Пра наступствы і эфектыўнасць пашырэння санкцыяў ЕЗ разважае кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.
Як вы ставіцеся да рашэння Рады міністраў Еўразвязу дадаць у спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў дваццаць адну асобу?
Мая пазіцыя нязменная шмат гадоў: я лічу, што маральныя санкцыі патрэбныя, бо зло павінна быць пакарана. Але я б не лічыў, што варта рабіць міталягізацыю візаў і лічыць, што візы могуць усё вырашыць: што прыйдзе дэмакратычны дзядзька з захаду, возьме дубіну і зробіць тут дэмакратыю. Таму я супраць шырокіх эканамічных санкцыяў. Яны дзейнічаюць адмоўна і супраць простых людзей, і памяншаюць праеўрапейскія настроі, рэйтынг апазіцыі. Асноўнае пытанне: дзеля чаго гэта ўсё робіцца? Пакуль мы не адказалі на яго, мы ня маем права нават гаварыць, як мы ацэньваем санкцыі.
Еўразвяз кажа: для вызвалення палітвязняў. Вы лічыце эфектыўнымі такія санкцыі?
Еўразвяз робіць гэта не з надзеяй вызваліць палітвязняў — гэта хутчэй дэманстрацыя катэгарычна адмоўнага стаўлення да палітыкі беларускіх уладаў. Усё ж палітвязняў, калі сыходзіць з нашай практыкі, вызваляе шанец на дыялог, а не санкцыі. Узгадайма, як прыехаў Саляна і дамовіўся: калі вызваляюцца палітвязні, то пачынаецца дыялог. Другі раз вызвалілі больш за 30 палітвязняў — у мінулым годзе, калі прыязджаў баўгарскі міністр Младзенаў і таксама дамовіўся аб пачатку дыялогу, умовай якога было вызваленне. Я лічу, што шанец на дыялог больш эфектыўны, чым санкцыі. Хаця візавыя санкцыі і важныя.
Дык ваш адказ на пытанне «для чаго санкцыі» — для пачатку дыялогу?
Не, яны павінны прадэманстраваць беларускай уладзе, што мадэрнізацыя, якая залежыць ад супрацоўніцтва з ЕЗ, палітычнае супрацоўніцтва, розныя праграмы могуць быць толькі тады, калі не будзе палітвязняў.
Як вы лічыце: каб у спіс неўязных трапіў блізкі да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсмэн Юры Чыж, якога ўратавала Славенія, сённяшняе рашэнне было б больш эфектыўным?
Я не лічу, што канкрэтная асоба вырашае эфектыўнасць санкцыяў. Мяне засмучае, што ЕЗ зноў не гаворыць адной мовай: гэтая некансалідаваная пазіцыя вельмі шкодзіць эфектыўнасці ягоных дзеянняў. Гэтае лабіраванне шкодзіць іміджу Еўразвязу.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што сённяшні дзень — сумны для Еўропы. Аказалася, сказаў міністр, што эканамічныя інтарэсы адной краіны аказаліся важнейшымі, чым патрэба паўплываць на прэзідэнта Лукашэнку дзеля вызвалення палітвязняў? Вы згодныя з Сікорскім?
У гэтым сэнсе так, і раней былі падобныя факты — калі адны краіны стаялі на пазіцыях маральных, а іншыя — на пазіцыях «рэал палітык». Мы памятаем візіты Берлусконі, і як некаторыя краіны казалі, што не трэба ніякіх санкцый — маўляў, робім бізнес, бо калі з’явіцца сярэдні клас, на Беларусі будзе больш дэмакратыі. ЕЗ гэта не адна краіна, тым больш аўтарытарная, дзе ўсе робяць так, як сказаў адзін. ЕЗ — гэта саюз 27 краінаў, і яны маюць розныя пазіцыі. Шкада, што адносна дэмакратыі на Беларусі ці палітвязняў у іх розныя пазіцыі. Гэта, безумоўна, засмучае.
У мінулым месяцы шмат водгукаў выклікала прапановы кіраўніцы брусэльскага офісу «За дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай скараціць спіс чыноўнікам, якім уезд у Еўразвяз забаронены, паколькі спіс састарэў, і самі абмежаванні не прыносяць жаданага выніку. Ці падзяляеце вы пазіцыю Вольгі Стужынскай?
Адказ на гэтае ды іншыя пытанні — слухайце на сайце Радыё Свабода