Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Выйшаў у свет паэтычны зборнік Марыі Базылюк-Саснюк

«Марылька» − кніга ў гонар адной з пачынальніц беларускага руху на Падляшшы, рэдактарам якой з’яўляецца Мікола Ваўранюк.

На вокладцы зборніка размешчаны партрэт Марылькі ў веснавой блакітна-жоўтай гаме. Афармляў кніжку знакаміты мастак Лёнік Тарасевіч, які вырашыў што «кніжка не павінна выглядаць змрочнай, вокладка павінна несці радасць і аптымізм, якія заўсёды выпраменьвала Марылька».

Марыі Базылюк-Саснюк было 36 гадоў, калі анкалагічная хвароба не пакінула ёй шанцаў на жыццё. Трагедыя маладой маці, настаўніцы, паэткі ўзрушыла жыхароў Бельска-Падляшскага. Ёй збіралі грошы на аперацыю па перасадцы спіннога мозга. Донарам стаў родны брат. Здавалася што, зроблена ўсё магчымае для выратавання. Але Бог судзіў іначай. 16 гадоў назад Марылькі (так яе называлі ўсе) не стала. Пасля сябе яна пакінула чацвёра дзяцей, светлыя ўспаміны і вершы.

…крануць маё сэрца
так лёгка малітвай
коцікаў белых
пахучых вяснянак
і таюць снягі
ў дарожных загібах
вядуць сцяжыны
ў родныя імшары

Марыя Базылюк-Саснюк пісала вершы адвольнай формай, без косак і кропак, амаль не ўжываючы вялікіх літар. Словы, нібыта набрынялыя кроплі з таючага ледзяша, выспявалі, адрываліся і падалі ўніз. Крытыкі адзначалі нягучнасць яе інтанацыі, «жыццялюбнасць, але і тужлівае шкадаванне аб іншых, можа, шчаслівейшых берагах жыцця», а таксама ранняе прадчуванне «велічна-непазбежнага ў яе чалавечым лёсе».

Паводле: ВБ

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *