Выйшаў трэйлер да беларускага моладзевага серыяла «Вышэй за неба» і «Пазітыўны рух» запытваецца ў людзей, ці можа фільм пра жыццё з ВІЧ паўплываць на талерантнасць беларусаў.

На пытанні адказвае Раман Жыгараў, бас-гітарыст беларускага гурту «Akute», трэкі якога ўжываюцца ў першым беларускім моладзевым серыяле «Вышэй за неба».

Як музыка вашага гурту трапіла ў серыял?

– Мы трапілі туды, як і астатнія – праз адбор. Пазней Андрэй Курэйчык распавядаў, што яму с рэжысёрам Дзмітрыем Марыніным давялося праслухаць больш за сотню трэкаў самых розных гуртоў перш чым яны вызначыліся, каго паклікаць у гэты праект. Больш таго, яны спецыяльна прыходзілі на нашыя канцэрты, паглядзець, ці падыходзім мы ім.

Ці прысутнічалі вы на здымках серыялу?

– Так, мы былі на здымках, праводзілі невялічкія майстар класы акторам па паводзінах на сцэне.

Якое ў Вас склалася ўражаннне, ці гучала тэма ВІЧ/СНІДу ў серыяле як першасная? Ці ўсё ж на першым плане былі іншыя тэмы, каханне, напрыклад, ці адносіны паміж бацькамі і дзецьмі?

– Я пакуль не бачыў гатовы серыял, толькі чытаў сінапсіс. Думаю што менавіта чалавечыя адносіны будуць на першым плане. Галоўны герой перажывае ўвесь спектр пачуццяў. Ну і не давяраць Андрэю Курэйчыку, зразумела, няма прычынаў. Ён ведае, як зрабіць добрае кіно.

Узнікае ўражанне, што Вы добра ведаеце прадусара серыялу…

– Так, мы пазнаёміліся некалькі год таму на міжнародным тэатральным фестывалі «Март. Контакт».

Калі вы дасылалі свае трэкі на праект, то ведалі аб чым кіно?

– Так, мы ведалі тэму, але, бачылі не так многа. Мы разумеем, што праблема неталерантнага стаўлення да ВІЧ-станоўчых людзей сапраўды існуе і будзем рады, калі наш удзел паўплывае на што-небудзь.

Вы сапраўды лічыце, што серыял можа паўплываць на стаўленне беларусаў да ВІЧ-станоўчых людзей?

– Я думаю, беларусам усё роўна. Але толькі не моладзі. Тут не хапала менавіта добрага беларускага кіно. Якасны прадукт, зразумела, зверне ўвагу на гэтую праблему.

Якія адчуванні перад прэм’ерай?

– Мы пазнаёміліся з акторамі, са здымачнай групай, таму, зразумела, вельмі цікава, што атрымалася. Я веру ў гэтых людзей.

Напрыканцы трошкі адхілімся ад тэмы. Некалькі пытанняў наконт Вашага гурту. Чаму вы спяваеце менавіта па-беларуску?

– Гэта адзіная мова на якой я пішу песні. Ці тэксты пішуць мяне… Я не кантралюю гэта. Аднак у жыцці звычайна размаўляю на рускай мове. Магчыма, Вы чакалі іншага адказу і разумею ўсе гэтыя трушныя размовы, але хопіць гаварыць людзям, што рабіць.

Ці ёсць ў вас прафесійная музычная адукацыя?

– Я вучыўся па класе трубы ў музычнай школе №4 г. Магілёва. У Стаса таксама ёсць музычная адукацыя па класе гітары. У Павала, здаецца, няма, аднак ён раней за ўсіх пачаў займацца музыкай самастойна.

Што азначае слова «akute» і чыёй ідэяй было назвацца менавіта так?

– Гэта прыгожае нямецкае слова, азначае «востры». Яго «адшукаў» і прапанаваў я, і астатнія мяне падтрымалі.

Якую песню прапануеце паслухаць першай тым, хто нічога не ведае пра «Akute»?

– Зараз актуальны альбом «Не iснуе», можна паслухаць любую песню з яго.

Трэйлер да серыялу «Вышэй за неба».

Крыніца: pmplus

 

[supsystic-social-sharing id="1"]