Для самых цікаўных чытачоў сайт budzma.org прысвячае гэты артыкул — размова са спецыялістамі пра магдэбурскае права.

Захар Шыбека, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Магдэбургскае права? Гарадское самакіраванне на Беларусі з’явілася раней за магдэбургскае права: тое ж самае полацкае веча і было самакіраваннем “беларускага ўзору”. А калі гаварыць пра магдэбургскае права, можна сцвярджаць, што горад з яго дапамогай зламаў феадалізм. Магдэбургскае права — вынік працэсу спецыялізацыі на еўрапейскім рынку. Ён склаўся пасля эпохі геаграфічных адкрыццяў. Тады прыморскія гарады апынуліся ў больш спрыяльных умовах, на шляхах міжкантынентальнага гандлю. Таму пачалі багацець і ўзбуйняцца.

Магдэбургскае права ў першую чаргу давала эканамічны стымул развіццю горада: узнікала манаполія на гандаль, на рамёствы. Але каб атрымаць магдэбургскае права, горад павінен быў быць дастаткова моцным, яму трэба было мець сродкі, каб утрымліваць войта, бурмістра і лаву — бюракратычны апарат. Калі параўноўваць магдэбургскую сістэму з савецкай, то савецкая страшэнна бюракратычная, у ёй не ўлічваюцца пажаданні гараджанаў. Таму можна сказаць, што па некаторых рысах нашая сярэднявечная сістэма кіравання больш прагрэсіўная за сучасную.

Важным суб’ектам горада з магдэбургскім самакіраваннем быў цэх, супольнасць рамеснікаў. Цэхі складаліся з рамеснікаў горада: гэта супольнасці людзей, занятых адной і той жа справай. Яны пільна ахоўвалі “цэхавыя” інтарэсы. Напрыклад, калі возіш такі самы тавар на продаж у горад — плаціш мыту. І кошт гэтых тавараў атрымліваецца вышэйшы, чым у гарадскіх рамеснікаў. Цікава, што былі недавучкі, якія не ўваходзілі ў цэхі — іх называлі «партачамі». Адсюль і пайшло «напартачылі». Таксама цэх адказваў за якасць прадукцыі, арганізоўваў навучанне людзей, забяспечваў збыт тавараў.

Цікава, што ў гісторыі гарадской цывілізацыі Беларусі можна адсачыць момант, калі беларусы зрабіліся сялянамі, а яўрэі — гараджанамі. Гэта так званы “Крывавы патоп”, вайна з Масквой 1654—1667 гг. Тады нашыя тэрыторыі страцілі 51% насельніцтва, і асабліва пацярпелі гарады. Да 80-90% славянскага насельніцтва было сагнана ў Маскву. Яны прынялі праваслаўе, а яўрэі прыняць праваслаўе не маглі, ніякай сілай іх нельга было прымусіць гэта зрабіць. Таму яўрэі засталіся.

Усё нашае прадпрымальніцкае саслоўе было вывезенае. А тыя, хто застаўся, былі вымушаныя пераехаць у вёску: з зямлі было лягчэй пражыць, чым у горадзе. А яўрэі не мелі права карыстацца зямлёй, таму яны засталіся ў гарадах. Вось так і адбыўся “раскол”, што беларус — у вёсцы, а яўрэй — у горадзе.

Сяргей Странкоўскі, кандыдат гістарычных навук:

— Сяргей Пятровіч, давайце пачнем з азоў. Што такое ўвогуле магдэбургскае права?

— Гэта права горада на самакіраванне, яго адносная незалежнасць ад дзяржавы. Прыйшло да нас з Еўропы. На нашых землях за ўзор былі ўзятыя прававыя нормы Магдэбурга. Калі горад атрымліваў магдэбургскае права, ён рабіўся самастойнай адміністрацыйнай адзінкай. Гараджане самі распараджаліся “бюджэтам” горада і гэтак далей. Калі казаць сучаснай мовай, горад рабіўся свабоднай эканамічнай зонай, якая жыла паводле нормаў магдэбургскага права.

— Як, паводле якіх прынцыпаў горад атрымліваў магдэбургскае права?

— На тэрыторыі сучаснай Беларусі першым магдэбургскае права атрымаў Брэст. Яму падарыў магдэбургскае права Ягайла — у час канфлікту з братам Вітаўтам, да ўладанняў якога належаў горад. Далей магдэбургскае права атрымалі ў XV стагоддзі Горадня, Полацк, Мінск. У XVI ст. — Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Магілёў, Пінск, Пружаны, Кобрын і інш. Спачатку за карыстанне магдэбургскім правам гарады рабілі пэўны ўнёсак у каралеўскую казну. І не заўсёды горад мог “пацягнуць” магдэбургскае права: напрыклад, Любчы далі магдэбургскае права ў канцы XVI стагоддзя, але людзі ў мястэчка не пайшлі — і яно не змагло выкарыстаць гэтае права і паўторна атрымала яго ўжо ў 40-я гады XVII стагоддзя. Калі паглядзець на мапу, добра бачна, што шмат памежных гарадоў атрымалі магдэбургскае права — той жа самы Смаленск, а таксама Невель, Красны, Дарагабуж, Мсціслаў, Крычаў. Гэта было зроблена, каб тыя паселішчы былі моцнымі, маглі адбіваць напады захопнікаў — і каб па “магдэбургскія” свабоды ў гэтыя гарады “падцягваліся” людзі.

Тагачасны “мэр” горада шмат чаго будаваў за свой кошт. А гарадская грамада потым вырашала, ці слушныя былі гэтыя расходы, і грошы яму маглі і не вярнуць. Таму многія не хацелі ісці на гарадское кіраванне.

Шмат гарадоў было заснавана на “суровым корані”: трэба было асвойваць “глухія” тэрыторыі з лясамі і пушчамі. Каб паселішча развівалася, вырастала ў горад, яму давалі магдэбургскае права. Гэта вельмі ўласціва для Падляшша. Там было шмат такіх паселішчаў: Вогін, Мілейчыцы, Пяшчатка і інш. Каля Пінска ёсць пасёлак Лагішын — адзін з прыкладаў заснавання мястэчка на “суровым корані”.

Таксама магдэбургскае права давалі гарадам, якія мелі “гандлёвы” статус: стаялі на гандлёвых шляхах. Гарады мелі “права складу” тавараў, купцы пакідалі там буйныя партыі, а потым іх оптам набывалі мясцовыя жыхары і прадавалі на гарадскім рынку, а таксама па навакольных мястэчках і вёсках. Горад багацеў і рос…

— Прыклады такіх гарадоў?

— Мінск і Полацк. Мінск якраз адносіцца да той групы гарадоў, дзе адной з прычын набыцця магдэбургскага права было размяшчэнне на гандлёвым шляху з усходу на захад. Горад атрымаў права амаль адначасова з Полацкам. Таму прывілеі Мінска і Полацка вельмі падобныя. Там занатаваныя канкрэтныя мінімальныя аб’ёмы розных тавараў для вядзення оптавага гандлю.

— Зразумела. Але пра якое самакіраванне можна весці гаворку, калі, напрыклад, войт прызначаўся вялікім князем?

— Так, войт прызначаўся вялікім князем. Але гэта не ставіла горад у дадатковую залежнасць ад князя, бо ён як быў, так і заставаўся “вярхоўным галавой” горада. Насамрэч і войта нельга было назваць “княжацкім засланцам”: ён прымаў прысягу на вернасць гораду. І змагаўся ў тым ліку за інтарэсы горада. Напрыклад, менскі войт Тарлецкі. Ён у XVII стагоддзі вызначыўся як абаронца гарадскіх правоў. Але трэба адзначыць, што змаганне, як правіла, ішло прававымі сродкамі: пісалі скаргі вялікаму князю, адстойвалі свае інтарэсы ў судах. Атрымлівалі прывілеі. Пры гэтым асноўныя спрэчкі былі за землі, лясы, водныя рэсурсы. Дарэчы, землі Менска, за якія змагаўся Тарлецкі, у многіх месцах упісваліся ў сучасную кальцавую дарогу. Мы можам казаць, што Менск застаўся ў сваіх сярэднявечных межах. Забудаваная частка была ў раёне Нямігі, праспекта Незалежнасці, вуліц Рэвалюцыйнай, Інтэрнацыянальнай, Леніна, на Траецкай гары, а далей пачыналіся пашы, выпасы, сенажаці — землі, якія кармілі горад. Дарэчы, асаблівасць нашых гарадоў у тым, што мяшчане таксама вялі сельскую гаспадарку. Як сучасныя дачнікі, нашыя продкі таксама корпаліся ў зямлі. А для некаторых гараджан сельская гаспадарка была асноўным заняткам. Калі прыводзіць лічбы, то ў многіх гарадскіх паселішчах ВКЛ 60-70%, а то і больш, гараджан апрацоўвалі зямлю.

— Многія гарады набывалі магдэбургскае права за грошы. Але навошта? Які сэнс гораду змагацца за набыццё магдэбургскага права?

— У гараджан было менш абмежаванняў, яны менш цярпелі ад злоўжыванняў з боку службоўцаў дзяржавы, таму раслі іх прыбыткі. І за свае грошы яны ўтрымлівалі судовую сістэму, займаліся добраўпарадкаваннем горада і гэтак далей. Яшчэ вельмі істотны факт: горад быў у пэўным сэнсе вайсковай адзінкай. Кожны мешчанін абавязаны быў бараніць свой горад. Калі ўсё растлумачыць сучаснымі словамі, горад ператвараўся ў вялікі карабель са сваёй камандай. І калі ўзнікала небяспека, кожны бег на свае месца і кожны ведаў, што яму рабіць у сістэме абароны горада. І ўзяць горад было не так проста.

Напрыклад, кожная купецкая гільдыя мусіла мець гусарскае ці рэйтарскае ўзбраенне, а рамесніцкія цэхі — пяхотнае. Горад утрымліваў пушкароў. Дзяржава не траціла ніводнага талера на зброю, абмундзіраванне. Гараджане за свае грошы рамантавалі сцены, валы, равы і масты і г.д.

Цікава, што за кожнай сотняй ці рамесніцкім цэхам быў замацаваны свой кавалак сцяны ці мост. І горад за рамонт мастоў, грэбляў меў права збіраць падаткі з кожнага, хто ўваходзіў у горад. Таму вялікаму княству было выгаднае магдэбургскае права: гарадская гаспадарка трымалася сама, не патрабавала выдаткаў ад дзяржавы.

Тагачаснай “залатой моладзі” замест BMW X6 куплялі адукацыю — і юнакі з ахвотай пачыналі працаваць на карысць роднага места ў гарадскім магістраце. Такое таксама было…

Амаль кожны квартал праходзіў агляд гарадскога войска. Кожны цэх выходзіў са сваім ваенным рыштункам, паказваў, што ён у добрым стане. Стралялі па мішэнях. Трэніраваліся. І ў кожнага цэха была свая наменклатура вайсковага ўзбраення. Напрыклад, злотнікі рыхтавалі і халодную, і агнястрэльную зброю. Усе залежала ад фінансавых магчымасцяў цэха: хто што мог аплаціць. Дарэчы, адным з самых заможных, пасля купцоў і злотнікаў, быў цэх цырульнікаў. Колькасць цырульнікаў была абмежаваная: у Мінску не павінна было быць больш за 6 цырульнікаў, якія былі таксама тагачаснымі дактарамі. Яны някепска зараблялі.

Акрамя непасрэдна вайсковай функцыі ў абаронцаў горада былі і “парадныя” абавязкі. Калі прыязджаў у горад кароль, усе павінныя былі яго сустракаць. Праводзілі свайго кшталту ўрачыстае прывітанне. Кожны цэх выходзіў са сваёй харугвай, адбываўся ваенны парад. І так з кожным высакародным госцем. Прыязджалі паслы — сустракалі. Прыязджаў біскуп — сустракалі.

— У гарадах магдэбургскага права існавалі так званыя цэхі. Можна пра іх больш падрабязна?

— Сапраўды, цэх — неад’емная частка горада з магдэбургскім правам. Хоць цэхі былі і перад наданнем магдэбургскага права, напрыклад, у Оршы і Мсцібаве. Цэх — гэта згуртаванне мяшчан, аб’яднаных адной ці роднаснымі прафесіямі. Цэх злотнікаў, цэх разьбяроў ці аб’ядны цэх тых, хто апрацоўваў металы або скуры… Кожны цэх сачыў за якасцю вытворчасці — ён яе гарантаваў сваім кляймом. Унутры горада прадукцыя цэхаў прадавалася без падаткаў — а каб прадаць “чужы” пярсцёнак ці грэбень, трэба было плаціць. Цэхі таксама выконвалі функцыю сацыяльнага забяспечання. Хавалі памерлых братоў за цэхавыя грошы. Набывалі пакрывалы, пастаменты, заказвалі імшу. Падтрымлівалі ўдоваў, сірот. Дапамагалі шпіталям для калек і састарэлых. Займаліся выхаваннем дзяцей і дарослых: кожны цэх сачыў, каб дзеці ведалі асноўныя малітвы, а дарослыя прыстойна сябе паводзілі. Цэхі давалі пачатковую прафесійную адукацыю. Спачатку чалавек рабіўся вучнем, потым чаляднікам, падмайстрам, затым майстрам. І ўсе яны разам, незалежна пад чыёй (шляхціца, кляштара) уладай, жылі, разам з магдэбургскай абшчынай складалі насельніцтва горада, падпарадкоўваліся магістрату.

— Ці існавалі выпадкі, калі горад пазбаўлялі магдэбургскага права?

— Віцебск пазбаўлялі за забойства біскупа Язафата Кунцэвіча, Дарагабуж — за тое, што ён здрадзіў дзяржаве падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай. Віцебску за заслугі ў той жа вайне магдэбургскае права вярнулі. Жыхары Магілёва, якія ў пачатку вайны перайшлі на бок Масквы, потым арыштавалі маскоўскі гарнізон і зноў перайшлі на бок ВКЛ. За гэта яны атрымалі такія ж свабоды, як у сталіцы Вільні. Магілёўскі магістрат быў набілітаваны, набыў права шляхецтва. Горад атрымаў новы герб, дадатковыя свабоды.

— Ці падкрэслівалі жыхары розных гарадоў сваё адрозненне ад іншых? Існаваў “местачковы”, гарадскі нацыяналізм?

— Кожная мясцовасць у той час моцна адрознівалася. Таму што не было сродкаў камунікацыі, панавала натуральная гаспадарка. У кожнай мясцовасці былі свае адрозненні ў адзенні, паводзінах, абліччы людзей. Унутры ВКЛ, зразумела, былі мінчукі, пінчукі, гарадзенцы, палачане. Напрыклад, Юзаф Крашэўскі адзначаў, што калі ў пачатку XIX стагоддзя да жыхара Пінска звярнуліся “А скуль ты, чалавек?”, ён адказаў: “Я не чалавек, я пінчук”. Прыналежнасць да ВКЛ падкрэслівалася толькі тады, калі чалавек выязджаў за межы дзяржавы. Казалі так: “Я — ліцвін з Полацка, Навагрудка, Мазыра”.

— Былі асаблівасці “беларускага” магдэбургскага права?

— Калі гаварыць пра асаблівасці, то адна з іх у тым, што беларускія мяшчане імкнуліся прыстасаваць нормы магдэбургскага да сваіх асаблівасцяў жыцця і ранейшых традыцый. Таму адначасова дзейнічалі нормы магдэбургскага права і нормы статута ВКЛ ці звычаёвага права. Статут ВКЛ — гэта субсідыярная крыніца, якая дзейнічала ў гарадах поруч з магдэбургскім правам. І жыхары Беларусі маглі выкарыстоўваць нормы статута. Напрыклад, жыхары Мазыра спецыяльна прасілі вялікага князя, каб ён ім дазволіў выкарыстоўваць нормы статута ў вызначэнні штрафаў. Яны прасілі, каб штрафы спаганяліся паводле статута, бо ў ім яны былі вышэйшыя, чым па нормах магдэбургскага права. Пакаранні, якія вызначалі магдэбургскія статуты, былі даволі жорсткімі. Некаторыя суды, калі выносілі пакаранне, казалі так: хаця магдэбургскае права прадугледжвае пакаранне смерцю, мы прымяняем менш цяжкае. Калі яшчэ раз парушыце закон — тады будзе смерць. Быў своеасаблівы мікс нормаў статута і магдэбургскага права. Такі “мікс” увогуле характэрны для нашай культуры…

Ва ўхвалах таго часу існуе запіс “Каб асобы магістратовыя не фукалі на грамадзян…” Калі “фукалі” — можна было падаць скаргу.

— А якія пакаранні былі прадугледжаныя магдэбургскім правам?

