Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Еўраклуб

Швецыя – рай для журналістаў

Калі б швецкі журналіст напісаў пра вас нейкую лухту, у вас амаль не было б шанцаў прыцягнуць яго да адказнасці праз суд. Заканадаўства ў Швецыі максімальна абараняе журналіста і свабоду слова ў яго асобе. Да такой ступені, што журналістам прыходзіцца самастойна абмяжоўваць свае правы.

У Швецыі створаны ўсе ўмовы для плённай працы журналіста на карысць грамадства.

Як з гусака вада

Па-першае, за сваю правіннасць журналіст адказвае не сам – для гэтага ў кожнай рэдакцыі ёсць спецыяльны “хлопчык для біцця” – так званы “адказны выдавец”. Усе штрафы і нават турэмнае зняволенне палягаюць на яго. Таму журналіст можа здабываць любую інфармацыю і выкрываць злачынствы самых высокапастаўленых асобаў, не хвалюючыся за свой лёс.

Да таго ж, для судовага пераследу прэсы неабходна рашэнне самога канцлера юстыцыі і, адпаведна, вельмі важныя прычыны. Звычайны суд не ў праве судзіць журналіста (і адказанага выдаўца) – гэта робіць суд прысяжных – нетыповы для шведскай судовай сістэмы інстытут, у яго ўваходзяць непрафесіяналы. Гэта зроблена з разлікам на тое, што звычайныя людзі да прэсы ставяцца з сімпатыяй і абвінавачваюць яе вельмі рэдка. Акрамя гэтага, абвінавачваны можа выключыць з ліку прысяжных кандыдатуры, якія яму не падабаюцца.

Мальчиша-Кибальчиша тут не катавалі б

Гэтак жа ў Швецыі абаронены крыніцы інфармацыі і інфарматары. Той, хто паведаміў журналісту некарэктную (непраўдзівую альбо абразлівую для кагосьці) інфармацыю, так сама не можа быць прыцягнуты да адказнасці. Мала таго, закон забараняе пошук і раскрыццё крыніц журналісцкай інфармацыі. Напрыклад, калі настаўніца нейкай школы расказала газеце пэўны непрывабны факт пра сваю школу, дырэктарка не мае права высвятляць, хто з настаўнікаў гэта зрабіў, і тым больш, наказваць за гэта.

Чаму журналісты мусяць гаўкаць на злачынцаў

Нам, беларусам, якім не раз прыходзілася чуць пра закрыццё газет, звальненне журналістаў за “няправільную” публікацыю і наогул, падпарадкаванне прэсы прадстаўнікам улады, чуць пра журналісцкі “рай” у Швецыі дзіўна. Але для шведаў, як і для многіх еўрапейцаў, свабода слова з’яўляецца гарантыяй годнага жыцця.

Там прэсу называюць “вартаўнічым сабакам” грамадства. Мас-медыі кантралююць працу ўладаў і грамадскіх арганізацый і не дазваляюць ім дзейнічаць насуперак інтарэсам народа.

Сам сабе суддзя

Але зразумела, што некаторыя СМІ такой неабмежаванай свабодай злоўжываюць. Таму шведскія журналісты вырашылі абараняць ад саміх жа сябе астатніх людзей. Усе рэдакцыі, тэле- ці радыёкампаніі аб’ядналіся ў Раду па справах прэсы і прыдумалі сабе Кодэкс журналісцкай этыкі.

Гэтага Кодэкса яны строга прытрымліваюцца, а для выяўлення парушэнняў мас-медыі на ўласныя сродкі стварылі пасаду амбудсмэна па прэсе. Ён прымае скаргі на журналістаў ад людзей і выпісвае парушальнікам штрафы, а таксама пастанаўляе публікаваць і агучваць так званыя “вымовы” (прызнанне газеты (ці іншага СМІ), што яна парушыла этычны кодэкс). Рабіць гэта ніхто не прымушае, але сумленныя швецкія мас-медыі добраахвотна выконваюць правілы гульні.

Альбіна Трус

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *