20 жніўня на офісе партыі БНФ у Берасці адбылася сустрэча з вядомым беларускім эканамістам Сяргеем Чалым і намеснікам старшыні Руху «За Свабоду» Юрыем Губарэвічам.

Падчас сустрэчы эканаміст распавёў аб асаблівасцях крызісу 2011 году, растлумачыў сваё бачанне сённяшняй сітуацыі і эканамічныя перспектывы Беларусі. Адна з тэзаў Сяргея Чалага – што зараз Беларусь знаходзіцца ва ўнікальным становішчы. І пры абранні еўрапейскага вектару развіцця перад Беларуссю адкрываюцца новыя перспектывы. Эканаміст кажа, што пакуль гэтаму перашкаджае воля вышэйшага кіраўніцтва.

Таксама, падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя “Народнай праграмы”, якая пры падтрымцы руху “За Свабоду” стваралася 40 экспертамі, палітолагамі, эканамістамі Беларусі пры ўдзеле шырокай грамадскасці. Асаблівасці “Народнай праграмы” у тым, што любы чалавек можа ўнесці ў яе свае прапановы і заўвагі праз сайт prahrama.by.

Я расказаў намеснік старшыні руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч, праграма ўключае прапановы па рэфармаванні грамадскай, палітычнай і эканамічнай сістэмы Беларусі. Сёння, паводле спадара Губарэвіча, гэтай праграмай будуць карыстацца многія дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты парламенту. Юрый Губарэвіч кажа, што ўжо ёсць дамоўленасць з больш чым 50 будучымі кандыдатамі ў дэпутаты аб тым, што яны будуць карыстацца “Народнай праграмай”.

Эканаміст Сяргей Чалы таксама ўдзельнічаў у стварэнні “Народнай праграмы”. Ён лічыць, што калі зараз не прымаць захады па рэфармаванні эканомікі, то Беларусі пагражае страта кваліфікаванай рабочай сілы:

«Захаванне сітуацыі, калі назіраецца істотная розніца ў даходах, можа цягам 3–4 гадоў прывесці Беларусь да беззваротнай страты кваліфікаванай рабочай сілы. Мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі нават пры наяўнасці палітычнай волі і нейкіх інстытуцыйных пераўтварэнняў проста не будзе каму забяспечваць эканамічны рост. Такая класічная эканамічная пастка. Фактычна, гаворка ідзе пра тое, што цяпер трэба паказаць ініцыятыву, якая можа паказаць, якім жа шляхам можа быць дасягнуты гэты эканамічны прарыў. У адваротным выпадку нас чакаюць застой і кансервацыя эканамічнай адсталасці».

У выніку крызісу 2011 году вялікая колькасць беларусаў з’ехалі за мяжу. Сяргей Чалы падчас сустрэчы прывёў афіцыйныя дадзеныя расейскай статыстыкі, згодна якой у Расеі працуюць 800 тысяч беларусаў. Некаторыя ж аналітыкі даводзяць гэтую лічбу і да 1 мільёна 200 тысяч чалавек. Эканаміст папярэджвае, што пры захаванні цяперашняй сітуацыі ў краіне, гэтыя людзі “пачнуць адчуваць сябе рэзідэнтамі Расейскай Федэрацыі” і проста не захочуць вяртацца.

Сяргей Чалы дадаў, што ў “Народнай праграме” ўтрымліваецца алгарытм вываду краіны з крызісу.
Свае прапановы ў “Народную праграму” можна дасылаць і зараз на сайт prahrama.by.
На сустрэчы з эканамістам Сяргеем Чалым і намеснікам старшыні руху “За Свабоду” Юрыем Губарэвічам прысутнічалі некалькі дзесяткаў чалавек, сярод якіх былі і асобы, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты, сябры іх ініцыятыўных групаў і проста зацікаўленыя берасцейцы.

[supsystic-social-sharing id="1"]