11 беларускіх універсітэтаў стануць удзельнікамі сямі праграм абменаў з універсітэтамі іншых краін-сябраў ЕЗ і краін, што не уваходзяць у ЕЗ.

Больш чым у пяць разоў павялічылася колькасць беларускіх ВНУ, што возьмуць у наступным годзе ўдзел у еўрапейскай праграме студэнцкага абмену Erasmus Mundus. Студэнты, магістранты, аспіранты і выкладчыкі гэтых універсітэтаў атрымаюць магчымасць пазмагацца за некалькі дзесяткаў стыпендый на навучанне ў ВНУ Еўразвязу.

Выканаўчая агенцыя па адукацыі, культуры і аўдыёвізуальных сродках, якой Еўрапейская Камісія даручыла кіраванне праграмай «Эразмус Мундус», абвясціла вынікі сёлетняга адбору ўніверсітэтаў. Як паведамляе прэс-служба Прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі, 11 беларускіх універсітэтаў стануць удзельнікамі сямі праграм абменаў з універсітэтамі іншых краін-сябраў ЕЗ і краін, што не уваходзяць у ЕЗ.

Гэта студэнты, магістранты, аспіранты і выкладчыкі БДУ, БНТУ, БДТУ, БДПУ, ГрДУ, БрДУ, Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэту, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Іх навучанне ў ЕЗ можа цягнуцца каля году.

Беларусы змогуць адправіцца ў сем ВНУ ЕЗ, што знаходзяцца ў Польшчы, Партугаліі, Фінляндыі, Францыі, Нямеччыне, Італіі і Румыніі.

Удзельнічаць у Erasmus Mundus могуць студэнты-бакалаўры з ВНУ, што з’яўляюцца афіцыйнымі партнёрамі праграмы, а таксама іншыя студэнты з Беларусі у тым выпадку, калі яны атрымліваюць ступень магістра. Таксама ёсць некалькі стыпендый для студэнтаў, якія падвергліся дыскрымінацыі.

У папярэднія гады студэнты толькі двух беларускіх універсітэтаў — БДУ і Гарадзенскага дзяржаўнага — маглі браць удзел у конкурсе стыпендый для бакалаўраў. У мінулым годзе на ўсю Беларусі: бакалаўраў, магістрантаў і аспірантаў — было вылучана толькі 65 стыпендый. Гэта нішто ў маштабе еўрапейскага акадэмічнага абмену — 400 тысяч чалавек штогод едуць на навучанне ва ўніверсітэты іншых краін Еўропы.

Па словах каардынатара іншай еўрапейскай адукацыйнай праграмы Tempus ў Беларусі Мікалая Лістапада, фармат удзелу Беларусі ў праектах студэнцкіх абменаў з ЕЗ шмат у чым залежыць ад палітычных пытанняў. Таму пакуль беларускія ўлады не будуць згодныя на дыялог, беларускія студэнты не атрымаюць магчымасць адправіцца на навучанне ў ЕЗ.

Зрэшты, колькасць стыпендый для беларусаў, нягледзячы на пастаянныя заявы еўрапейскіх чыноўнікаў аб падтрымцы беларускіх студэнтаў, застаецца мізэрнай. На наступныя тры-чатыры гады скарыстацца Erasmus Mundus змогуць толькі 200 беларускіх студэнтаў і даследчыкаў.

Пасля таго, як Міністэрства адукацыі Беларусі атрымала адмову на яе заяўку на далучэнне да Балонскай прасторы, было абвешчана аб спробе стварыць супольныя праграмы студэнцкага абмену з краінамі Еўразійскай эканамічнай супольнасці. У гэта ўтварэнне ўваходзяць таксама Расея, Казахстан, Кыргыстан і Таджыкістан. «Клянаваць» Эразмус па-азіяцку могуць ужо ў гэтым годзе.

Паводле generation.by

Erasmus Mundus

[supsystic-social-sharing id="1"]