Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

Новы “крэатыў” ад супрацоўнікаў міліцыі

Даўно ўжо пераслед актывістаў дэмакратычных грамадзкіх арганізацый у выглядзе адміністрацыйных справаў стаўся для праваабаронцаў  “нормай жыцця”: амаль штодзень нехта патрапляе ў суды. Пра праблему расказваюць юрысты ПЦ “Вясна”.

Асабліва непакоіць праваабаронцаў стабільнае пакараньне актывістаў і ўдзельнікаў мірных акцый за “дробнае хуліганства” (арт.17.1 КаАП). Гэтая практыка актыўна пачала выкарыстовацца з 2006 года, калі тысячы людзей за кароткі час арыштоўваліся па сфабрыкаваных пратаколах: іх абвінавачвалі ў “лаянцы” і “спраўленні патрэбаў у грамадскіх месцах”.  Практыка працягнулася да канца 2008 года, спынілася на час “лібэралізацыі” і актывізавалася зноў з пачатку 2011 года. За апошнія паўтары гады больш за 200 актыўных людзей выпрабавалі на сабе “справядлівасць” судовых працэсаў па гэтым артыкуле.

Праблема сфабрыкаваных пратаколаў па артыкуле 17.1. Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях выяўляе шэраг працэсуальных нюансаў у сучаснай судавытворчасці. Але асноўны момант, на які заўжды звярталі ўвагу праваабаронцы і адвакаты ў такіх працэсах – гэта прэзумпцыя даверу судоў супрацоўнікам міліцыі ў іх паказаннях і адсутнасць “пацярпелых” (звычайных грамадзянаў, чый спакой быў парушаны так званым “хуліганствам”).  Безумоўна, усе заўвагі судамі ігнараваліся, апраўдальныя рашэнні былі выключэннямі (усяго 6 у нашай практыцы за апошні год), але нечакана нядаўнія 2 адміністрацыйныя працэсы здзівілі сваёй навацыяй – у дадатак да сведак-міліцыянтаў з’явіліся “сведкі”- беспрацоўныя, якія падцвярджалі факты  лаянкі, пра што варта напісаць падрабязней.

Так, 22 жніўня 2012 г. у Менску быў затрыманы намеснік старшыні “Маладога Фронту” Мікалай Дземідзенка, якога стандартна абвінавацілі ў лаянцы. На наступны дзень у судзе Фрунзенскага р-ну Менску акрамя сведак-супрацоўнікаў міліцыі Жарскага і Ажыгава, падчас працэсу выступаў сведка Рыкаў Барыс Уладзімеравіч, беспрацоўны, 1960 года нараджэння. Апытваў яго ўчастковы інспектар міліцыі Дубоўскі М.М. У пратаколе апытання, як і ў судзе, было адзначана, што гэты грамадзянін чакаў аўтобус дадому і “прыблізна ў гэты час я пачуў, як нейкі хлапец прыблізна 25-ці гадоў стаў выказвацца гучна нецэнзурнай лаянкай на грамадзян, якія стаялі на прыпынку, пасля чаго я пабачыў, што да яго падышлі двое маладых хлапцоў у грамадзянскай вопратцы, якія папрасілі не выказвацца нецэнзурна і весці сябе культурна, на што ён адказаў ім нецэнзурна, а таксама паслаў іх падалей, пры гэтым адпіхваў іх ад сябе. Як надалей я зразумеў, гэта былі супрацоўнікі міліцыі, паколькі яны яму прадставіліся і паказалі пасведчанне, але ў адказ на гэта ён зноў выказаўся нецэнзурна. Да мяне падышоў адзін з міліцыянтаў, які запытаў, ці чуў я нецэнзурную лаянку, на што я адказаў, што так, і пасля гэтага назваў свае дадзеныя. Пасля чаго яны мяне папрасілі прайсці з імі ў міліцыю”. Варта толькі заўважыць, што ў судзе на ўсе дадатковыя пытаньні дадзены сьведка адказваў “не памятаю”.

Аналагічная сітуацыя адбылася і ў судзе Кастрычніцкага раёна Менску 31 жніўня 2012 года падчас судовага працэсу над актывістам сацыяльных сетак Паўлам Еўціхіевым, калі падчас паседжання былі агучаныя паказанні сведкі Барабанава Дзмітрыя Ўладзімеравіча, 1982 года нараджэння, знаходзіўся ўжо ў пакоі Кастрычніцкага РУУСа, куды зайшоў Павал і “пачаў на ўсіх лаяцца”. Пры гэтым не зразумела, у якім статусе дадзены “сведка” знаходзіўся ў пакоі супрацоўнікаў міліцыі і чаму яго не апыталі ў судовым паседжанні.

Аб’ектыўна, пры факце здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, звязанага з парушэннем грамадскага парадку, звычайная мусяць быць сведкі-грамадзяне акрамя супрацоўнікаў міліцыі (бо калі абражаюць толькі іх – гэта іншы склад адміністратыўнага правапарушэння, хаця і з такімі ж санкцыямі). З’яўленне “звычайных” сведкаў у такіх працэсах можна будзе адзначыць як станоўчую і справядлівую з’яву. Аднак, звяртаем увагу, што складанне сфабрыкаваных пратаколаў з боку супрацоўнікаў міліцыі можа пацягнуць для іх і крымінальную адказнасць, а для такіх сведкаў-грамадзянаў кшталту Рыкава Б.У. і Барабанава Дз.Ў., акрамя адміністратыўнай адказнасці за хлуслівыя паказанні,– саўдзел у крымінальным злачынстве.

Патрэбна дадаць, што праваабаронцы зусім нядаўна звярталіся ў Генеральную пракуратуру і да старшыні Вярхоўнага Суда са зваротам аб праблеме прэвентыўных затрыманняў грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў моладзевых апазіцыйных груп, а таксама з прыцягненнем іх да адміністрацыйнай адказнасці. Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый прасілі аб  сустрэчы з мэтай абмеркавання сітуацыі з незаконнымі прэвентыўнымі затрыманнямі грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў моладзевых апазіцыйных груп, спынення гэтай незаконай практыкі і прыцягнення вінаватых да адказнасці.  Аднак Генеральная пракуратура ўхілілася ад прапановы праваабаронцаў, паколькі не бачыць у гэтым аніякай праблемы.

Крыніца: spring96.org

Фота: gazetaby.com

Фота: gazetaby.com

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *