Музычны фестываль Захід-2012 гэта адна з найбуйнейшых культурных падзей Украіны. З 2009 году ладзіцца гэты фэст на Львоўшчыне. Сваiмi ўражаннямi дзелiцца сябра Дзедзiча.

Як і ў мінулым годзе, Захід 2012 адбыўся ў некалі дзіцячым лагеры Сонечная Галявіна, што ў Радацічах, недалёка ад Львову з 17 па 19 жніўня.

Менавіта для беларусаў самымі цікавымі былі запланаваныя выступы Крамбамбулі і Ляпіса Трубецкога, некаторыя нават прыехалі толькі на адзін дзень, каб убачыць яскравы начны перфоманс ад легендарнага гурту. Увогуле — больш за 50 гуртоў на 3 сцэнах, а таксама літаратура, тэатр, майстар-класы.

Варыянтаў для падарожжа было шмат: і камфартабельны аўтобус з Менску за 80 даляраў, і звычайны з Берасця за 20, і нават “электрычка-тур” для самых эканомных, якім наша группа і паехала. Дабрацца з Берасця да Львова на электрычках заняло 12 гадзін і каштавала прыкладна 25 тысяч рублеў — сапраўды па-студэнцку не дорага.

І вось, калі ўжо сцямнела, ахоўнік фэсту правёў нас на поле для наметаў ля Радаціч. Скрозь начны туман і дым ад вогнішчаў, апроч яркіх кропак (якія былі на самой справе вогнішчамі, каля якіх грэліся ўначы, гутарылі і спявалі песні ўжо прыблізна 3-4 тысячы чалавек) было бачна кавалак дарогі, якая далей танула ў цемры, а часам яшчэ і святло фар аўтамабіляў, якія павольна прывозілі ўсе новых і новых людзей. Дарэчы, да 17 жніўня па інтэрнеце і тэлэфоне было ўжо замоўлена прыблізна 12 000 квіткоў. У цемры ўперамешку з туманам святло ад фар і вогнішчаў, галасы і спевы з усіх бакоў – усё гэта было падобна на стаянку старажытнага войска, якое хутка збіраецца выйсці ў паход. А падмацаванне ўсе прыбывала.

Калi прачнуўся зранку, першае, што кінулася мне ў вочы, гэта тое як шмат з’явілася вакол новых намётаў: трэба было хутка займаць тэррыторыю для сяброў з Беларусі, якія прыедуць пазней. Ледзяны душ ці купанне ў возеры, пошук дроваў, снеданне, знаёмства з суседзямі, песні пад гітару – ўсе прайшло вельмі хутка і людзі з беларускімі сцягамі пачалі ўсе часцей і часцей сустракацца каля галоўнай сцены, ўсе часцей было чуць спевы “Калі раптам адчуеш…” ды наўогул усiм было зразумела – беларусы прыйшлі падтрымаць сваіх. Выступ Крамбамбулі як заўжды эмацыянальны і яркі – спачатку шмат украінцаў не ведала, адкуль гэтыя беларусы і хто яны, але на прыканцы пад тыя самыя “Тры чарапахі” скакалі ўжо ўсе, і разам крычалі “Крамбамбуля, яшчэ!”

Лявон Вольскі выступам і публікай застаўся задаволенны, атмасфера фестываля ўспрыяла на настрой музыкаў. Былі прапановы прыехаць ў Берасце, але, як сказаў Алег Гарус, гітарыст Крамбамбулі:

— Планавалі з Лявонам  акустычны канцэрт у Берасці, але ўсе нажаль нам зноў адмянілі…

Падчас размовы рэч зайшла і пра будучыя парламентскія выбары, якія Лявон Вольскі пракаментаваў коратка:

Я ў гэтым не удзельнічаю ўзагаллі. Я ўжо ў мінулых выбарах паўдзельнічаў, хопіць.

Падчас самаго выступу Лявон быў сапраўды здзіўленны, калі ў песні “Турысты” апошні радок за яго прапела публіка.

— Як добра ведаем словы і як шмат беларусаў, прыемна ўражаны.

Дарэчы “Тры чарапахі” было спета на гэтым фесце надта шмат разоў: гэтыя словы данасіліся ўначы і з наметаў, і ад вогнішчаў. А колькі іншых цудоўных спеваў было чуць у Радацічах у гэтыя дні…

Другі дзень сустракаў яскравым сонейкам ды ўсмешкамі задаволенных людзей. Адкрыліся невялічкія крамы ў якіх можна было набыць розныя hand-made рэчы: торбы, завушнiцы, пярсценкі. Наметы беларусаў былі раскіданы па ўсёй паляне, а жаданне пазнаёміцца с землякамі было вельмі моцнае. Па дарозе — сустрэчы з украінцамі, гутаркі ля вогнішча, песні па чарзе – адна беларуская, адна украінская… І на звычайнае “Прывітанне” да незнаёмых людзей чуеш ў адказ заўжды пазітыў і жаданне пачаставаць братоў-беларусаў.

Атмасфера цуду ў паветры, таму што ўвечары ўсе чакаюць Ляпіса Трубецкога. Музыка з машын, ад спевакоў з гітарамі ля кастроў, нават з мабільнікаў, і ўсе адзін гурт і адзін голас. Выступ быў запланаваны на 00-30 і было бачна, што Сяргей Міхалок вельмі засяроджаны, бачна, што ён у вельмі добрай фізiчнай форме, чакае ў машыне для музыкаў і не размаўляе з журналістамі, не дае аўтографаў, не фатаграфуецца, але на вуліцы можна пагутарыць з спакойнымі і ветлівымі удзельнікамі калектыву. З фургона Міхалок адразу накіроўваецца да сцэны, канцэнтруецца, і вось ён ужо ля мікрафона. “К вам приехал Трубецкой” – першая песня як прывітанне, а пасля яго вершы паміж песнямі “Не быць скотам”, “Грай”… Натоўп скача і нібыта дыхае разам з Ляпісам, пад некаторыя песні радасна і лёгка, але пад большасць жорстка ды моцна. Пад самай сцэнай, у арэне для фатографаў, мала месца: большасць не фатографы, а журналісты, арганізатары ды ўдзельнікі гуртоў — можна убачыць Роллікс, Юркеш, RockyLeon.

Але адна справа слухаць запіс, другая бачыць твар чалавека, ў якога сапраўды баліць сэрца за тое, аб чым ён пяе. Тут няма ўсмешак ці жартаў – праз выступ бачны боль у вачах Сяргея, боль за сучасны мір, Радзіму, жыццёвыя каштоўнасці некаторых людей. Часам гэты боль змяняецца на гнеў і чуць амаль што баявы заклік да ўсіх. На гэтым фоне нават “Залатая антылопа”, якая была выканана на біс, успрымалась як сатыра над сабою. Бліскучы, сапраўды бліскучы выступ. Пасля гэтага адразу да машыны. Ля яе спакойна паліць сола-гітарыст, але ўсе чакаюць Міхалка.

Цераз 10 хвілін гурт Ляпіс Трубецкой ад’ехаў з фестывалю Захід-2012, без каментароў, аўтографаў і інтэрв’ю– ўсе што было патрэбна было сказана са сцэны.

Нажаль сёння мы не можам пачуць некаторых музыкаў на Радзіме. Але калі захацець – магчыма. Пытанне толькі ў прыярытэтах.

Добрай дарогі дадому ўсім беларусам і жыццёвых прыярытэтаў, за якія потым не прыйдзецца шкадаваць.

Дзякуй за фотаздымкі Зміцеру Шчарбіне і парталу bokeh.com.ua

19 жніўня, Львоў.

Raman Gatekeeper

[supsystic-social-sharing id="1"]