Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
У краіне

Як будуецца АЭС ля Астраўца

Пра тое, што адбываецца на будаўнічай пляцоўцы будучай атамнай электрастанцыі ля Астраўца, на ўмовах ананімнасці рассказаў супрацоўнік арганізаціі, што удзельнічае ў будаўніцтве.

Па словах нашага суразмоўцы, пляцоўка ўяўляе сабой выраўнены ўчастак зямлі памерам прыкладна пяць на два кіламетры. Цяпер там будуюць адміністрацыйныя, бытавыя і гаспадарчыя памяшканні. Гэты працэс будаўнік характарызуе як “поўны бардак”. “Да аб’ектаў, якія ўзводзяцца на тэрыторыі пляцоўкі, не падзведзена электрычнасць і не збудаваныя дарогі. Машыны, якія падвозяць груз, гразнуць у брудзе. Падчас халадоў працоўныя распальваюць вогнішчы, каб сагрэцца. Тэлебачанне, вядома ж, гэтага не паказвае”, – кажа будаўнік.

У нашага суразмоўцы ёсць прэтэнзіі і да якасці будаўніцтва, якое кіраўніцтва штучна прыспешвае. “Даюць праект на падмурак і кажуць: хутчэй. Потым прыходзіць праект на сцены і выяўляецца, што падмурак трэба перарабляць. Перарабляем, але зрабіць нармальна ўжо не атрымліваецца. Частка праектаў будынкаў – гэта тыповыя праекты 60-х – 70-х гадоў, пад якія ўжо не вырабляюцца дэталі. Канструкцыі часта прыходзяць няякасныя, і не ўсё магчыма адбракаваць”.

Найлепшыя працоўныя сыходзяць з будаўніцтва АЭС з-за малых заробкаў і кепскіх умоваў працы. Частка спецыялістаў спадзяецца перайсці на будоўлю Калініградскай АЭС, якую хутка распачне “Росатом”. “Будаўніцтва АЭС у Беларусі – гэта авантура. Я спадзяюся, што яна не будзе скончаная”, – падсумоўвае свой расповед суразмоўца “Вестак”.

Паводле belaruspartisan.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *