11 жніўня па ініцыятыве АРР “Дзедзіч” адбылася акцыя па ачыстцы набярэжнай ракі Мухавец. У ёй прыняло ўдзел 10 неабыякавых маладых людзей, кожны з якіх сабраў па 2 вялізных мяхі са смеццем. Складзеныя разам пакеты і сапраўды ўражвалі сваім маштабам.

— Я ніколі ў сваім жыцці не бачыла столькі смецця!, — прызнаецца адна з удзельніц акцыі Ганна Гурына, — а Беларусь тым часам стараецца ствараць імідж самай чыстай краіны ў свеце. Усё напаказ. Прыбіраюць 2 метры гарадскога пляжу, а побач з кустамі — ўжо і не трэба, бо ж не так бачна. Вось гэта па-нашаму!.

Некаторыя з удзельнікаў пыталіся, чаму ж на берагі Мухаўца берасцейцы не прыходзяць у пошуках пустых бутэлек: іх там сотні! Акрамя таго, здзівіла вялізная колькасць пакетаў. Атрымліваецца, аматары адпачынку прыходзяць на прыроду з пакетамі і маглі б скласці туды пакінутае пасля сябе смецце.
Аднак па назіраннях кіраўніка «Дзедзіча» Зміцера Шыманскага, культура людзей за апошні дзесятак год усё ж-такі павысілася — раней даводзілася плаваць на катамаранах і вывужваць пластыкавыя бутэлькі проста побач з прычалам цеплахода «Гродна», што месціцца ў самым цэнтры горада.
Хацелася б верыць, што яшчэ праз 10 год берасцейцы наогул не будуць бачыць смецця на берагах любімай рэчкі, ну, а калі яны яшчэ будуць размяжоўваць пластык і шкло па асобных кантэйнерах, то можна будзе казаць пра выхад беларускага грамадства на еўрапейскі ўзровень шанавання каштоўнасцяў роднай зямлі.

[supsystic-social-sharing id="1"]