Ідэю стварэння «Вялікай Літвы» прапанавалі Альгіс Міцкунас (Агаё, ЗША) і Віргініюс Савукінас (Вільня) на інфармацыйным партале delfi.lt

Арыгінальны тэст публікацыі

Праект «Літва»

Што ж такое Літва? Малы лапік зямлі на беразе Балтыкі? Некалькі мільёнаў літоўцаў? Эканоміка, спустошаная крызісам? Фігурка ў гульні вялікіх і магутных дзяржаваў? Магчымыя і такія адказы. Але ў такім выпадку гэта дарога ў нікуды, у дэпрэсію і ў знікненне. Настрой у большасці жыхароў Літвы песімістычны, прасякнуты пачуццём безнадзейнасці. Няма бачання будучыні Літвы, усё больш людзей не верыць у саму Літву. Публічнае жыццё стала арэнай ваенных дзеянняў, месцам звядзення асабістых рахункаў. Ініцыятыўныя і поўныя ідэяў людзі не падтрымліваюцца, іх ініцыятывы раздушваюцца, таму ўсё больш людзей выяжджае з Літвы.

А што калі паглядзець інакш? Ці Літва – гэта толькі сённяшнія праблемы і хібы? А можа Літва – гэта яшчэ і вобраз будучыні, г. зн. тое, якой мы хочам яе бачыць. У канцы ХІХ – на пачатку ХХ стагоддзя Вінцас Кудзірка, Ёнас Басанавічус, іншыя асветнікі бачылі Літву моцна адукаванай краінай, якая змагаецца за сваю будучыню. У тыя часы яна такой не была, але стала, бо былі людзі, якія бачылі такую яе будучыню. Яны Літву разумелі як праект, які трэба ажыццявіць. Гэтую навуку гісторыі мы яшчэ не засвоілі.

Літва – гэта не толькі лапік зямлі, не толькі некалькі мільёнаў літоўцаў. Гэта праект, які ствараецца штодня, да якога далучаюцца ўсе: ад прэзідэнткі да прыбіральшчыцы, ад сантэхніка да прэм’ера. Літва жывая не таму, што мы маем тэрыторыю, але таму, што яе ствараюць людзі. Для такой Літвы ніякая эміграцыя не страшная, бо Літву можна ствараць ва ўсім свеце. Таму цудоўна, што існуе праект “Глабальнай Літвы”, што робяцца спробы аб’яднаць літоўцаў у свеце. Аднак хіба мы не маем значна больш магчымасцяў?

З гісторыі

Востраў Крыт з-за прыродных умоваў падзелены на дзве часткі: у адной прыродныя ўмовы суравейшыя, сонца, неўрадлівая глеба, аднак больш магчымасцяў для мараплавання. А ў другой частцы пышныя ўрадлівыя даліны, поўна дароў прыроды. Зручней жыць менавіта ў гэтай частцы, аднак цывілізацыя нарадзілася (палац Мінаса ў Кносе) менавіта там, дзе ўмовы для сельскай гаспадаркі былі самыя неспрыяльныя. Чаму? А таму, што мараплаванне адкрыла шляхі і кантакты з іншымі культурамі. Кантактуючы з іншымі, жыхары Крыту чэрпалі новыя ідэі, досвед, новыя навыкі і стварылі цывілізацыю, якая дагэтуль не раскрыла яшчэ ўсіх сваіх таямніцаў (некаторыя думаюць, што Крыт і быў таямнічай Атлянтыдай). Пра што сведчыць гэты прыклад? А пра тое, што камунікацыя з іншымі культурамі стымулюе значна больш, чым сытае і задаволенае жыццё.

Так і цяперашняя Літва не можа зачыніцца ў сабе, калі хоча тварыць сваю будучыню. Ясна, можна абмежавацца дэкларатыўным лозунгам: давайце вучыць больш моваў і кантактаваць з іншымі народамі, давайце вучыцца ў іх. Трэба не толькі размаўляць, але і дамаўляцца. І тут Літва мае яшчэ адзін шанец і велізарную магчымасьць.

Вялікая Літва

Ужо ад XIV стагоддзя існавалі дзве Літвы: Lithuania і Lithuania propria. Апошняя азначае этнічныя літоўскія землі, а першая прызначаная для азначэння ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. «Lithuania» не была толькі геаграфічнай прасторай – гэта ідэнтычнасць. Бо ж русіны лічылі сябе «літвінамі», хоць і не гаварылі па-літоўску, яны выразна аддзялялі сябе ад «масквіцянаў». А гэтыя апошнія таксама праводзілі ясную розніцу – нават праваслаўных, якія з-за тых або іншых прычынаў траплялі пад іх апеку, яны яшчэ раз перахрышчвалі ў праваслаўе, бо ж у ВКЛ жывуць «несапраўдныя праваслаўныя». Менавіта з думкай пра Літуанію – назавем яе «Вялікай Літвой» – Адам Міцкевіч напісаў несмяротныя словы: “Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie”.

Вялікая Літва бясконца важная для палякаў. Выдатны гісторык Кшыштаф Бухоўскі ясна паказаў, што ўяўленне пра Літву як пра мітычную прастору фармуецца ў польскай свядомасці яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Літва, якая засталася хай і менш цывілізаванай, аднак захавала адвечную чысціню, таямніцы прыроды – светлая, прыгожая краіна. Бо ж польская эліта, шляхта ганарылася паходжаннем з Літвы. Гэта быў як бы знак найвышэйшай пробы. Прыгадайма якога-небудзь славутага польскага дзеяча, і выявіцца, што яго карані з Літвы. Пілсудзкі быў жмудзін, Жалігоўскі таксама лічыў сябе літвінам. А першым прэзідэнтам Польшчы быў Габрыэль Нарутовіч брат Станіславаса Нарутавічуса, падпісанта акту незалежнасці Літвы. Бабуля папы Вайтылы таксама з Віленшчыны, былы прэзідэнт Польшчы Аляксандар Кваснеўскі таксама ўпіраецца каранямі ў Вільню, а продкі цяперашняга прэзідэнта Камароўскага нават мелі ў Літве маёнтак.

Вялікая Літва важная і для ўкраінцаў. Бо ж яны і дагэтуль узнімаюць тосты за «наймякчэйшых акупантаў», г. зн. літоўцаў. Прыгадваючы сваю гісторыю, яны непазбежна павінны прыгадаць і Літву. І гэта можа служыць магчымасцю для таго, каб дамовіцца. Дарэчы, падчас «аранжавай рэвалюцыі» нават пісаліся стратэгічныя планы, дзе згадвалася ВКЛ, а ўкраінская дэмакратызацыя мэтафарычна падавалася як працяг той эпохі.

Вялікая Літва важная і для габрэяў. Ужо ад пачатку ХІХ стагоддзя замацоўваецца тэрмін «літвак» – так называлі сябе габрэі, што жылі на тэрыторыі ВКЛ. Ці можна спадзявацца, што такі тэрмін прыжыўся б, калі б Літва«Літа» – нічога для габрэяў не значыла? Бо ж хоць царская адміністрацыя нашу краіну больш чым сто гадоў называла «Паўночна-заходнім краем», ніхто ні тады, ні сёння сябе не называе «паўночназаходнекраёўцам». Вось і творчасьць Арбіта Блата вярнулася не куды-небудзь, а ў Вільню.

Вялікая Літва важная і для беларусаў – у гэтым ніхто не сумняваецца. Бо ж літоўцы нават злуюцца, калі яны Вітаўта Вялікага называюць геніяльным беларускім уладаром і наагул лічаць, што ВКЛ было беларускай, а не літоўскай дзяржавай.  Апрача таго, прыгадаем, што гербам Беларусі было не што іншае, як Пагоня. Гэты герб знішчыў Аляксандар Лукашэнка, вырашыўшы, што лепш сваю краіну арыентаваць не на глыбокую мінуўшчыну, а на недалёкую савецкую рэальнасць. Праўда, сёння геапалітычныя пазыцыі мяняюцца, і Беларусь паварочваецца да сваёй гісторыі, гісторыі ВКЛ. Дарэчы, на сёлетнім з’ездзе арганізацыі “Santara-Šviesa” [сусветны рух літоўскіх лібэральных інтэлектуалаў, да 90-х гадоў дзейнічаў на эміграцыі] прадстаўнік Беларусі нагадаў, што некалі ў Амэрыцы “Santara” мела лозунг «тварам да Літвы», дык цяпер “Santara” ў Літве мусіць выступіць з лозунгам «тварам да Беларусі».

Вось жа, Вялікая Літва важная і актуальная для бальшыні суседніх з намі народаў. І гэта можа стаць камунікацыйнай прасторай, у якой мы ўсе добра пачуваемся і можам вучыцца адны ад адных і ствараць прыгажэйшую будучыню.

Стварэнне Вялікай Літвы

Мы не кажам, што трэба аднавіць былое Вялікае Княства Літоўскае, гэта ўтапічная думка. Аднак Вялікая Літва як праект можа існаваць. Яна злучала б ня толькі суседнія народы, але і ўсіх выхадцаў з Вялікай Літвы: літоўцаў, габрэяў, беларусаў, украінцаў. Трэба зазначыць, што нягледзячы на ўсе галашэнні пра эміграцыю, старыя і новыя хвалі належаць «Вялікай Літве». Літоўскі і эміграцыйны друк заўсёды ганарацца любой літоўскай падзеяй, зборам у любой краіне свету. Яны пішуць пра выхадцаў з Літвы, хай гэта будзе Моцкус з Калюмбіі або Іванаўскас з Уругваю, у якога “заўсёды ў сэрцы Літва”, або нават выдаваны ў ЗША англамоўны часопіс “Lithuanian Heritage”. Іх уклад у Літву і ёсць тое міжкультурнае двухбаковае пашырэнне свядомасці і тварэнне “Вялікай Літвы”. Не трэба спрабаваць спісваць усіх тых, хто выехаў, нават іх нашчадкаў у трэцім і чацвёртым калене: яны таксама цікавяцца і нават ганарацца сваімі каранямі. Для параўнання: ці Ізраіль адчуваў бы сябе бяспечным і нават моцным бяз дзейнасці і дапамогі дыяспары?

Гэта падмурак, на якім можна тварыць нашу Літву. Гэта прастора па-за тэрыторыяй, яна злучае людзей, якія імкнуцца зрабіць больш, чым звычайна. На гэтай падставе можа ўзнікнуць узаемаразуменне не толькі паміж гуманітарыямі, але і прадстаўнікамі сацыяльных навук, бізнэсоўцамі (чаму б не рабіць экскурсіі «Па слядах зніклай імпэрыі» – з Вільні праз Менск да Кіева?). Урэшце, можа ў гэтым выпадку лепш дамовіліся б і нашы палітыкі? Бо ж сама Вільня была і зноў узнімаецца як шматкультурны цэнтар.

Магчыма, гэтая ідэя можа больш натхніць наш народ на веру ў будучыню і ў свае сілы, чым цэлая сотня нудных стратэгіяў. Трэба толькі трошкі веры і даверу да сваіх і да суседзяў, а таксама гатовасьці да працы і супрацоўніцтва.

Альгіс Міцкунас – прафесар унівэрсытэту ў Агаё, найбуйнейшы літоўскі філосаф у эміграцыі.

Віргініюс Савукінас – спэцыяліст у культурнай антрапалёгіі, працуе ў Літоўскім інстытуце даследаванняў культуры.

Паводле svaboda.org

pogonia

[supsystic-social-sharing id="1"]