Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Адукацыя

Ад страху абітурыентка з’ела шпаргалку

Сапраўды кур’ёзны выпадак адбыўся на ЦТ – з перапуду дзяўчына з’ела шпаргалку, што, аднак, ёй ўсё роўна не дапамагло. Іншыя абітурыенты таксама не адстаюць: робяць памылкі ва ўласных імёнах, а сваё цела ператвараюць у «жывую энцыклапедыю».

На сёлетнім ЦТ адбыўся кур’ёзны выпадак: дзяўчына на патрабаванне членаў экзаменацыйнай камісіі аддаць ім шпаргалку з’ела яе.

«Шпора была публічна зафіксаваная, і з тэставання абітурыентку выдалілі», — паведамляе Interfax.by са спасылкай на адказную сакратарку Дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у ВНУ і ССНУ Ірыну Буцьку.

Паводле словаў арганізатараў ЦТ, тэставанне сёлета праходзіць адносна спакойна:

«У 2012 годзе тых, хто прыходзіць на тэставанне ў стане алкагольнага ап’янення, няма. Хлопцы і дзяўчаты не ідуць на ЦТ, як на пляж, у шортах і сланцах. Абітурыенты 2012 больш сур’ёзныя. Гэта відаць нават па іх поглядах», — кажа Буцька.

Праўда, часам недарэчнасці могуць здарыцца ў самых нечаканых сітуацыях. Гэтак, некаторыя абітурыенты робяць памылкі ва ўласных імёнах, піша «Звязда». Слова «Надежда» пішуць як«На-дежа», у імені па бацьку «Віктаравіч» ці імені «Дзяніс» дапускаюць ажно тры памылкі.

Іншая абітурыентка ў межах падрыхтоўкі да ЦТ па гісторыі распісала ўсё цела гістарычнымі датамі. А ў 2010 годзе ў філіяле БДЭУ на тэставанні па ангельскай мове арганізатары высветлілі, што за абітурыентку здае іспыт… студэнтка другога курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту. Цікава, што адна з дзяўчат была бландынкай, а другая — брунеткай.

Цягам тэсціравання па беларускай мове, расейскай мове, біялогіі, матэматыцы, грамадазнаўстве і хіміі за парушэнні з аўдыторыяў былі выдаленыя ўжо 35 чалавек (у большасці выпадкаў з-за наяўнасці і выкарыстання мабільных тэлефонаў). І колькасць гэта будзе расці: яшчэ не ўсе тэсты скончаныя.

Крыніца: generation.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *