У сямі гарадах Берасцейскай вобласці – Берасці, Кобрыне, Пінску, Баранавічах, Івацэвічах, Ганцавічах і Белаазёрску прайшлі акцыі ў падтрымку Сяргея Каваленкі, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Актывістамі руху “За свабоду” і аргкамітэту па стварэнні партыі БХД былі раздадзены бел-чырвона-белыя стужкі кіроўцам аўтамабіляў, як напамін людзям аб замененых на ганебным рэферэндуме 1995 года дзяржаўных нацыянальных сімвалах: бел-чырвона-белым сцягу і гербе “Пагоня”. Акцыя была таксама накіраваная на падтрымку палітвязня Сяргея Каваленка, які пакутуе ў турме за вывешванне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга на елцы на галоўнай плошчы Віцебска.
Па словах каардынатара руху “За свабоду”па Берасцейскай вобласці Зміцера Траццяка, людзі не адмаўляліся ад стужак, бралі і вешалі на аўтамабілі.
Акцыя прайшла спакойна, без інцыдэнтаў і затрыманняў.
Крыніца: spring96.org