Якой убачыў Беларусь малады валанцёр з Аўстрыі, што такое валанцёрства і як маладым беларусам паехаць у іншую краіну бясплатна? Уся інфармацыя далей!


Малады фатограф і валанцёр Максіміліян Розэнбергер апынуўся ў Беларусі дзякуючы праграме Еўразвяза «Еўрапейская валанцёрская служба» (ЕВС). АМП распыталі яго пра ўражанні ад сінявокай і маладых беларусаў, а таксама папрасілі расказаць, як паездзіць па розных краінах бясплатна, знайсці новых сяброў і адшукаць сваё «Я».

— Макс, як сталася, што ты апынуўся ў Беларусі? Якое галоўнае ўражанне ад нашай краіны?

— Я абраў Беларусь, таму што быў звязаны з гэтай краінай у сваім мінулым. Мяне вельмі ўразіла адрозненне гэтага краю ад майго маленькага сусвету. Гэта цалкам іншы свет, які дае вялікі ўнёсак майму простаму і утульнаму жыццю ў Аўстрыі. Знаходзіцца тут, у Беларусі, ды пазнаваць яе – гэта вымушае мяне расці. Таму што тут цалкам іншае жыццё, людзі думаюць па-іншаму, штодзённыя рэчы іншыя.

Менавіта таму мне так цікава вывучаць гэтую культуру, гэты шлях жыцця. Гэта галоўная нагода, чаму я вырашыў правесці тут больш часу з падтрымкі ЕВС.

Што мне асабліва падабаецца: людзі, якіх я сустракаю ў прыватным жыцці, сапраўды адкрытыя. Беларускія сем’і адкрытыя да замежніка – яны глядзяць на цябе і ўпускаюць у сваё жыццё.

У маёй краіне такога больш не існуе. І гэта зрабілася маем самым вялікім уражаннем тут! І яшчэ тут столькі прыгожых дзяўчат, паўсюль!

Беларусь вачыма аўстрыйскага валанцёра

— Што ты робіш у Беларусі, чым займаешся?

— Мэта майго знаходжання ў Беларусі – дзяліцца ды вучыцца. Я хачу быць валантэрам, мне падабаецца працаваць дзеля ідэі, а не дзеля грошаў.

Мой праект у межах ЕВС – гэта валантэрская праца ў Менску, у моладзевым цэнтры “Фіяльты”. Тут я ладжу воркшопы для моладзі па нямецкай мове (для пачаткоўцаў) і па фота.

Заняткі нямецкім вельмі цікавы праект, таму што я выкарыстоўваю невербальныя тэхнікі камунікацыі, якім я навучыўся падчас сваіх вандровак. Ты можаш сказаць даволі шмат з дапамогай цела, жэстаў, мімікі, з дапамогай малюнкаў і гэтак далей.

Іншы вялікі праект, які яшчэ распрацоўваецца – воркшоп па фатаграфаванню. Я хачу стварыць крэатыўную каманду, каб падумаць аб каштоўнасцях грамадства і сапраўды зразумець іх. Вынікам павінен стаць фотаальбом, які паспрабуе даць адказ “што такое валантэрства”, “каштоўнасьці грамадства” і звязанае з гэтымі пытаннямі.

Беларусь вачыма аўстрыйскага валанцёра

— Як адбылася твая сустрэча з Моладзевым адукацыйным цэнтрам “Фіяльта”?

— Я знайшоў гэты цэнтр, калі ўжо знаходзіўся тут і шукаў арганізацыю, дзе я змог бы працаваць. Я запытаўся ў Аўстрыі: “Як наконт ЕВС? Вы маглі б адправіць мяне сюды, у Менск?” Мне адказалі: “Так, калі ў цябе ёсць праект”.

Хачу сказаць, што існуе вялікая колькасць магчымасцяў – і адна з іх Еўрапейская валантэрская служба!

Ты прыходзіш да іх і пішаш матывацыю, чаму табе цікавы ўдзел у праекце. Далей ты трапляеш у базу дадзеных, дзе можаш выбіраць, шукаць рознага кшталту праекты: сацыяльныя, культурніцкія, па ахове здароў’я альбо нешта іншае. Ёсць магчымасць пошуку па краінах і пасля па праектах.

Вялікі спіс паказвае ўсе існуючыя праекты. Ты можаш паехаць на два месяцы альбо на год – гэта максімум. Калі ж ты хочаш паехаць за межы Еўразвязу – табе трэба знайсці праект і кантактных асобаў, якія маюць акрэдытацыю ў ЕВС.

Партнэрскія краіны, такія як Беларусь, Украіна, Грузія, Расія ажыццяўляюць невялікія праграмы на сваёй тэрыторыі, якія таксама акрэдытаваныя з боку ЕВС. Таму яны маюць права запрашаць замежных валантэраў ці ладзіць абмены.

Беларусь вачыма аўстрыйскага валанцёра

— Што такое Еўрапейская валанцёрская служба (ЕВС)? Як яна працуе і якія існуюць праграмы ў розных краінах?

— Еўрапейская валантэрская служба – гэта частка вялікай праграмы, якая мае назву “Youth in action” і ажыццяўляецца Еўрапейскай Камісіяй.

Гэта праграма створана каб даць маладым людзям, ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, унёсак ад іншых культураў Еўропы. Галоўнай мэтай з’яўляецца стварэнне магчымасцяў для мульцікультурнага азнаямлення, каб будаваць Еўрапейскую прастору такім чынам.

Ты можаш працаваць у праектах рознага кшталту: культурніцкіх, сацыяльных, эканамічных, альбо звязаных з аховай здароў’я.

ЕВС створаны, каб даслаць цябе за мяжу, у іншую краіну, а таксама – даслаць прадстаўнікоў іншых краінаў у тваю. Галоўным чынам гэтыя абмены ажыццяўляюцца ў межах Еўразвязу, але гэта таксама працуе для краінаў-партнэраў, што знаходзяцца на межах.

— Як маладым беларусам паехаць за мяжу ў якасці валанцёра па ЕВС?

— Маладым беларусам, якія жадаюць паехаць працаваць валанцёрамі па ЕВС у краіны Еўразвяза, трэба знайсці лакальную арганізацыю ў ЕЗ, якая дапаможа ім далучыцца да пэўнага праекту. Пасля трэба звязацца з гэтай арганізацыяй і ў прыватным парадку абмяркоўваць далейшыя крокі.

Беларусь вачыма аўстрыйскага валанцёра

— Што ты параіў бы маладым беларусам?

— Трэба глядзець на сябе і сваё кола. У кожнага ёсць маленькае кола, у якім чалавек жыве, ды працуе. Гэта не так шмат людзей, не цэлая краіна – а толькі маленькае кола. І трэба задацца пытаннямі “Чаго я хачу”, “Чаго хоча гэта кола” і “Што для нас карысна”.

Першым крокам павінна быць смеласць размаўляць адзін з адным, ды казаць свае думкі ўслых тым, да каго ў вас ёсць давер. Другім крокам, канечне, калі ты паразмаўляў ды падумаў – з’яўляюцца дзеі. Калі ты нічога не робіш – твае думкі і размовы нічога не каштуюць!

Калі ты хочаш нешта змяніць у сваёй сістэме – адпраўляйся за мяжу, ды забач свет з розных бакоў; калі ты застанешся задаволеным сваёй сітуацыяй – не змяняй нічога.

Даведка.

Еўрапейская валанцёрская служба (ЕВС) – гэта праект Еўрапейскай Камісіі, які дазваляе моладзі ва ўзросце 18-30 гадоў стаць валанцёрамі ў іншай краіне на пэўны тэрмін (звычайна 2-12 месяцаў). Асноўная частка валанцёраў працуе ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, культуры, спорта.

Даведацца больш пра Еўрапейскую валанцёрскую службу можна тут.

Фота: Mariam Osman, Maximilian Rosenberger.

Паводле АМП

[supsystic-social-sharing id="1"]