З 1 лютага кошты на навучанне ў беларускіх ВНУ, як вядома зноў падняліся. Да такой ступені, што не ва ўсіх хапае грошай.

Некаторыя студэнты-платнікі пачалі забіраць дакументы: не могуць пацягнуць такія кошты.

“Я вучылася ў БДУ на філасофскім факультэце. Мяне ўзялі па даборы, бо не хапала балаў. Але мяне ўсё ж узялі. Але цяпер буду сыходзіць, бо ўжо не стае грошай плаціць: за тры месяцы між сесіямі аплату падымалі двойчы”, – распавядае Еўрарадыё студэнтка 1-га курса Эрыс Сяргеева, якая будзе забіраць дакументы з БДУ.

Дзяўчына вучылася на завочным і працавала, каб аплаціць сабе навучанне. А цяпер на вучобу ёй ўжо не хапае. Працуе мерчэндайзерам. Плацяць 1 мільён 700 тысяч рублёў. Вучоба ж да падаражання каштавала 3 мільёны за год. Цяпер кошты ўзляцяць яшчэ на траціну.

Эрыс Сяргеева: “Калі паступала, мне дапамаглі бацькі. А цяпер мне трэба аддаць заробак, каб заплаціць за вучобу. Тым больш, я нядаўна ўладкавалася і заробак дадуць не цалкам”.

У гэтым годзе дзяўчына таксама збіраецца паступаць, але калі назбірае грошай.

У Аграрна-тэхнічным універсітэце адукацыя падаражэе на траціну. Лічбы па факультэтах пакуль няма. А студэнты, калі і будуць адлічвацца – то пазней, упэўніваюць у рэктараце.

Супрацоўнік БДАТУ: “Аплата толькі з 1 лютага павышаецца. Таму студэнты думаць будуць. Пасля мінулага павышэння два чалавекі на завочнае перайшлі. Адзін – сірата, другі – па сямейных абставінах: тата памёр”.

У альма-матэр кіраўніка краіны – Магілёўскім універсітэце імя Куляшова – вучоба падаражэла на 29%. Для ўсіх факультэтаў: 7 мільёнаў. Раней было: 5,2 мільёны. Студэнты пакуль не адлічваюцца. Але… кожны год ёсць тыя, хто забірае дакументы з-за высокай аплаты.

“Такіх выпадкаў мала. Здараецца, людзі не рэалістычна ацэньваюць свае магчымасці. Кожны год – некалькі чалавек сыходзяць”, – гавораць у МДУ імя Куляшова.

БНТУ падыме кошты на 29%. Раней самыя прэстыжныя факультэты каштавалі больш за 7 мільёнаў. Цяпер, калі павялічыцца на 29%, будзе больш за 9 мільёнаў. Падняліся і заробкі ў выкладчыкаў.

“Сярэдняя зарплата за мінулы год у выкладчыкаў была 2,8 мільёны. Зараз у межах 3,2 мільёнаў”, – агучваюць заробкі выкладчыкаў у БНТУ.

Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя Машэрава плаціць сваім прафесарам больш – 4,5 мільёны. Павышэнне заробку тут звязваюць з ростам платы за навучанне. Самы дарагі факультэт, юрыдычны, цяпер будзе каштаваць каля 8 мільёнаў. З-за высокай аплаты ў ВДУ на завочку штогод сыходзяць каля 10 студэнтаў.

Супрацоўнік ВДУ: “Бывае такое. Цягам году… Іх не так шмат, каля 10 чалавек за год просяць перавесціся на завочнае”.

Нагадаем, за год вышэйшая адукацыя даражэла тры разы. Апошні раз кошты на адукацыю ў беларускіх ВНУ раслі ў лістападзе — у сярэднім на 20–25%. Да гэтага іх уздымалі ў жніўні, а таксама падчас зімовай сесіі ў 2011. Такім чынам, за год навучанне падаражэла больш чым на 70%.

Фота: fairmoegensbildung.de
Паводле euroradio.fm

[supsystic-social-sharing id="1"]