Семінар ад Офіса па правах людзей з інваліднасцю адбыўся 1 лютага ў Берасці  ў  рамках інфармацыйнага тура па Беларусі.Вёў семінар каардынатіар Офіса Сягрей Драздоўскі.

Галоўная праблема, якая была акрэслена на семiнары — гэта асаблівае стаўленне да людзей з інваліднасцю ў сучасным грамадстве. Справа ў тым, што такія людзі звычайна ўспрымаюцца  як аб’екты медыцынскай дапамогі, тады як на праблему лепей глядзець з пункту гледжання правоў чалавека і сацыяльнай аховы. Мэтай дапамогі людзям з інваліднасцю павінна быць не проста забеспячэнне іх сродкамі выжывання, а ўключэнне іх у жыццё грамадства, стварэнне роўных магчымасцяў для ўсіх.

Таму сёння для Беларусi асаблівае значэнне мае Канвенцыя ААН па правах інвалідаў (Беларусь — адзіная краiна ў Еўропе, што пакуль не прыняла яе). Яна дазволіць больш шырока глядзець на праблему і глыбей яе разумець. Прынцыпы, на якіх яна заснавана (адсутнасць дыскрымінацыі, разумнае прыстасаванне, агульнадаступнасць і салідарнасць), з’яўляюцца асновапалагаючымі для стварэння ўмоў для жыцця людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў сённяшнім Беларускім грамадстве. Акрамя таго, людзі і арганізацыі, якія распараджаюцца сродкамі на дапамогу людзям з інваліднасцю будуць мець больш справаздач і, як след, больш адказнасці.

Пад час семінара працавала бясплатная юрыдычная кансультацыя для людзей з інваліднасцю, а таксама шла гарачая дыскусія пра тое, што можна зрабіць і як дапамагчы людзям.

Стаўленне да людзей з інваліднасцю ў нашай краіне даказвае, наколькі беларусы не талерантныя. Мы прывыклі казаць пра гэтую нашую якасць, але на справе карціна складаецца больш чым сумная. Інвалідам прасцей сядзець дома — бо нават не ва ўсіх буйных крамах ёсць пандусы, не кажучы аб грамадскім транспарце, у якім проста немагчыма ездзіць. А якіх намаганняў каштаваў  пошук гасцініцы для самаго Сяргея Драздоўскага, які сам сядзіць у інваліднай калясцы. Атрымліваецца, людзі абмежаваныя не ў фізічных магчымасцях, яны абмежаваныя ў свабодзе…

Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі

Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі

[supsystic-social-sharing id="1"]