— Магдэбургскае права даволі жорсткае. Чвартаванне, спаленне і гэтак далей. У тым ліку адсяканне рукі, псаванне касцей спецыяльнымі прыладамі. У кожным горадзе былі каты. Іншыя суды свайго ката не мелі. У гарадскога суда яны былі. Гэта была прафесія ў той час. Безумоўна, цэху не было, аднак вучыліся. Таму пакаранне тых часоў — “кваліфікаванае” пакаранне. Толькі кваліфікаваны майстар мог гэтае пакаранне ажыццявіць. Зламаць костку як трэба, выдзерці пазногці. Калі каралі смерцю — таксама былі варыянты ў залежнасці ад таго, што зрабіў. Я сустракаў, што за крадзеж рэчаў з царквы чалавека спалілі. А таму, хто дапамагаў, адсеклі руку, выпалілі на ілбе кляймо і выгналі з горада. Калі, напрыклад, маці забіла нованароджанае дзіця. то па рашэнні суда душылі, маглі закапаць жыўцом.

— Дзе апісваліся пакаранні?

— Гэта ўсё нормы магдэбургскага права. Але звычайнае пакаранне — прывязаць да ганебнага слупа на рынкавай плошчы. Ён называўся “прэнгер”. Да яго прыкоўвалі ланцугом і секлі пастронкамі — лейцамі. Білі палкамі. Таксама дадавалі царкоўнае ці касцельнае пакаянне: чалавек павінен быў крыжам ляжаць на цвінтары ўсю абедню ці імшу і павінен быў даць пэўную колькасць воску на свечкі ў царкву.

— Выходзіць, можна казаць, што жыццё ў “магдэбургскім” горадзе было вельмі “цывілізаваным”, і ніякіх свавольстваў у ім не было?

— Свавольствы ў горадзе былі, але гэта сапраўды было цывілізаванае жыццё. У горадзе была турма, размяшчалася яна ў ратушы. Нават чальца магістрата маглі пасадзіць у турму. Не прыйшоў адзін раз на гарадскі сход ці паседжанне рады — штраф. А тры разы не прыйшоў — маглі выгнаць з магістрата, пазбавіць пасады і пасадзіць у турму.

— Што атрымліваў чалавек за працу ў магістраце? Ці плацілі яму за службу грошы?

— Кат ва ўсіх гарадах — адзіная з асобаў гарадскога самакіравання, якая атрымлівала плату за сваю працу. Прычым плата была грашыма. Яшчэ кат атрымліваў боты і спецыяльнае адзенне. Чальцы магістрата — бурмістры і г.д. — як правіла, заробку пастаяннага не мелі. Але, напрыклад, у Мінску яны атрымлівалі грошы за сваю працу. Гэта была нераспаўсюджаная з’ява. Звычайна службоўцы магістрата жылі за кошт грошай, якія давалі за вырашэнне судовых справаў. За кожную справу плацілі пэўную суму. Сума падзялялася паміж чальцамі магістрата. Трэцюю частку звычайна давалі войту. Дзве траціны дзялілі астатнія.

Атрымлівалі грошы за ўнясенне ў кнігі розных актаў. За тое, што давалі выпіс, таксама.

Да таго ж войту давалі дзве валокі зямлі, за якія ён не плаціў падаткаў. У некаторых месцах давалі вёскі. Вуліца Шэйпічы ў пачатку Серабранкі ў Мінску — гэта былы войтаўскі маёнтак, які пераходзіў ад аднаго да другога галавы горада.

— Хабар існаваў у тыя часы?

— Хабар, безумоўна, быў. Без яго дзяржаўная структура тых часоў не працуе, не жыве. Хоць магдэбургскае права і прыраўноўвала хабар да самага ганебнага ўчынку. Аднак нярэдка, калі да службоўца былі такія прэтэнзіі, здымалі з пасады, выбіралі іншага. У магдэбургскіх гарадах існавала адна асаблівасць: жыхары маглі прымаць так званыя “вількеры”. Ад нямецкага “воля” і “выбіраць”. Гэта так званы плебісцыт, народнае галасаванне, па-беларуску “ўхвала”. Калі нешта не было прапісана ў магдэбургскім праве, грамада прымала свае нормы і правілы.

— Адносіны ўлады і грамадзян… Не было канфліктаў?

— Ва ўхвалах таго часу існуе запіс: “Каб асобы магістратовыя не фукалі на грамадзян…” Калі “фукалі” — можна было падаць скаргу. Існавала і ўзаемная прысяга магістрата і грамады, якія бралі на сябе абавязак абараняць інтарэсы горада і не парушаць свае правы.

— Служба ў магістраце лічылася прэстыжнай? Хто ўвогуле служыў у магістраце?

