Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», дзяржаўная газета Берасцейскага раёна “Заря над Бугом” вырашыла прысвяціць артыкул з нагоды пададзеных у мясцовыя сельвыканкамы заявак на правядзенне пікетаў.

Заяўкі былі пададзеныя актывістамі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, каб выказаць сваё стаўленне да пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі у рэгіёне.

Публікацыя мае назву “Бунтарства пад … капірку”, а яе аўтар Ала Кавалёва пачынае артыкул такім паведамленнем: “У апошні час усё больш з’яўляецца так званых праваабаронцаў, якія, не маючы элементарнага ўяўлення аб становішчы спраў у раёне, у канкрэтных населеных пунктах, з чыйсьці падачы сваімі дзеяннямі спрабуюць выклікаць пратэстныя настроі ў людзей. Бесперспектыўнасць іх памкненняў у тым, што яны не знаходзяць падтрымкі сярод насельніцтва ды і самі не з’яўляюцца перакананымі прыхільнікамі прапанаваных мерапрыемстваў. Проста не інакш як камусьці не па душы сацыяльная стабільнасць, правапарадак, дынамічнае развіццё эканомікі ў нашым рэгіёне”.

Далей аўтар спрабуе давесці чытачам, што большасць з тых, хто быў пазначаны як ініцыятар пікетаў, на самой справе дачынення да такіх мерапрыемстваў не маюць, бо адмовіліся з’явіцца ў органы мясцовай улады для ўдакладнення пытанняў, звязаных з правядзеннем згаданых акцый. Пры гэтым Ала Кавалёва ўпэўнена сцвярджае, што нібыта арганізатары пікетаў абавязаны былі наведаць сельвыканкамы, а паколькі гэта зрабілі не ўсе, дык тады яны з’яўляюцца, на думку журналіста дзяржаўнай газеты, “ліпавымі” ініцыятарамі падобных мерапрыемстваў.

Гэта публікацыя ў берасцейскай “раёнцы” фактычна спрабуе апраўдаць дзеянні мясцовых уладаў, якія забаранілі месяц таму ўсе 15 пікетаў, што планаваліся ў вёсках прыбужскага рэгіёна.

Крыніца: spring96.org

[supsystic-social-sharing id="1"]