Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Дзедзіч & Ко

Што будзе на Дзень Волі ў Берасці

“Дзедзіч” прапануе берасцейцам адзначыць 25 сакавіка цікава, крэатыўна і па-сяброўску. Запланавана экскурсія, вулічная гульня з пошукам таемных кропак, ускладанне кветак да магіл дзеячоў БНР і нават магчымасць атрымаць віншавальную паштоўку.

25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (былы выканкам Усебеларускага з’езду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, ў якой БНР абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай.

Ўжо шмат гадоў беларусы адзначаюць гэты дзень як Дзень Волі. Гэтым разам “Дзедзіч” прапануе берасцейцам адмысловую праграму святкавання. Запрашаюцца і моладзь, і дарослыя, усе жадаючыя, зацікаўленыя гісторыяй сваёй краіны.

25 сакавіка ў Берасці. Праграма.

  • 12:00 – Трышынскія могілкі. Збор удзельнікаў і экскурсія. Ускладанне кветак да помніка аднаго з дзеячоў БНР Адама Трыпуса, да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій.
  • 12:30 – 15:30 – Гульня “БНР-Берасце” (апісанне чытай ніжэй).
  • 15:30- 16:00 – Падвядзенне вынікаў гульні, экскурсія па Вайсковых могілках. Ускладанне кветак да магілы жаўнераў арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча.
  • 16:30-17:00 – Розыгрыш віншавальных паштовак.
  • 17:30 – 19:30 – Узнагароджванне пераможцаў гульні, кава-гарбата.
Віншавальная паштоўка

Віншавальная паштоўка

Гульня “БНР-Берасце”.

Пасля экскурсіі па Трышынскіх могілках удзельнікі дзеляцца на каманды па 3-5 чалавек. Старт адначасовы ад выхаду з могілак.

У кожнай каманды свой маршрут. На маршруце неабходна знайсці замаскіраваныя кропкі-пікеты.
На кропцы-пікеце ўдзельнікі шукаюць заданне і мапу з пазначаным раёнам пошуку наступнага пікету.

Першую мапу і заданне вядоўцы выдаюць на старце. Яны ж патлумачаць і прадэманструюць знешні выгляд пікетаў, прыклады месцаў, дзе могуць быць схаваныя заданні. Калі каманда не можа знайсці пікет, ёсць бонус – падказка вядоўцы, якой можна скарыстацца толькі адзін раз.

У гульне ёсць кантрольны час – 15:30, гэта значыць, што усе каманды павінны прыбыць на канчатковы пункт да гэтага часу.

Каманда, якая прыйдзе на канчатковы пункт першай і пры гэтым расшукае ўсе пікеты, атрымлівае прыз, які складаецца з матэрыяльнай і фінансавай частак. Падрабязнасці раскрываць не будзем, але, як запэўніваюць арганізатары, расчаравання на тварах не будзе.

Каб перамагчы ў гульне, патрэбны не толькі хуткасць і ўменне арыентавацца ў горадзе, а таксама веданне элементарных фактаў з гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.  Пазнаёміцца з імі можна, напрыклад, тут: 25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР (Фота).

Арганізатары запрашаюць берасцейцаў прыходзіць камандамі, запрашаць сяброў, каб было весялей гуляць. Зрэшты, 25 сакавіка – наша свята, і толькі ад нас залежыць, ці будзе ў нас святочны настрой.

Па словах кіраўніка “Дзедзіча” Дзмітрыя Шыманскага,  такая форма святкавання 25 сакавіка дазваляе не псаваць настрой непатрэбным высвятленнем адносінаў з міліцыяй:

– Як вядома, на Дзень Волі міліцыя пільна сочыць за тым, каб моладзь не вывешвала сцягі, расцяжкі, і да таго падобнае. Наша праграма дазваляе адзначыць гэта свята пазбегнуўшы непатрэбных разборак з людзьмі ў пагонах, – адзначыў Дзмітрый Шыманскі.

Заявіць пра свой удзел а таксама задаць пытанні арганізатарам можна ў адмыслова створанай суполцы Укантакце: http://vk.com/dzien_voli_2012

25 сакавіка - Дзень Волі

25 сакавіка - Дзень Волі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *