Абвешчаны прыём заявак на ўдзел у дзевятым рэспубліканскім конкурсе школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”. Конкурсныя заданні арыентаваныя на вучняў 8-11 класаў, каманда складаецца з 5 вучняў і кіраўніка.
Ён будзе прысвечаны тэме “Еўрапейскія аб’яднанні: ўчора, сёння, заўтра”.

Конкурсныя заданні арыентаваныя на вучняў 8-11 класаў, каманда складаецца з 5 вучняў і кіраўніка. Падрыхтоўка да конкурса і выкананне заданняў адборачнага тура і фінала могуць быць выкарыстаны настаўнікамі для паглыблення ведаў па гісторыі Беларусі і Еўропы, а таксама ў якасці пазакласнай выхаваўчай працы для настаўнікаў, зацікаўленых у выхаванні любові, гонару і патрыятычных пачуццяў да сваёй краіны.

Конкурс 2012 года праводзіцца ў два этапы. Першы этап уўяўляе сабой паўфіналы — плануецца правядзенне некалькіх рэгіянальных паўфіналаў з удзелам заяўленых каманд. Месцы правядзення паўфіналаў будуць вызначацца з улікам тэрытарыяльнага размеркавання каманд (напрыклад – Брэст, Гродна, Мінск, Магілеў). Другі этап — фiнал (камандная гульня з удзелам пераможцаў паўфіналаў). Транспартныя выдаткі кампенсуюцца арганізатарамі. Каманды-пераможцы конкурсаў мінулых гадоў узнагароджваліся паездкамі ў Варшаву, Брусель, Вільню, Кіеў.

Каб узяць удзел конкурсе, трэба да 9 красавіка 2012 года даслаць заяўку на электронны адрас [email protected], указаўшы мясцовасць, навучальную ўстанову, кіраўніка каманды, узрост удзельнікаў каманды, кантакты для сувязі.

Парадак правядзення і конкурсныя заданні паўфіналаў:

1. Прадстаўленне каманд (без ацэнкі);
2. “Гісторыя еўрапейскай інтэграцыі”: адкрыты тэст (з варыянтамі адказу);
3. “Пазнай краіну”. З дапамогай сказаў-падказак, размеркаваных па ступені складанасці, трэба будзе пазнаць некалькі краін ЕС. Найвялікшую колькасць балаў атрымае каманда, якая пазнае большасць краін з выкарыстаннем меншай колькасці падказак;
4. “Ці ёсць будучыня ў Еўрапейскага Саюза?”: конкурс-разважанне (хатняе заданне).
Крытэрыі ацэнкі:
— Абгрунтаванасць тэзісаў (калі так, то чаму, калі не, то чаму);
— Лагічнасць і паслядоўнасць выкладання;
— Змястоўнасць, напоўненасць фактамі і прыкладамі;
— Арыгінальнасць дэманстрацыі;
— Рэгламент – 5 хвілін на выступ-разважанне.
5. Брэйн-рынг. Тэма: “Еўрааб’яднанні ў мінулым”;
6. Конкурс-сюрпрыз (на агульную эрудыцыю)

Арганізатары конкурса — ініцыятыўная група Клуба еўрапейскіх настаўнікаў, ГА “Адукацыйны цэнтр “ПОСТ””, Асветніцкая ўстанова “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый” пры падтрымцы Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (АМО) (Чэхія), Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”, Офіса за дэмакратычную Беларусь (Бельгія) і ПАГА “Рух “За Свабоду”.

Паводле «Рух за Свабоду»

Europe

[supsystic-social-sharing id="1"]