Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

90 год берасцейскім хрысціянам-баптыстам (фота)

Менавіта 90 гадоў таму, у 1921 годзе адбыліся адныя з першых хростаў евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў у Берасці, а таксама прайшлі першыя набажэнствы.

Якаў Барысюк, у доме якога адбылося адно з першых набажэнстваў евангельскіх хрысціянаў

Якаў Барысюк, у доме якога адбылося адно з першых набажэнстваў евангельскіх хрысціянаў

Адзін з першых зафіксаваных хростаў адбыўся ў доме берасцейца Арцёма Мухі 21 жніўня 1921 года. Першае ж вядомае сёння набажэнства адбылося ў доме Якава Барысюка ў Берасці ў студзені 1921 года.
Вядома, таксама, што сярод першых берасцейскіх місіянераў быў і адзін з дзеячоў БНР Лукаш Дзекуць-Малей.

Шэсце евангельскіх хрысціянаў у Берасці. На першым плане – Лукаш Дзекуць-Малей. Пач. 20-х гадоў ХХ ст.

Шэсце евангельскіх хрысціянаў у Берасці. На першым плане – Лукаш Дзекуць-Малей. Пач. 20-х гадоў ХХ ст.

Жыццё Лукаша Дзекуць-Малея даследаваў берасцейскі гісторык-краязнаўца Ігар Бараноўскі:

– Са снежня 1921 года Лукаш Дзекуць-Малей жыў у Берасці, стварыў тут першую баптысцкую грамаду і пабудаваў першы малітоўны дом. Яго актыўная місіянерская дзейнасць ахоплівала многія гарады і вёскі Заходняй Беларусі, а сам Дзекуць-Малей стаў прызнаным лідарам беларускага евангельскага руху.

У Берасці ён арганізаваў курсы для ліквідацыі непісьменнасці, агульнаасветныя, прафесійныя, а таксама курсы рэгентаў хораў, настаўнікаў нядзельных школ. На арганізаваныя ім курсы прапаведнікаў прыязджалі сусветна вядомыя біблеісты. Дзеля апекі над занядбанымі дзецьмі і сіротамі заснаваў у Берасці дзіцячы прытулак.

Адзін з першых малітоўных дамоў на Берасцейшчыне

Адзін з першых малітоўных дамоў на Берасцейшчыне

У 1920 годзе Лукаш Дзекуць-Малей выступіў з ініцыятывай перакладу на сучасную беларускую мову Бібліі. Ён пераклаў чатыры Евангеллі і выдаў іх асобнымі кніжкамі ў 1927 годзе ў Лодзі.

У 1931 годзе ён выдаў накладам 25 тысяч асобнікаў «Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста і Псальмы», які падрыхтаваў сумесна з вядомым беларускім дзеячам Антонам Луцкевічам.

Гэта было першае беларускамоўнае выданне Новага Запавету і Псальмаў, якое мела чатыры перавыданні і якім вернікі розных канфесіяў карыстаюцца і сёння, – распавёў Ігар Бараноўскі.

Сяргей Хрыстовіч

Даведка Дзедзіча:

Лукаш Мікалаевіч Дзекуць-Малей – (1888г., Сло­нім, – 1955г., Гданьск) – рэлігійны і грамадскі дзеяч, прапаведнік баптызму, перакладчык рэлігійных тэкстаў.

З сям’і настаўніка. У чатыры гады застаўся без бацькоў. Скончыў слонімскую сярэднюю вучэльню, настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам, пазней інспектарам народнай адукацыі. Служыў у расейскім войску ў Беластоку, дзе пазнаёміўся з вернікамі евангельска-баптысцкага веравызнання, стаў наведваць іх малітоўныя зборы.

Пасля 1916г. заняўся душпастырскай працай у Гародні. Сябра Камітэту нацыянальнага адраджэння Беларусі, клуба «Беларуская хатка». Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1919г. Адзін з ініцыятараў стварэння Грамады беларускай моладзі 1919г. Летам 1921г. зноў арыштаваны і вывезены ў Беластоцкую турму. З 1921г. – сябра Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.

Ад канца 1921г. жыў у Берасці, куды быў высланы польскімі ўладамі. Пачаў прапаведаваць у акрузе і стварыў суполку евангельскіх хрысціянаў баптыстаў у горадзе. У траўні 1922г. хрысціў дзеяча «Зялёнага дубу» У. Ксяневіча – «Грача». У 1920-1924гг. пераклаў 17 рэлігійных брашур на беларускую мову. У снежні 1927г. адкрыў малітоўны дом, пры якім арганізаваў кравецкія і пчалярскія курсы. Пазней там сама адчыніў дзіцячы прытулак і нядзельную школу.

19 чэрвеня 1941г. арыштаваны ў Берасці органамі НКУС і прыгавораны да смяротнага пакарання. Вызвалены разам з прыходам нямецкіх войскаў. У гады вайны быў прасвітарам беларускіх баптыстаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі. У 1942г. у Менску выдаў малітоўнік на беларускай мове. У 1943г. за дапамогу мясцовым жыдам быў высланы нямецкімі ўладамі ў лагер працы ў Ліпяны каля Шчэціна.

Удзельнічаў у ІІ-ім Усебеларускім кангрэсе. У 1944-1945гг. жыў у Нямеччыне. З 1946г. – у Польшчы.

Паводле: be-x-old.wikipedia.org

Адзін з першых малітоўных дамоў на Берасцейшчыне

Адзін з першых малітоўных дамоў на Берасцейшчыне

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *