Пасля таго, як глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч колькі разоў заявіў пра сваё жаданне балатавацца ў парламент, на фірму, дзе ён з’яўляецца заснавальнікам, прыйшла з пазапланавай праверкай падатковая інспекцыя.

Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

Праверка падаткавікоў мусіла праходзіць не раней як у верасні – калі фірме «Прэфект-інфо» споўнілася б тры гады. Але яны з’явіліся зараз, ды яшчэ падаслалі падстаўных асобаў – каб «злавіць» на нейкіх фінансавых парушэннях, кажа Яраслаў Берніковіч.

Пра тое, што падатковая інспекцыя актывізавалася невыпадкова, яму распавялі самі супрацоўнікі.

«У прыватных размовах падаткавікі прызнаваліся, што маюць загад з Мінску. Больш таго: у Глыбокае прыязжалі супрацоўнікі мінскага КДБ, размаўлялі тут з рознымі структурамі. Не магу выключаць, што менавіта па гэтай прычыне пачалі адмаўляцца ад супрацоўніцтва нашы сталыя кліенты-рэкламадаўцы», — гаворыць спадар Берніковіч.

Страта кліентаў і рэкламы немінуча адаб’ецца на фінансавым становішчы рэгіянальнай газеты  «Прэфект-інфо», якую выпускае фірма Яраслава Берніковіча. Але ён кажа, што ад свайго намеру балатавацца не адмовіцца.

Спадар Берніковіч – актывіст Партыі БНФ, руху «За Свабоду» і кампаніі «Гавары праўду». У парламент ён збіраецца балатавацца ўжо трэці  раз, апрача гэтага, ён удзельнічаў і выбарах у мясцовыя Саветы, а таксама кіраваў рэгіянальнымі штабамі Сямёна Домаша,  Аляксандра Мілінкевіча і Уладзіміра Някляева падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]