Што цікавага маюць пабачыць берасцейцы на канцэрце “Серебряной свадьбы” — гурта з бадай што самым яскравым сцэнічным вобразам у беларускай музычнай індустрыі.

Лірычнае адступленне

Памятаю, гадоў пяць, а мабыць, і болей, таму сябар павёў мяне на канцэрт гурта “Садъ” – святая святых для былой дваровай шпаны, якая праводзіла вечары на лаўкай і вучыла адзін аднаго граць на гітары. Маё дзяцінства, не зважаючы на “ліхія дзевяностыя”, праходзіла крыху інакш, і трапяткіх пачуццяў прыстарэлыя дзядзькі з “Сада” у мяне не выклікалі. Тым больш, што самі мясцовыя “зоркі” павінны былі граць хвілін дваццаць у канцы канцэрта, а ўвесь астатні час публіку разагравалі нейкія незнаёмыя мне маладыя “рок-банды”. У мяне ад звону метала ўжо пачала балець галава, і я амаль ненавідзела свайго кавалера з яго культурнай праграмай. Але раптам замест чарговых патлатых хлопцаў у драных джынсах на сцэну выйшлі  артысты ў экстравагантных жылетах, капялюшах, салістка – у паласатых панчохах, карсеце і з чамаданам. Яны гралі на кантрабасе, трубе, скрыпцы і пелі шалёныя смешныя песні.  Я была пад такім уражаннем, што зноў палюбіла свайго сябра і ўвесь свет… Акрамя салістаў гурта “Садъ”, якія пасля феерычнага шоў ад “Серебряной свадьбы”  нарэшце  выйшлі на сцэну – крыху “пад шафэ”, у старых кофтах, і селі на табурэтачку нешта брынчаць на гітары…

Сур’ёзны фрык

Сёння гурт “Серебряная свадьба” вядомы як адзін з самых яскравых, нестандартных і цікавых праектаў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах СНД. Канцэрты у Маскве, Пецярбургу, Львове праходзяць на “ура”. Не зважаючы на тое, што гурт планаваўся, гэтак бы мовіць, “на аматара”.  Самі артысты называюць свой сябе “фрык-кабарэ-бэнд”, падкрэсліваючы сцёбны, фрыкавы характар тэатралізаваных выступаў на манер французскага кабарэ. Але я б адзначыла, што простая дурашлівасць не прынесла б выканаўцам такога поспеху, які мае сёння “СС” на прасторах былога Саюза. Музыканты, у першую чаргу салістка Бенька (Святлана Залеская-Бень), стварылі непаўторныя глыбокія вобразы, заснаваныя на нацыянальнай глебе.

Местачковы Манпарнас

Атмасфера французскага кабарэ сярэдзіны мінулага стагоддзя артысты адначасова ідэалізуюць і парадыруюць. Яны паказалі савецкую мару аб прыгожым і цікавым жыцці буржуазнай багемы, водгукі якога прасочваліся праз жалезную завесу да сэрцаў ударніц вытворчасці і спартсменак-камсамолак. Некаторыя з іх спрабавалі ажыццявіць французкі сцэнар жыцця ў постсавецкіх дэкарацыях. Як раз пра такую жанчыну і спявае іранічная Бенька і ўвасабляе яе ў тэатралізаваным вобразе на сцэне.

Лірычная гераіня песень адчувае пастаянны экзістэнцыяльны канфлікт паміж французскай марай і жорсткай пастсавецкай рэчаіснасцю (“все происходит без цветов, без фильдеперсовых чулков, без ананасов и духов… и даже без одеколону”). Асабліва драматычнымі становяцца стасункі паміж мужчынам і жанчынай: “Ей нравилися с детства Робин-Гуды, Но ей встречалися одни верблюды. Ей наплевали в трепетную душу Все четыре мужа”. Вось не меней трагічная сітуацыя з песні “Малобюджетная любовь”:

Такая женщина, как я,

Достойна денежных вложений,

А ты имеешь лишь меня,

И то не в лучших положениях…

Жыццё прымушае гераіню мець зносіны з кавалерамі, якія абіраюць не зусім куртуазныя спосабы спадабацца жанчыне: “Ее пломбиром соблазнял И кинофильмом про индейцев И про космических пришельцев И комплименты учинял”.

У новым альбоме “Сердечная мускулатура” тэма супрацьстаяння ідэальнага і рэальнага працягваецца – дзяўчынка мела ідэальнае каханне з хлопчыкам  (“ходили в кино, сочиняли рассказы, не ссорясь ни разу – две чистых души”)  да той пары, пакуль мама не заўважыла ў яе вошы. У альбоме з’яўляецца новы лірычны герой –  мясцовы калега Поля Верлена, багемны паэт, якога “качало от бутылочки винца”.

***

Калі нуда па Францыі і Парыжу не пакідае ваша сэрца, раю завітаць 31 сакавіка на імпрэзу “Серебряной свадьбы” – і вас вылечаць!

Альбіна Трус

[supsystic-social-sharing id="1"]