Грамадства

У Баранавічах распачаты збор подпісаў за бясплатны праезд для школьнікаў

Баранавіцкі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус 6 кастрычніка збіраў на мясцовым рынку подпісы за бясплатны праезд для школьнікаў у грамадскім транспарце на кружкі і факультатывы. Нягледзячы на забарону гарвыканкамам аналагічнага пікету, збор подпісаў прайшоў бесперашкодна. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

– Усе ведаюць, што ў школу дзецям праезд бясплатны, а за праезд школьніка ў аўтобусе, напрыклад, у спартыўную школу ці танцавальны гурток, трэба плаціць. І для сямейнага бюджэту гэта вялікія грошы, лепш бы дзеці булачкі з’елі на іх, – адзначыў Мікалай Чарнавус.

– Вось за бясплатны праезд дзяцей мы і правялі такую акцыю, сабраўшы каля трохсот подпісаў.

Па словах ініцыятара акцыі, гэтыя подпісы будуць дасланыя ў Савет Міністраў, Брэсцкі аблвыканкам і Баранавіцкі гарвыканкам з просьбай аб вырашэнні пытання.

Адначасова са зборам подпісаў Мікалай Чарнавус каля свайго гандлёвага месца зладзіў дабрачынны абед. Мінакі і прадпрымальнікі з задавальненнем частаваліся гарачай пярлоўкай з мясам і грыбамі.

Нагадаем, што грамадскі актывіст планаваў збіраць подпісы на пікеце 7 кастрычніка, але гарадскія ўлады не далі дазволу на пікет. Нягледзячы на гэта, дабрачынны абед і збор подпісаў прайшлі без перашкодаў і затрыманняў. Збор подпісаў, дарэчы, працягваецца.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *