Еўрапейскія краіны адклікаюць сваіх амбасадараў з Менску на знак салідарнасці з амбасадарамі Польшчы і Еўразвяза. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».

Першай адклікала свайго амбасадара Нямеччына. «Рашэнне Менска нас абурыла, Еўразвяз нельга ані запалохаць, ані падзяліць», — заявіў кіраўнік нямецкага МЗС Гіда Вестэрвеле.

Другімі сталі французы:
«Разам з еўрапейскімі партнёрамі Францыя працягне асуджаць пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека і фундаментальнымі свабодамі ў гэтай краіне, а таксама процідзейнічаць рэпрэсіям ў дачыненні да праціўнікаў рэжыму ў Менску», — заявіў прэс-сакратар МЗС Французскай рэспублікі Бернар Валеро.

Пасол беларускі

Пасол беларускі

Астатнія еўрапейскія краіны прынялі рашэнне пасля тэрміновай нарады, якую Кэтрын Эштан склікала ў Брусэлі. Пасля нарады прэсавая сакратарка Эштан Мая Кацыянчыч заявіла: «На знак салідарнасці і адзінства мы дамовіліся, што амбасадары краінаў Еўразвяза ў Менску будуць усе адкліканыя для кансультацыяў у свае краіны. Усе краіны Еўразвяза таксама выклічуць беларускіх амбасадараў у свае міністэрствы замежных спраў».

У заяве начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных еўрапейцам прапаноўвалася «давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый». Такі крок афіцыйны Менск зрабіў у адказ на рашэнне Рады ЕЗ пашырыць спіс беларускіх чыноўнікаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць візавыя абмежаванні.

У сваю чаргу, у Менск для кансультацый адкліканы пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўразвязе Андрэй Еўдачэнка і амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак.

«Рашэнне Рады ЕС гаворыць пра тое, што Еўразвяз працягвае прытрымлівацца палітыкі адкрытага ціску. Мы неаднаразова на ўсіх узроўнях тлумачылі бесперспектыўнасць такой палітыкі ў адносінах з Рэспублікай Беларусь», — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.

Таксама адзначаецца, што «ў адказ беларускі бок закрые ўезд у Беларусь тым асобам з краін Еўразвяза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мер».

«У выпадку працягу ціску на Рэспубліку Беларусь будуць прыняты і іншыя меры для абароны нашых інтарэсаў, — адзначыў Андрэй Савіных.

— Мы спадзяемся, што службовыя асобы ЕЗ і яго дзяржаў-удзельніц ўсведамляюць недасканаласць сілавога шляху».

«Прапановы Беларусі аб развіцці дыялогу, узаемадзеяння і супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам на аснове прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемнай павагі застаюцца ў сіле», — адзначаецца ў заяве.

Як вядома, учора Рада ЕЗ дабавіла да спіса неўязных у краіны саюза яшчэ 21 лукашэнкаўца — сілавікоў і суддзяў, датычных да няправедных прысудаў беларусам.

У сваю чаргу, у Беларусі ў пятніцу 24 лютага быў вынесены прысуд віцебчуку Сяргею Каваленку: больш за два гады турмы. Віна гэтага 37-гадовага будаўніка была ў тым, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг у Віцебску.

Адзначым, што адкліканне паслоў для кансультацый — гэта адна з крайніх дыпламатычных мераў.

Яшчэ ў 2008 годзе з Беларусі быў аналагічным чынам «вышпурнута» (выраз Аляксандра Лукашэнкі) амбасадар ЗША.

Пасол ты!

Дагэтуль дыпламатычныя адносіны з ЗША застаюцца на паніжаным узроўні (у амбасадзе ЗША ў Беларусі знаходзіцца зараз не амбасадар, а часовы павераны. Адпаведны статус мае кіраўнік амбасады Беларусі ў ЗША). Зараз такое сама можа адбыцца і ў адносінах з Еўразвязам. Лукашэнка верыць, што Пуцін яго не здасць.

У той жа час Еўропа не верыць, што Менск мае магчымасць нанесці ёй сур’ёзную шкоду: «Беларусі больш патрэбная Польшча і Еўрасаюз, чым наадварот», — так адкаментаваў для радыё «Свабода» рашэнне Лукашэнкі польскі палітолаг Войцех Бародзіч-Смалінскі.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск даведаўся пра дэмарш беларускага МЗС падчас канферэнцыі, паведамляе партал onet.pl. Міністр не хаваў свайго здзіўлення: «Толькі цяпер пра гэта даведаўся. Мне цяжка каментаваць гэтую сітуацыю сёння, а заўтра будуць каментары міністра Сікорскага. Наша пазіцыя па Беларусі не зменіцца», — сказаў Туск.

Паводле сайта газеты «Наша Ніва».

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

Дадаць каментарый