Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Адукацыя

Хочаш ва ўніверсітэт – адпрацуй размеркаванне

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Міністэрства адукацыі хоча абавязаць выпускнікоў каледжаў спачатку адпрацаваць два гады па спецыяльнасці, а толькі пасля дазволіць паступаць у ВНУ.

З такой ініцыятывай выступіў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Цяпер мэтазгоднасць ягонай прапановы будуць вызначаць эканамічна.

Старшыня Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч адзначае: “Перш чым зрабіць нормай двухгадовую адпрацоўку перад паступленнем у ВНУ  трэба прааналізаваць, што гэта дасць краіне і маладым людзям, ці будзе эканамічна выгадна. Калі ў краіне не хапае кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, то гэтая ідэя можа быць падтрымана, калі ж кадраў дастаткова і рабіць акцэнт на тым, каб людзі, занятыя на першасных кіруючых пасадах, мелі вышэйшую адукацыю, то не варта перашкаджаць іх паступленню”.

Дэпутат выказаў асцярогу, што абавязковая адпрацоўка выпускнікоў ССНУ без права атрымання ў гэты час вышэйшай адукацыі можа прывесці да таго, што маладыя людзі будуць адмаўляцца паступаць у каледжы, адразу плануючы вучобу ў ВНУ. “Лічу, што трэба пакінуць для выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў права атрымліваць вышэйшую адукацыю завочна, адначасова працуючы па спецыяльнасці”.

Сёлета сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымліваюць 167 тысяч чалавек, з іх 58% навучалася за кошт сродкаў бюджэту. За апошнія пяць гадоў павялічыўся адсотак размеркавання выпускнікоў ССНУ – з 86% да 94%. Размеркаванне выпускнікоў устаноў, падпарадкаваных Міністэрству аховы здароўя, Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрству спорту і турызму, Кіраўніцтву Беларускай чыгункі, складае 100%.

Прымусовае размеркаванне выпускнікоў з’яўляецца парушэннем правоў чалавека. У матэрыялах беларускіх НДА, падрыхтаваных для Універсальнага перыядычнага агляду па Беларусі ў Савеце па правах чалавека ААН (2010) адзначаецца, што “размеркаванне маладых спецыялістаў у Беларусі выкарыстоўваецца як метад мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця краіны і асобных рэгіёнаў без захавання прынцыпу добраахвотнасці найму. Наймальнікам забаронена звальняць маладых спецыялістаў да заканчэння абавязковага тэрміну працы, за выключэннем звальнення за правіны маладога спецыяліста. У якасці пакарання для маладога спецыяліста выступае патрабаванне аб кампенсацыі сродкаў, затрачаных на яго навучанне”.

Варта адзначыць, што ва ўсім свеце толькі Беларусь займаецца прымусовым размеркаваннем студэнтаў. Іншыя краіны ствараюць умовы, каб туды самі ехалі маладыя спецыялісты.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *