Нягледзячы на безліч праблемаў, сярод беларусаў існуюць людзі, што не складаюць рук, тыя, хто ўтвараюць грамадскія арганізацыі і ініцыятывы. З такіх людзей у нашай краіне трэба браць прыклад. Менавіта ім і прысвечаны цыкл відэарэпартажаў «Апантаныя».

Гэты цыкл дэманстраваўся на незалежным тэлеканале Белсат, а ў сераду 18 студзеня адбыўся яго паказ у Варшаве для польскай публікі.

Аўтары праекту шэрагу відэанарысаў пра актыўных у грамадстве беларусаў — Васіль Лепеш і Магда Пытлякоўская.

Васіль Лепеш у размове з Ганнай Соўсь, карэспандэнтам «Радыё Свабода», выказаў свае меркаванні і думкі наконт гэтага праекту.

Соўсь: На каго разлічаны ваш праект? Хто вашы патэнцыйныя гледачы?

Лепеш: Там ёсць рэпартажы пра сур’ёзныя арганізацыі, ёсць пра зусім маладзёвыя арганізацыі, ёсць пра ініцыятывы аднаго-двух чалавек. Ёсць проста ініцыятыўныя людзі, якім за сорак, але яны як маладыя, як дзеці, калі робяць сваю справу. Таму няма такой канкрэтнай мэтавай аўдыторыі – альбо старыя, альбо маладыя. Мы самі сутыкнуліся з тым, што неабавязкова быць маладым, каб актыўна дзейнічаць. Для многіх менавіта пенсійны ўзрост становіцца матывацыяй дзейнасці. З’яўляецца неверагодна шмат часу і – другая маладосць. Мяне ў гэтым сэнсе ўразілі людзі з Віцебску, якія менавіта хварэюць на тое, што робяць. Альбо саракагадовы мужчына, які два гады таму пазнаёміўся з кампутарам і ўжо займаецца кампутарнай бяспекай арганізацыі. Альбо жанчына, якая апякуецца старымі бабулькамі, былымі вязнямі нямецкіх канцлагераў. Яна з уласнае волі дапамагае яшчэ старэйшым жанчынам і атрымлівае ад гэтага неверагоднае задавальненне.

Соўсь: Вы свядома абіраеце пазітыўныя прыклады на тле беларускай сітуацыі, якую многія лічаць даволі дэпрэсіўнай і не надта аптымістычнай?

Лепеш: Так. Бо нас стаміла беларуская шэрая штодзённасць. Усё такое нецікавае, неэфэктыўнае, неактыўнае, бессэнсоўнае, марнае. А пазітыву вельмі шмат, і пазітыўныя людзі з гэтай шэрасці яшчэ больш выбіваюцца. У каляровай Эўропе цяжка быць каляровым. А ў Беларусі вельмі проста, дастаткова апрануць нешта чырвонае і выйсці на вуліцу. І ты ўжо адрозніваешся. А калі ты яшчэ нешта робіць пазітыўнае, станоўчае, карыснае, ты становішся яшчэ больш бачным у наваколлі. Гэта ўсё нас і матывавала для здымкаў.

«Апантаныя» анёлы-ахоўнікі

 

«Апантаныя» традыцыяй 

 

«Апантаныя» птушкамі 

 

 «Апантаныя» стрыт-артам

 

 «Апантаныя» нашым домам

 

Сярод іншых арганізацый увагу аўтараў цыкла прыцягнула і Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». Відэаролік пра Дзедзіч быў паказаны на тэлеканале «Белсат», і хутка мы прэзентуем яго наведвальнікам сайта Дзедзіча.

[supsystic-social-sharing id="1"]