Калі пачалася Беларусь? У часы Полацкага княства або ВКЛ? Дзе вытокі нашай дзяржаўнасці: у БНР ці ў БССР? Кампанія “Будзьма беларусамі!” і лабараторыя сацыялагічных даследаванняў “” правялі сацыялагічнае .

Варта адзначыць, што гэтае апытанне складалася з двух частак. Першая была прысвечана пытанням мовы, пра яго мы ўжо пісалі раней. Праходзіла апытанне ў сакавіку гэтага года, а вынікі яго не могуць не здзіўляць.

Адказ на гэтае пытанне кожны беларус мусіць даваць не задумваючыся. Аднак амаль 15% рэспандэнтаў (14,6%) не могуць адказаць на гэтае пытанне ўвогуле.

Што да тых, хто ўсё-ткі вызначыўся, дык смела можна сцвярджаць: беларусы лічаць, што беларуская дзяржава мае карані ў Сярэднявеччы. 25% мяркуюць, што Полацкае і Тураўскае княствы былі першымі беларускімі дзяржавамі, а 44,8% апытаных мяркуе, што першая беларуская дзяржава – ВКЛ, прычым так лічаць і маладыя людзі, якім гэта выкладаецца ў школе, і прадстаўнікі сталага пакалення.

Ёсць і такія, што думаюць, што беларусы займелі сваю дзяржаву толькі ў XX стагоддзі. На баку БССР – 18,2% супраць 9,9% на баку БНР, як крыніцы беларускай дзяржаўнасці. Такім чынам адрыў “савецкасці” ад “нацыянал-дэмакратчынасці” ў поглядах на вытокі нашай дзяржавы зусім нязначны, усяго 8%.

Але нягледзячы на тое, што, на думку рэспандэнтаў, вытокі Беларусі – у Сярэднявеччы, апытаныя не лічаць лагічным вынікам гэтага факту тое, што ў такім разе дзяржаўнымі сімваламі нашай краіны мусяць стаць бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Наадварот 67,5% рэспандэнтаў лічаць сваімі сімваламі дзейныя дзяржаўныя герб і сцяг. Бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню” лічаць сваім сімвалам толькі 9,7% апытаных!

Гістарычная памяць народа – гэта не толькі веданне вытокаў дзяржаўнасці, але і гістарычных постацяў, аб’ектаў нацыянальнага гонару. Адно з пытанняў гучала так: “Калі беларускі гістарычны дзеяч, дык гэта…” Людзям прапаноўвалася самім называць гістарычных асобаў: Францыск Скарына (20,6%), Пётр Машэраў (9,9%), Кастусь Каліноўскі (8,4%), Ефрасіння Полацкая (4,5%), Аляксандр Лукашэнка (2,2%), Тадэвуш Касцюшка (2,2%), Леў Сапега (1,6%), Вітаўт (1,0%). Астатнія постаці набралі меней за 1% “прыхільнікаў”. Не змаглі даць адказу на гэтае пытанне 40,5% рэспандэнтаў.

Аднак гэта не сведчыць пра дрэнную інфармаванасць беларусаў. Параўнаем гэтыя вынікі з вынікамі закрытага апытання, калі людзям прапаноўвалі варыянты адказаў. Францыска Скарыну ведаюць 95,7% апытаных, Ефрасінню Полацкую – 92,9%, Кастуся Каліноўскага – 76,2%, Тадэвуша Касцюшку – 70,2%, Веру Харужую – 63,5%, Вітаўта – 47,1%, Льва Сапегу – 46,9%, Усяслава Чарадзея – 38,2%, Алену Мазанік – 23,1%, Змітра Жылуновіча – 15,5%.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што беларусы ведаюць гістарычных асобаў, але гэтыя асобы недастаткова раскручаныя ў грамадстве для ўяўлення пра іх як пра нацыянальных герояў. Пра гэта ж сведчаць і адказы на пытанне “Каму варта паставіць помнік у вашым горадзе”: амаль 72% мінчукоў і 83,3% немінчукоў не ведаюць, што адказаць на гэтае пытанне. У Мінску Машэраў выйграе ў Скарыны (7,5% супраць 3,0%), не ў Мінску Скарына выйграе ў воінаў Другой сусветнай (1,6% супраць 1,1%) і ў Якуба Коласа (0,8%). Таксама ў Мінску 2,3% беларусаў паставілі б помнік Каліноўскаму, 1,7% – Лукашэнку, 1,2% – Васілю Быкаву.

Пры гэтым на пытанне “Пра якую постаць з беларускай гісторыі вам было б цікава даведацца больш?” самым папулярным стаў адказ “такіх няма”, які далі 4,7% апытаных, за ім ішоў адказ “Ефрасіння Полацкая”, пра якую хацелі б даведацца больш усяго 3,3% беларусаў.

Такім чынам, можна зрабіць адназначную выснову, што пры дастаткова добрай інфармаванасці пра гістарычныя постаці беларусы не ведаюць, хто з іх варты помніка. Мы назіраем пэўны крызіс “пантэону герояў”: прыклады савецкай эпохі адышлі ў мінулае, а героі, што былі б узорам для сучасных беларусаў, не з’явіліся.

Адказы беларусаў выразна дэманструюць крызіс не столькі нацыянальнай ідэнтычнасці, якая дзякуючы незалежнасці ўсё ж фармуецца, а крызіс дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” перакананая, што менавіта слынная гісторыя беларускага народа, у якой бачыць вытокі беларускай дзяржавы большасць нашых суграмадзянаў, мусіць стаць крыніцаю для фармавання “пантэону беларускіх герояў”. Пазітыўныя прыклады іх жыцця, папулярызацыя актыўнай грамадзянскай пазіцыі, якой прытрымліваліся найлепшыя з нашых папярэднікаў, дапамогуць у выпрацоўцы беларускай нацыянальнай ідэі, будуць выдатным падмуркам для пабудовы дзяржаўнай ідэалогіі. Вынікі даследавання выразна сведчаць, што менавіта на папулярызацыі ўласных герояў, што працавалі на карысць сённяшняй Беларусі, мусяць сканцэнтравацца высілкі, як дзяржаўных установаў, так і грамадзянскай супольнасці.

[supsystic-social-sharing id="1"]