— Было шмат акалічнасцяў, шмат нюансаў. Магістрат адказваў за кожны пенязь і грош, адчытваўся па ўсіх фінансах. І бурмістры, і радцы часта нешта будавалі за свае грошы, а грамада потым вырашала, ці слушныя былі гэтыя расходы. Гэта была рызыка: можна было нешта пабудаваць і застацца без грошай. Калі сучаснай мовай, мэр горада даваў грошы са сваёй кішэні. А горад потым вяртаў яму гэтыя грошы. Таму многія не хацелі ісці на гэтыя пасады. Шмат засталося папераў, дзе запісана, што чалавек не хоча быць службоўцам. І за гэта ён дае грошы, напрыклад, на будаўніцтва моста — каб яго больш не турбавалі. Нават адкупаліся ад гарадскіх пасад!

Але было і адваротнае: многія заможныя сем’і спецыяльна вучылі дзяцей за мяжой, каб яны потым вярталіся і прыносілі карысць гораду, служылі яму. “Залатой моладзі” замест BMW X6 куплялі адукацыю — і юнакі з ахвотай пачыналі працаваць на карысць роднага места.

— Як скончылася гісторыя магдэбургскага права на Беларусі?

— Страшэнны ўдар гарадской цывілізацыі Беларусі нанёс “Вялікі патоп” XVI стагоддзя. Ён ператварыў гарады ў руіны, загінула ад 60 да 90% жыхароў асобных гарадоў. Тады было знішчана ці вывезена ў Маскву больш за палову гарадскога насельніцтва Беларусі. Характэрная рыса: у XVI — першай палове XVII стагоддзя ў магістраце працуюць пісьменныя людзі, а ў XVIII амаль усе робяцца непісьменнымі, акрамя, бадай, пісара. Вось характарыстыка нашай паразы ў той вайне…

Астатнія “пункты” заняпаду магдэбурскага права — апошнія гады Рэчы Паспалітай і яе падзелы, калі нашыя гарады адыходзілі да Расійскай імперыі. Ужо рэфарматары эпохі Асветніцтва ў Польшчы і ВКЛ заўважылі гаротны стан гарадоў і імкнуліся ажывіць гарадское жыццё. Першая не вельмі ўдалая спроба — дзейнасць камісій “добрага парадку” у 70-80-я гады XVIII стагоддзя. Большай сістэмнасцю вылучаліся рэформы Чатырохгадовага сейма 1788—1792 гг. Менавіта на ім была прынятая канстытуцыя “Гарады нашы вольныя” і цэлы пакет іншых гарадскіх законаў. Надаючы мяшчанам новыя правы, утвараючы адзінае гарадское заканадаўства, адзіную вертыкаль гарадскога кіравання, пастановы сейма не прыгадваюць магдэбургскага права. Яно ўжо аджыло і не адпавядала ўмовам буржуазнага грамадства, якое паволі нараджалася ў Рэчы Паспалітай. Нават самі гараджане прасілі аб распаўсюджанні на гарады агульнадзяржаўнага крымінальнага і цывільнага заканадаўства. Пасля далучэння да Расійскай імперыі яе ўлады захавалі дзеянне ў Беларусі Статута 1588 г. і нават вярнулі да ўлады магістраты, што дзейнічалі да рэформаў Чатырохгадовага сейма, але магдэбургскае права пад расійскім уплывам знікла вельмі хутка. Аднак трэба адзначыць, што ўжо Петр І, калі праводзіў рэформы ў кіраванні расійскімі гарадамі, пазычыў некаторыя прынцыпы магдэбургскага самакіравання. Яго ўплыў бачны і ў “Жалаванай грамаце гарадам” Кацярыны ІІ. Старажытныя пячаткі і прывілеі гарадоў былі сабраныя губернатарамі і накіраваныя ў Сенат. Гарады набылі новыя гербы з расійскім арлом. Многія мястэчкі апынуліся ў стане вёсак з прыгоннымі сялянамі. Магдэбургскае права знікла, але пры гэтым засталася памяць аб ім жыхароў тых паселішчаў, што яго мелі ў часы ВКЛ. Некаторыя з іх, гараваныя за заслугі расійскім генералам і імператарскім фаварытам, яшчэ доўгі час, амаль да сялянскай рэформы 1861 г., змагаліся за свае правы лічыцца вольнымі людзьмі, спасылаючыся на былыя магдэбургскія прывілеі…

Зміцер Навіцкі.

Фота — Глеб Малафееў.

budzma.org

[supsystic-social-sharing id="1"]