Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

У Берасці ДАІ палюе на “Пагоню”

ДАІ выклікае аўтааматараў, якія размяшчаюць на кузаве свайго аўтамабіля налепкі з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сцягам. Іншыя налепкі іх не цікавяць.

ДАІшнікі пагражаюць штрафамі за парушэнне правілаў дарожнага руху – пра гэта паведаміў «Свабодзе» старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Клімус, які таксама мусіў наведаць абласную ДАІ:

«Абласная ДАІ Берасця пачала масава выклікаць людзей, хто ездзіць на машынах з налепленымі на іх „Пагонямі“ і іншай нацыянальнай сімволікай. Мяне таксама выклікалі. Як я зразумеў з размовы з супрацоўнікамі ДАІ, выклікаюць людзей з 3 лютага. Ужо больш за 10 чалавек выклікалі. Я сустрэў знаёмага, які ездзіць таксама з налепкай „Пагоні“ і бел-чырвона-белым сцягам. Яму пагражалі артыкулам аб навешванні налепак на кузаў аўтамабіля».

Паводле артыкула 194.13 Правілаў дарожнага руху забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку са знешне бачнымі налепкамі. Пад гэты артыкул не трапляюць налепкі з рэкламай або інфармацыяй аб прыналежнасці аўтамабіля арганізацыі ці прадпрымальніку. Віктар Клімус кажа, што менавіта гэтым артыкулам пагражалі яму супрацоўнікі ДАІ:

«Але на мяне пратакол не склалі, бо ў мяне „Пагоня“ была на магніце і я перад прыездам у ДАІ яе зняў. Здымаў я яе на час дагляду, а потым павесіў на месца. Я не збіраюся яе здымаць назаўсёды. Павесіў яе назад, як толькі выехаў за вароты дзяржаўтаінспекцыі», — распавёў берасцейскі палітык.

Спадар Клімус кажа, што ён бачыць у гэтым палітычна матываваную замову:

«Лічу, што трэба надаць розгалас гэтай справе, бо відавочна, што справа палітычная. Тут ёсць нейкая замова, бо я бачыў, што ў іх у спісе каля 30 чалавек. Самі міліцыянты не хавалі, што працуюць ужо з 3 лютага. Зараз перабіраюць астатніх, хто ў іх у спісе. Гэты спіс у іх ляжыць на стале, яны нават не хаваюць, што прыйшла інфармацыя».

Берасцейскі актывіст Анатоль Ярмак пацвердзіў інфармацыю, якую агучыў Віктар Клімус. Ён распавёў карэспандэнту «Свабоды», што яго таксама выклікалі ў ДАІ для дагляду аўтамабіля. Але, не знайшоўшы налепак на ягоным аўто, даішнік паказаў Анатолю фатаздымкі іншых аўтамабіляў з нацыянальнай сімволікай. Пры гэтым, распавёў спадар Ярмак, налепка, якая не датычыць нацыянальных сімвалаў, супрацоўнікаў ДАІ не зацікавіла.

Паводле www.svaboda.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *