Час ідзе хутка. Вось ужо і другі дзень летіка ў Залессі, арганізаваным АРР «Дзедзіч», скончыўся. Прапаноўваем Вам уражанні нашага валанёра атрыманныя ў аўторак. 

Раніцай другога дня мы адчувалі сябе гуркамі ў парніку, бо спалі ў намёце, у якім ўжо а палове дзявятага горача прыпякае сонейка. Мы, гурочкі-валанцёры, за ноч набраліся моцы для працы і павылазілі з намётаў пад кліч: “Снедаць!”. Пасля смачнай ежы палова хлопцаў пайшла грукацець пад дах, а другая – ламаць пол ды комін. А для дзяўчат, сябрам на некалькі гадзін стаў шпатэль, якім яны чысцілі сцены ад фарбы ў пакоях.

Пасля працы ўсе сабраліся за сталом, бо»хто працуе, той і есць”. Ды й трэба было падмацавацца для далейшай экскурсіі ў суседнюю вёску Воўчын. Дарога вяла праз лес ды палі, нам усміхалася сонейка. У хуткім часе мы апынуліся каля шыльдачкі “Воўчын”. Сядзелі пад дрэвамі каля касцелу і зацікаўлена слухалі  расповед пра яго гісторыю і сучасную рэстаўрацыю. Пад прыемнымі ўражаннямі вяртанне ў Залессе было хуткім. Акрамя таго страўнік ўжо патрабаваў ежы! У лагеры нас чакала смачная вячэра, а пасля нам былі прапанаваны актыўныя гульні. Песнямі каля вогнішча скончыўся наш насычаны дзень…

[supsystic-social-sharing id="1"]