Пра свае назіранні за нашай краінай i за намi распавядаюць маладыя замежнікі, якія ўжо доўгі час жывуць у Менску.

Беларускае жыццё маладзёнаў з-за мяжы ў цытатах ды фотаздымках.

Гільерма, 27 гадоў (Мексіка)
Выкладчык іспанскай мовы і валанцёр. Жыве ў Беларусі 1,5 года. 

«Спачатку я падумаў, што вывучу тут адразу дзве мовы – рускую і беларускую. Але потым зразумеў, што акрамя метро, чыгуначнага вакзалу і аўтобусаў беларуская нідзе не гучыць.

Тут фантастычная колькасць прыгожых дзяўчат. Столькі я бачыў толькі на Кубе. Самае дзіўнае, што ў вашай халоднай краіне жанчыны такія гарачыя. Ва ўсіх сэнсах.

Я палюбіў салёныя гуркі, квашаную капусту, глазураваныя сыркі і чорны хлеб. Апошнім часам мне таксама падабацца гарэлка. Наогул, ваша традыцыя рабіць нарыхтоўкі на зіму – сапраўдны цуд! У нас гэтага няма, бо круглы год ўсё свежае.

Мне здаецца, беларусам не хапае жадання жыць лепш і рашучасці нешта змяніць. Вядома, гэта цяжка. Вядома, трэба патраціць шмат сіл і энергіі. Але калі вы самі не захочаце, ніхто вам не дапаможа.

Я нейкі час працаваў у рэстарацыі. Шэф-повар, калі нікога не было, часта браў гітару і пачынаў граць настальгічныя песні пра паходы, маладосць і вогнішчы. Усе працаўнікі яму падпявалі амаль са слязьмі на вачах. Настальгія – вельмі беларускае пачуццё. У вас шмат хто ідэалізуе мінулае, якое б яно ні было».

Сімон, 24 гады (Бельгія)
 Піяніст. Жыве ў Беларусі 6,5 гадоў. 

«Я не гаварыў па-руску, ніхто з маіх знаёмых нічога не ведаў пра вашую краіну. Калі я напісаў у Google «Беларусь», то адразу прачытаў пра Лукашэнку, камунізм, разгон дэманстрацый і дыктатуру. Калі прыехаў на месца, усё аказалася не так страшна: шырокія праспекты, прыгожая архітэктура, шчырыя і добрыя людзі. У прынцыпе, першы год усё выглядае даволі вясёлкава.

Калі пачынаеш добра гаварыць па-руску, да цябе адразу ставяцца па-іншаму. Могуць нахаміць у краме або распавесці пра нейкія праблемы. У першы год, калі цябе ўспрымаюць як замежніка, вельмі складана нешта зразумець пра краіну і людзей. Таму шмат хто з гасцей і не бачыць у вас нічога дрэннага.

Сучасная беларуская класічная музыка – гэта пара кампазітараў. Астатняе ўсё савецкае і адсталае. Аднойчы я пайшоў на канцэрт Фінберга, але не змог даслухаць да канца. Ці то там вельмі дзіўныя варыяцыі гралі, ці то ён проста дрэнны дырыжор – цяжка было зразумець. Што тычыцца беларускай музыкі, то раней я вельмі любіў N.R.M., Вайцюшкевіча. Усялякую душэўную музыку пратэсту.

Я вегетарыянец з 12 гадоў. Калі ты не ясі мяса ў Беларусі, то ўсе чамусьці хочуць цябе пераканаць і ўперці якую-небудзь катлету.

Быў час, калі я хадзіў на ўсе мітынгі. Было цікава глядзець, як людзі змагаюцца за сваю свабоду. Як гэта можа не цікавіць музыку?

Я быў на Плошчы 19 снежня. Уцякаў ад амапаўцаў. Потым тэлефанавалі, прыходзілі ў кансерваторыю ды інтэрнат, але ў мяне неяк атрымоўвалася ад іх уцячы. У выніку, каб мяне запалохаць, пачалі ціснуць на тое, што я не жыву па месцы прапіскі, у інтэрнаце. Я звярнуўся ў праваабарончы цэнтр «Вясна», там мне далі адваката. Але ўсё я роўна атрымаў штраф 10 базавых.

Я палюбіў Беларусь. Але ўсё часцей я думаю, што люблю тое, чаго насамрэч няма. Мяне вельмі ўражваюць беларускія вёскі, ручнікі, паганскія абрады, ціхія менскія вуліцы. Ад гэтага ўсяго можна расплакацца. Я люблю сваіх беларускіх сяброў. Але ўсё, што мне сапраўды тут падабаецца, знікае, а большасць сяброў хоча з’ехаць у Еўропу.

Часам узнікае пачуццё, што ў Беларусі час спыніўся і ты нічога не можаш зрабіць. Для моладзі, для чалавека, які хоча нешта змяняць, гэта дрэннае пачуццё. Улетку мы з маёй беларускай жонкай паедзем вучыцца ў ЗША або Швейцарыю. У сённяшняй Беларусі я жыць не хачу».

Чытаць больш на TUT.BY

[supsystic-social-sharing id="1"]