АРР «Дзедзіч» агучыла вынікі галасавання за рэйтынг ТОП-100 беларускай прозы, якое адбывалася на сайце «Дзедзіча» з 9 красавіка. Бясспрэчным пераможцам рэйтынгавага галасавання стаў раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Удзел у апытанні ўзялі 1334 чалавекі. Лідэрам па колькасці галасоў і па колькасці твораў, што ўвайшлі ў першую дзесятку, стаў Уладзімір Караткевіч. На трэцім месцы апынуўся эпічны твор Івана Мележа «Людзі на балоце», а пачэснае чацвёртае з адставаннем усяго ў 5 галасоў заняла п’еса Янкі Купалы «Тутэйшыя».

Вось як выглядае першая дзесятка лепшых твораў беларускай прозы:

  1. Караткевiч Уладзiмiр «Каласы пад сярпом тваім» (543 галасы)
  2. Караткевiч Уладзiмiр «Дзiкае паляванне караля Стаха» (481 голас)
  3. Мележ Іван «Людзі на балоце» (342 галасы)
  4. Купала Янка «Тутэйшыя» (337 галасоў)
  5. Баршчэўскі Ян «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (299 галасоў)
  6. Караткевiч Уладзiмiр «Чорны замак Альшанскi» (292 галасы)
  7. Колас Якуб «На ростанях» (287 галасоў)
  8. Быкаў Васіль «Знак бяды» (281 голас)
  9. Караткевiч Уладзiмiр «Хрыстос прызямліўся ў Гароднi» (231 голас)
  10. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт “Пінская шляхта” (219 галасоў)

З поўным спісам ТОП-100 беларускай прозы можна пазнаёміцца тут.

Ацэньваючы вынікі галасавання кіраўнік «Дзедзіча» Дзмітрый Шыманскі падкрэсліў, што рэйтынг носіць выключны ўмоўны характар і накіраваны на тое, каб заахвоціць моладзь да чытання беларускай літаратуры:

— У кожнага чалавека ёсць свой ТОП беларускай літаратуры. Ніякімі рэйтынгамі нельга дамагчыся аб’ектыўнай ацэнкі якасці таго ці іншага твора, бо яе проста не існуе. Ёсць толькі суб’ектыўнае ўспрыманне чытача. Але прыемна, што ўдзел у галасаванні ўзяло столькі людзей. Гэта сведчыць пра вялікую цікавасць да беларускай літаратуры.

Зразумела, што большасць твораў з першай дзесяткі — са школьнай праграмы. Гэта яскрава дэманструе, які вялізны ўплыў школа аказвае на светаўспрыманне моладзі. На маю думку, наспела неабходнасць пашырэння школьнай праграмы — уключэнне ў яе сучасных пісьменнікаў. Тады, магчыма, і вынікі падобных рэйтынгаў стануць больш адпавядаць сучасным тэндэнцыям у літаратуры, — адзначыў Дзмітрый Шыманскі.

[supsystic-social-sharing id="1"]