Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
У краіне

Беларусь – вораг інтэрнэта

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Reporters without Borders (“Рэпарцёры без межаў”) унесла Беларусь у спіс краін, якія з’яўляюцца “ворагамі інтэрнэта”.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, пра гэта гаворыцца ў справаздачы арганізацыі, якая апублікаваная 12 сакавіка. Акурат у гэты дзень адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць цэнзуры ў Сеціве (World Day Against Cyber-Censorship).

“У Беларусі рэжым прэзідэнта Лукашэнкі ўзмацняе кантроль над інтэрнэтам, пакуль краіна далей паглыбляецца ў палітычную ізаляцыю і эканамічны застой. Інтэрнэт-прастора, якую выкарыстоўваюць для распаўсюджвання інфармацыі і мабілізацыі пратэстаў, сур’ёзна пацярпела, калі ўлады адрэагавалі на “рэвалюцыю праз сацыяльныя медыя”. Спіс заблакаваных вэб-сайтаў вырас, інтэрнэт часткова блакаваўся падчас “маўклівых пратэстаў”. Некаторыя беларускія інтэрнэт-карыстальнікі і блогеры былі арыштаваныя, іншыя былі запрошаныя на “прафілактычныя гутаркі” ў міліцыю — як спроба прымусіць іх спыніць дэманстрацыі і расповеды пра іх. Урад выкарыстоўваў Twitter-паведамленні з мэтай запалохаць дэманстрантаў, а асноўны правайдэр замест доступу да анлайн-сацыяльнай сеткі “Вконтакте” пераадрасоўваў на сайты, якія змяшчаюць шкодныя праграмы. Закон № 317-3, які ўступіў у сілу 6 студзеня 2012 года, замацаваў назіранне за Сецівам і захады кантролю”, — адзначаецца ў рэлізе арганізацыі.

Рашэнне “Рэпарцёраў без межаў” “Новаму часу” пракаментаваў намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец.

— Мы бачым, што з 2010 года кантроль за дзейнасцю ў інтэрнэце робіцца больш жорсткім. Тут можна назваць дзве лініі: адна — гэта заканадаўчыя, прававыя абмежаванні дзейнасці ў інтэрнэце, і тут апошняе, што ўзгадваецца, — гэта змяненні ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, якія ўстанавілі адказнасць за парушэнне Указа № 60 прэзідэнта Беларусі. І другая, што, верагодна, яшчэ больш важна, — гэта тое, што ўлады рэзка ўзмацнілі сваю прысутнасць у інтэрнэце. І, да прыкладу, тыя акцыі, што ладзіліся праз сацыяльныя сеткі, — акцыі маўклівага пратэсту, акцыі “Стоп — бензін!” — яны адсочваліся сілавымі структурамі, і ўдзельнікі гэтых сеткавых супольнасцяў выклікаліся на размовы, допыты і гэтак далей. Гэта, на маю думку, і сталася адной з прычынаў таго, што было прынятае менавіта такое рашэнне ў дачыненні да Беларусі.

— Якая сёння ўвогуле сітуацыя з інтэрнэт-супольнасцю ў Рэспубліцы Беларусь?

— З аднаго боку, інтэрнэт у Беларусі развіваецца. З іншага боку, развіваецца і ўзмацняецца кантроль за дзейнасцю ў інтэрнэт-галіне. Але інтэрнэт пакуль што застаецца самай свабоднай галіною інфармацыйнае прасторы Беларусі, і відавочна, што гэта вельмі не падабаецца ўладам.

— А ці магчымыя зараз больш радыкальная спробы ўладаў заціснуць шрубы для інтэрнэт-супольнасці?

— Я не ўпэўнены, што менавіта зараз, у самы найбліжэйшы час, магчымыя нейкія больш радыкальныя крокі з боку ўладаў кшталту “кітайскае сцяны”. Я мяркую, што гэта будзе паступовае зацягванне шрубаў.

— Як гэта можа выглядаць на практыцы?

— А што мы маем сёння? Сёння мы маем тое, што шэраг сайтаў унесены ў “чорныя спісы”, і доступ да іх блакуецца ў дзяржаўных установах — установах адукацыі і культуры. Можна меркаваць, што такі спіс будзе толькі пашырацца. З іншага боку, мы бачым, што падчас масавых мерапрыемстваў блакуецца доступ да пэўных сайтаў, якія асвятляюць гэтыя мерапрыемствы, і гэта будзе працягвацца і надалей. Але самая вялікая небяспека, якая існуе ўжо з 2009 года, гэта калі будзе прынятая пастанова ўраду аб рэгуляванні дзейнасці і рэгістрацыі СМІ, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Узнікае вельмі шмат пытанняў і наконт лёсу гэтай пастановы, і наконт магчымасці яе прыняцця. Хаця і гучалі запэўніванні, што такая пастанова можа быць і не прынятая, але і гучалі супрацьлеглыя заявы з вуснаў міністра інфармацыі, і гэта ёсць адной з самых вялікіх пагрозаў для беларускага інтэрнэта. Менавіта інфармацыйнага інтэрнэта.

Нагадаем, што апроч Беларусі, у спісе краін-ворагаў інтэрнэту фігуруюць яшчэ дзесяць дзяржаваў — Бахрэйн, В’етнам, Іран, Кітай, Куба, М’янма, Паўночная Карэя, Саудаўская Аравія, Сірыя, Туркменістан, Узбекістан. “Цудоўная”, як бачым, кампанія!

Справаздача “Рэпарцёраў без межаў” па Беларусі за 2012 год (рус.)

Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Reporters without Borders

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *