Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

Берасцейскія праваабаронцы змагаюцца за права на мірныя сходы

Кампанія па збору подпісаў за адмену рашэння мясцовага гарвыканкама № 1210 за мінулы год, якое тычыцца правядзення масавых мерапрыемстваў, распачалася ў Берасці, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Арганізатары кампаніі маюць намер накіраваць свой зварот разам з сабранымі подпісамі ў Берасцейскі аблвыканкам і абласную пракуратуру, каб тыя зрабілі захады па адмене згаданага рашэння гарадскіх уладаў альбо дамагліся ўнясення ў яго зменаў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

У прыватнасці, аўтары звароту звяртаюць увагу на патрабаванне Берасцейскага гарвыканкама,  каб заяўнікі масавых мерапрыемстваў заключылі дамовы з органамі унутраных спраў, установай аховы і камунальнымі службамі. У адпаведнасці са згаданым рашэннем № 1210, без гэтых дамоў гарвыканкам увогуле не дае згоды на правядзенне заяўленай акцыі і гэта, на думку берасцейскіх праваабаронцаў супярэчыць артыкулу 5 Закону РБ “Аб масавых мерапрыемствах”, у якім пералічаныя дакументы і звесткі, неабходныя пры складанні заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства. У гэтым спісе пазначаныя дамовы не ўзгадваюцца, а таму прадстаўляць іх органам мясцовай улады заяўнікік не павінны.

Акрамя таго, у артыкуле 10 згаданага закону паведамляецца, што аплату паслуг заяўнікі масавых мерапрыемстваў мусяць правесці не пазней за 10 дзён пасля правядзення сваёй акцыі. Насуперак гэтай норме Берасцейскі гарвыканкам у рашэнні № 1210 пазначае, што аплата па раней заключаным дамовам павінна быць праведзена не пазней чым за 1 дзень да правядзення мерапрыемства.

У звароце ўтрымліваюцца і іншыя факты, якія даюць падставы для адмены рашэння Берасцейскага гарвыканкама. Віталь Нагорны лічыць, што збор подпісаў пад такім зваротам будзе эфектыўным метадам данясення думкі грамадскасці да ўладаў. З нагоды пачатку гэтай інфармацыйнай кампаніі таксама выдадзены адмысловы нумар праваабарончага бюлетэня “Берасцейскае права”.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *