Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

“Вясна” піша гісторыю найноўшага часу (відэа)

16-годдзе стварэння Праваабарончага цэнтру “Вясна” праваабаронцы адзначылі прэзентацыяй адразу двух выданняў: фотаальбома “За права на выбар: партрэты асуджаных. Плошча-2010” і кнігі інтэрв’ю “Наша Вясна. Гісторыя ў асобах”.

На прэзентацыі, якая прайшла 2 траўня на сядзібе Партыі БНФ, прысутнічалі шматлікія журналісты, праваабаронцы і грамадскія дзеячы, былыя палітвязні, іх сваякі і родныя.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч распавёў, што, падзеі, звязаныя з Плошчай-2010 не скончыліся і зараз. Ацэнка тых падзеяў не змянілася дагэтуль і праваабаронцы па-ранейшаму лічаць, што масавых беспарадкаў не было, і што ўсе прысуды за Плошчу з’яўляюцца палітычна матываванымі.

“Тыя людзі, якія былі асуджаныя за падзеі 19 снежня, дагэтуль застаюцца ў турмах: гэта і кандыдат у прэзідэнты на тых выбарах Мікола Статкевіч, гэта і Павел Севярынец, які дагэтуль адбывае пакаранне. Гэта таксама і маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, справы якіх мы таксама непасрэдна звязваем з 19-м снежня, бо хлопцы былі затрыманыя прэвентыўна і па абсалютна сфальсіфікаванай крымінальнай справе апынуліся за кратамі. Мы па-ранейшаму патрабуем вызвалення палітвязняў — неадкладнага і безумоўнага», — заявіў Валянцін Стэфановіч напачатку мерапрыемства.

Рэдактар фотаальбома “За права на выбар: Партрэты асуджаных”  Алена Лапцёнак паведаміла, што пад адной вокладкай былі сабраныя лёсы сарака дзевяці фігурантаў крымінальнай справы, заведзенай за ўдзел у масавых беспарадках у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта дзеля вызвалення іх і памяці пра ўсіх іншых асуджаных быў выдадзены гэты фотаальбом.

Прадмову для гэтага выдання складаў кандыдат гістарычных навук Аляксей Кароль. 

“Гэтым выданнем “Вясна” пацвердзіла свой вобраз, свой імідж як арганізацыі, якая актыўна змагаецца за правы чалавека ў Беларусі, якая, нягледзячы на брутальны пераслед, не скарылася і працягвае сваю справу. І гэтым выданнем “Вясна” зрабіла вельмі важкі ўнёсак у дакументальную базу для будучых даследаванняў дэмакратычнага руху ў Беларусі найноўшага часу. У далейшым выданні “Вясны” стануць нагодай для напісання навуковых дысертацый”, — перакананы  гісторык і журналіст Аляксей Кароль

Сябра рады праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяна Рэвяка прыклала шмат намаганняў для стварэння кнігі “Наша Вясна. Гісторыя ў асобах”. Гэтае выданне ўяўляе сабою зборнік васемнаццаці інтэрв’ю з вядомымі сябрамі і актывістамі арганізацыі, у тым ліку і рэгіянальнымі. Выданне гэтай кнігі планавалася на 2011 год,  да 15-годдзя праваабарончага цэнтра, аднак тыя  падзеі, якія пацягнуліся  за “Плошчай-2010”, суды над яе удзельнікамі, а таксама арышт кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага, які, дарэчы быў ініцыятарам стварэння гэтай кнігі,  паўплывалі на тэрміны падрыхтоўкі выдання.

“Ужо пасля арышту, перадаючы мне ключы ад вясноўскай кватэры, Алесь коратка сказаў: Беражыце “Вясну”. Гэта прагучала як запавет: як бы ні складваліся далейшыя падзеі, “Вясна” павінна працаваць і далей, выконваць сваю місію. Да гонару маіх калег-вясноўцаў трэба сказаць, што гэты запавет зняволенага кіраўніка арганізацыі выконваецца. Ніводзін з сябраў “Вясны” не спыніў сваёй дзейнасці, не зачынілася ніводнае рэгіянальнае прадстаўніцтва арганізацыі, не знік ніводзін накірунак нашай дзейнасці. Выхад гэтай кнігі, няхай і крыху запознены, таксама ёсць яскравае пацвярджэнне гэтаму” – паведаміла Таццяна Рэвяка.

Са словамі падзякі да праваабаронцаў звярнуліся таксама жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і былы палітвязень Алег Федаркевіч. “Дата 19 снежня жыве ў нашых сэрцах і яна ўплывае на ўсё наша цяперашняе жыццё. Але ўсё было недарэмна, гэтая падзея, хоць яна і мела самыя трагічныя наступствы, усё ж набліжае канец таго рэжыму, які сёння пануе ў нашай краіне”, — упэўнена спадарыня Адамовіч.

У якасці падарункаў удзельнікі мерапрыемства атрымалі плакаты “Каляндар палітвязня на 8 год” Юлі Ляшкевіч, а таксама кнігі, якія прэзентаваліся.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *