Еўрапейская народная партыя лічыць непрымальным правядзенне ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. У сувязі з гэтым, на думку членаў самай буйной партыі Еўрапарламента, правядзенне ЧС-2014 варта перанесці з Беларусі ў іншае месца.

Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі ЕНП па Беларусі, прынятай Палітычнай асамблеяй партыі 9 лютага 2012 ў Бруселі, паведамляе навінавы партал telegraf.by.

«Спорт павінен несці радасць волі, плюралізму і адзінства і па гэтай прычыне абсалютна непрымальная, што лукашэнкаўская Беларусь будзе прымаць Чэмпіянат свету па хакеі-2014», — прыводзіць тэкст рэзалюцыі іншы інтэрнэт-рэсурс «Хартыя-97».

Дэпутатаў ад ЕПН абурае факт таго, што «апошнія 17 гадоў краінай кіруе жалезны кулак дыктатара Лукашэнкі, які пазбаўляе людзей асноўных правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона, фальсіфікуе вынікі выбараў і ўхіляе сваіх палітычных апанентаў», — пішуць незалежныя беларускія СМІ.

У нядаўна прынятай рэзалюцыі ЕПН выказваецца заклік, каб на наступным з’ездзе Міжнароднай федэрацыі хакея (IIFH), які адбудзецца ў маі ў Хельсінкі (Фінляндыя), «было прынята рашэнне аб пераносе Чэмпіянату свету 2014 у іншае месца да таго часу, пакуль Беларусь не здабудзе волю і годнасць ».

«У выпадку, калі такое рашэнне не будзе прынята, заклікаем усе федэрацыі хакея краін Еўразвяза і іншых дэмакратычных дзяржаў байкатаваць гэтыя гульні!», — цытуе вытрымкі з рэзалюцыі telegraf.by.
Раней прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэне Фазель заявіў, што кіраўніцтва IIFH прыняло рашэнне праводзіць ЧС-2014 года ў Беларусі, паколькі хакей знаходзіцца ў баку ад палітычных дыскусій.

Нагадаем, у сакавіку 2011 года сенатары ЗША Рычард Дурбін і Джо Ліберман вынеслі на абмеркаванне верхняй палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША праект рэзалюцыі па Беларусі, часткай якой стаў заклік заканадаўцаў да Міжнароднай федэрацыі хакея адмовіцца ад правядзення чэмпіянату свету 2014 года ў Беларусі, выказаўшы такім чынам стаўленне да недэмакратычнай палітыцы прэзідэнта Лукашэнкі.

Варта адзначыць, што ў траўні мінулага года прэзідэнт Еўрапарламента Ежы Бузэк, заручыўшыся подпісамі сваіх калегаў і вядомых спартоўцаў, накіраваў ліст у IIFH з просьбай перагледзець рашэнне аб правядзенні турніру 2014 года ў Беларусі.

«Паводзіны беларускага рэжыму відавочным чынам пазбаўляе яго права праводзіць такую буйную спартыўнаю падзею, як чэмпіянат свету па хакеі 2014 года. Гэты рэжым арыштаваў сотні мірных дэманстрантаў, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты, лідэраў апазіцыі, журналістаў, грамадзянскіх актывістаў і простых грамадзян Беларусі. Чэмпіянат па хакеі 2014 года не можа праводзіцца ў Беларусі ў такіх жудасных умовах», — прыводзіў вытрымку з ліста Бузэка раней «Голас Амерыкі».

Паводле Новая Эўропа

World championship 2014

[supsystic-social-sharing id="1"]