26 верасня на штогадовай нарадзе АБСЕ па правах чалавека, якая праходзіць у Варшаве, Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) прадставіла даведачны дакумент аб смяротнай кары ў рэгіёне АБСЕ за бягучы год, паведамляецца на сайце арганізацыі. Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Сярод падзей, пазначаных у гэтым дакуменце, — ратыфікацыя Латвіяй Пратакола № 13 да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека, якая адмяняе прымяненне смяротнага пакарання ў Латвіі за ўсе злачынствы.

У справаздачы, якая прадстаўлена на Нарадзе АБСЕ па разглядзе выканання абавязацельстваў, прысвечанай чалавечаму вымярэнню, гаворыцца, што тым самым колькасць дзяржаў-удзельніц АБСЕ, цалкам адмяніўшых смяротнае пакаранне, з гэтага часу дасягнула 51 з 56.

У трох дзяржавах-удзельніцах — Казахстане, Расійскай Федэрацыі і Таджыкістане — смяротнае пакаранне захоўваецца па законе, але на прывядзенне прысудаў у выкананне дзейнічаюць мараторыі.

Беларусь і Злучаныя Штаты застаюцца адзінымі краінамі ў рэгіёне АБСЕ, дзе смяротныя прысуды па-ранейшаму прыводзяцца ў выкананне.

У Злучаных Штатах Канэктыкут адмяніў вышэйшую меру пакарання і стаў 18-м штатам, вольным ад смяротнай кары, а губернатар штата Арэгон абвясціў мараторый на прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў да заканчэння тэрміну свайго знаходжання на пасадзе.

Згодна з абавязацельствамі АБСЕ ад дзяржаў-удзельнікаў не патрабуецца адмяніць смяротнае пакаранне. Аднак дзяржавы-ўдзельніцы абавязаліся ўжываць смяротнае пакаранне ў якасці пакарання толькі за самыя цяжкія злачынствы і не насуперак іх міжнародным абавязацельствам, а таксама працягваць разгляд пытання аб магчымай адмове ад прымянення смяротнага пакарання.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]