Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
ГісторыяКультура

Мовы, якія выжылі

Беларуская мова – не адзіная ў свеце, якой давялося перажываць цяжкія часы. Шматлікія народы забывалі сваю мову і адмаўляліся ад яе, змагаліся за яе і адраджалі як неабходны чыннік нацыянальнай незалежнасці.

Калі народы палюбілі мову?

Чаму краіны надаюць моўнаму пытанню важную ролю, звязваючы паняцці “мова” і “народ”? І ці заўсёды так было?

У старажытнай гісторыі міграцый, войнаў і саюзаў мова народаў не выконвала значнай палітычнай ролі. Ваенная перамога не заўсёды прыводзіла да распаўсюджвання мовы пераможцаў.  І на працягу шматвяковай гісторыі у многіх дзяржавах выкарыстоўваліся чужыя мовы.

Пасля разгрому Рымскай імперыі германцамі лацінская мова яшчэ шмат стагоддзяў заставалася адзінай мовай пісьменства і культуры ў Еўрапейскіх краінах. У сярэднявеччы культуру вызначалі сусветныя рэлігіі. Народы аднаго веравызнання стваралі асобны культурны свет, са сваімі святымі кнігамі і культавай мовай. У такой сітуацыі амаль паўсюль існавала двухмоўе: адна мова – мясцовая – была размоўнай, побытавай, “нізкай”, другая – надэтнічная – мовай рэлігіі, пісьменства і высокай культуры (лацінская, старажытнагрэцкая, царкоўнаславянская, арабская, санскрыт, вэньянь).

Амаль да XIX стагоддзя мова не ўсведамляецца як важны сімвал народа і дзяржавы,  з мовамі не звязвалася паняцце пра радзіму, незалежнасць, патрыятызм.

У XVIII стагоддзі па ўсёй Еўропе шырока распаўсюджваецца французская мова. Яна была прынятая пры дварах Польшчы, Аўстрыі , Венгрыі, нямецкіх герцагстваў. У канцы XVIII – пачатку XIX французская актыўна ужываецца у дваранскім асяроддзі Расійскай імперыі.Падчас вайны з Напалеонам расейскія часопісы друкавалі артыкулы ў падтрымку патрыятычнага  духу на французскай мове.

Становішча змянілася пасля распаўсюджвання ідэй Французскай рэвалюцыі і нямецкай філасофіі, якія злучылі паняцці “народ” і “дзяржава”. У мове пачалі бачыць фактар згуртавання народа, гістарычнае змацаванне пакаленняў, які адлюстроўвае адметнасць народа. Мовы “абвяшчаліся” нацыянальнымі і мелі істотнае значэнне ў нацыянальна-вызваленчых рухах 19 стагоддзя, у выніку якіх з’явіліся Нідэрланды, Нарвегія, Італія, Балгарыя, Румынія.

Слова за славянамі

Драматычную гісторыю нацыянальнага вызвалення і здабытку нацыянальнай мовы перажылі амаль усе славянскія народы.

Пачатак харвацкай мовы звязаны з аддзяленнем яе ад “ілірыйскай” мовы, нібыта агульнай для харватаў, сербаў і славенцаў. У Харватыі існавалі палітычныя сілы, якія імкнуліся аб’яднацца з сербамі, у 1850г. была заключаная дамоўленасць аб адзінай літаратурнай мове. Праз 100 гадоў, са з’яўленнем Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія, было пацверджана, што мова сербаў, харватаў і чарнагорцаў – адзіная мова, яна атрымала назву сербскахарвацкай.

Прадстаўнікі інтэлігенцыі Харватыі актыўна змагаліся з палітыкай моўнага аб’яднання. Насуперак уладам галоўная установа харвацкай культуры “Маціца харвацкая” (Matica hrvatska) адмовілася скончваць працу над “Слоўнікам сербскахаврвацкай літаратурнай і народнай мовы”, якая пачалася за 10 год да таго. Гэта быў рашучы крок супраць палітыкі асіміляцыі. Неўзабаве ў краіне падняліся палітычныя хваляванні з патрабаваннем большай аўтаноміі Харватыі, якія атрымалі назву “Харвацкая вясна”.

Падручнік па харватскай граматыцы, складзены знакамітымі лінгвістамі, быў забаронены уладамі, але  яго надрукавалі ў Лондане, і да гэтага часу ён лічыцца стандартам моўных нормаў.

Башчанская пліта – адзін з старэйшых і самых значных помнікаў глагалічнай пісьменнасці. Мяжа XI і XII стст., харвацкая мова.

 

Славенская мова таксама была вымушаная адстойваць свае правы на існаванне, нягледзячы на сваю даўнюю і багатую гісторыю. Манускрыпт “Brižinski spomeniki” на славенскай мове, напісаны на мяжы X і XI ст, – адзін з старэйшыхпомнікаў  славянскай пісьменнасці.  Тым не менш, пасля ўвахода славенскіх земляў  ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі мова славенцаў ужывалася толькі  ў гаворцы простых людзей.

Але нават і гэтую гаворку адмаўляліся лічыць славенскай. Яе таксама ўпісалі ў “ілірыйскую”.  У сярэдзіне XIX стагоддзя жыхары славенскіх земляў, каб даказаць асобнасць сваёй мовы ад харвацкай, пачалі імкнуцца падкрэсліваць дыялектныя адрозненні гэтых роднасных моў і наўмысна пазбягалі выкарыстоўвання аднолькавых элементаў. Да таго ж славенцы адмаўляліся ад нямецкіх запазычанняў і нямецкіх назваў свайго народа і сваёй мовы, якія лічыліся абразлівымі, – Windischer, windische Sprache, г. зн. “венды”, “мова вендаў”. Уласнай назвы свайго народа яны не мелі, і толькі ў межах нацыянальна-вызваленчага руху XIX стагоддзя патрыёты адзрадзілі тэрмін, забыты шмат вякоў таму, – slovenski jezik.  Славенская мова пачала зноў існаваць, але незалежнасць Славенія атрымала толькі у 1991 годзе.

Старонка з “Брыжынскіх урыўкаў”, славенская мова

Славацкай мове давялося даказваць сваю адмежаванасць ад мовы чэшскай. Ужо ў сярэдзіне XIX стагоддзя з’яўляюцца працы лінгвістаў-патрыётаў, прысвечаныя вывучэнню і кадыфікацыі славацкай мовы. Нягледзячы на моцны нацыянальны рух, Славакія доўга не бачыла незалежнасці: у XIX стагоддзі яна уваходзіла ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі; у 1918 годзе ўтварылася дзяржава Чэхаславакія; з 38-га па 45 гг. Славакія кантралявалася нацысцкай Германіяй;  пасля ўзнавілася Чэхаславакія у савецкім варыянце. І толькі ў 1993 годзе на мапе з’явілася Рэспубліка Славакія.

 

Украінская мова, як і беларуская і расейская, у сярэднявечча існавала ў якасці “простай” рэгіянальнай мовы, у адрозненні ад “высокай” стараславянскай. У XIX стагоддзі з ростам нацыянальнай свядомасці годнае стаўленне да украінскай мовы ўзрастае. У гэты ж час канчаткова прымаецца тэрмін “украінская мова”, бо назва “рус(ь)ка мова”, якой украінцы карысталіся з часоў Кіеўскага княства, замацавала за сабой Расейская імперыя.

Тэрыторыя Украіны да пачатку XX стагоддзя была падзеленая на дзве часткі. На землях у складзе Расійскай імперыі украінская мова была забароненая ў школах, дзяржаўных установах і публіцыстыцы.  Развівалася яна, акрамя жывой гаворкі, толькі у мастацкай літаратуры – творах Івана Катлярэўскага, Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі і інш. У Галіцыі, што ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі, моўная палітыка была больш ліберальнай: у пачатковых школах навучанне вялося на украінскай мове. У Львове былі украінскія гімназіі, ў Львоўскім універсітэце – кафедра украіністыкі. Таму заходнеукраінскі варыянт літаратурнай мовы развіваўся больш актыўна – не толькі ў мастацкіх творах Івана Франко, Васіля Стэфаніка, Леся Мартовіча і інш., але і ў газетах і часопісах, навукова-папулярных жанрах, гісторыка-філалагічных даследваннях.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Украіны ў 1918 годзе вялася актыўная палеміка наконт кіеўскіх і львоўскіх моўных нормаў. Аддзеленая палітычна мяжой,  заходнеўкраінская мова значна паўплывала на мову новай краіны. Да часу ўз’яднання ўсіх украінскіх земляў пасля Другой сусветнай вайны моўныя адметнасці розных тэрыторый (у літаратурным варыянце) былі амаль знятыя.

Сёння ўкраінская мова з’яўляецца адзінай дзяржаўнай мовай Украіны.

***

Беларусь сярод кагорты маленькіх, але ганарлівых славянскіх краін, якім давялося змагацца за права існаваць і размаўляць на сваёй мове, выдзяляецца тым, што яе мова сёння знаходзіцца пад пагрозай вымірання.

  Альбіна ТРУС

 

1 Comment

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *