы колер, а зняволеныя носяць ружовую форму. Як заявіў начальнік турмы, пасля гэтага новаўвядзення ў турме стала значна менш канфліктаў сярод зняволеных. Жаночую частку турмы афарбавалі ў лімонна-зялёны колер, праўда, ці ёсць ад яго такі ж эфект, не паведамляецца.

 

  • У 1668 годзе цар Аляксей Міхайлавіч даручыў галандскаму інжынеру Давіду Бутлеру пабудаваць карабель “Арол”, які паклаў пачатак гісторыі расійскага ваенна-марскога флоту. Па заканчэнні будаўніцтва паўстала пытанне — які сцяг уздымаць на караблі, бо ў Расіі яго тады наогул не было. Цар загадаў спытаць рады ў Бутлера, і той адказаў, што на яго радзіме ўздымаюць трохколерны сцяг з чырвонай, белай і сіняй паласой (ён захаваўся ў Нідэрландах і цяпер). Для расійскага карабля ўзялі гэтыя ж колеры, толькі памянялі парадак палосаў на белую, сінюю і чырвоную. Дарэчы, і сёння ніякага афіцыйнага тлумачэння колераў расійскага сцяга не маецца.

Крыніца: news.21.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *