Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Еўраклуб

Усходняе партнёрства распадзецца?..

Другі саміт праграмы «Усходняе партнёрства» (УП), які адбыўся 29–30 верасня ў Варшаве, выклікаў розныя водгукі, сярод якіх пераважалі крытычныя…

 Другі саміт праграмы «Усходняе партнёрства» (УП), які адбыўся 29–30 верасня ў Варшаве, выклікаў розныя водгукі, сярод якіх пераважалі крытычныя, аж да сцвярджэнняў пра канчатковую вычарпанасць гэтай ініцыятывы. Аднак, насамрэч, пры ўсіх існых складанасцях стан справаў не падаецца настолькі негатыўным.

Крызіс дэмакратыі ў краінах Усходняга партнёрства

На сустрэчы планавалася абмеркаваць прагрэс, дасягнуты ў рамках УП за апошнія гады, у прыватнасці, у сферы зоны вольнага гандлю і паглыбленні эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне транспарту, энергетыкі ды сельскай гаспадаркі. Саміт таксама мусіў прыняць рашэнне адносна наступных крокаў для гарантавання працягу працэсу паглыблення палітычнай асацыяцыі ды эканамічнай інтэграцыі з ЕС.

Нарэшце, чакалася, што будзе адзначанае прызнанне еўрапейскага выбару і еўрапейскіх памкненняў краін-партнёраў.

Напярэдадні падзеі мела месца шмат скептычных прагнозаў наконт яе вынікаў. Для гэтага былі істотныя падставы. Перш за ўсё, сённяшняя палітычная сітуацыя ў краінах-партнёрах выглядае значна меней прывабнай, чым гэта было 2,5 гады таму, пры стварэнні праграмы. Яскравым прыкладам сталася сітуацыя на саміце, калі краіны-партнёры адмовіліся падтрымаць прапанову Бруселя і выключылі з праекта дэкларацыі параграф з асуджэннем парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Наўрад ці гэта было майстэрскай закуліснай працай беларускай дыпламатыі, як заявілі некаторыя апазіцыйныя палітыкі. Хутчэй, гэтыя дзяржавы проста прадэманстравалі, што ўзровень дэмакратыі ў іх не надта істотна адрозніваецца ад беларускага.

Акрамя таго, увагу Еўрасаюза адцягнулі ад праграмы ўласны эканамічны крызіс і рэвалюцыйныя змены, якія пачаліся ў арабскім свеце. Нельга забывацца таксама пра прахалоднае, мякка кажучы, стаўленне Масквы да гэтай ідэі, выкліканае як прынцыповым негатыўным стаўленнем да руху яе «блізкага замежжа» ў заходнім кірунку, так і магчымым узнікненнем бар’ераў паміж імі ў выніку ўвядзення на гэтай прасторы еўрапейскіх стандартаў.

Адсутнічае стратэгія далейшага развіцця праграмы

Нарэшце, відавочная адсутнасць згоды ўнутры ЕС адносна далейшага развіцця УП. Напрыклад, Польшча разглядае праграму як крок да будучага сяброўства партнёраў у Еўрасаюзе, тады як некаторыя іншыя краіны-ўдзельніцы з такім падыходам не згодныя. Як адзначыў польскі амбасадар у ЕС Ян Тамбінскі, «цяпер Саюз праходзіць праз складаны перыяд. Мы вельмі занятыя нашымі ўнутранымі справамі, такімі як ратаванне еўра і пошук новых шляхоў для аднаўлення эканамічнага росту ды забеспячэння ў будучыні лепшых часоў. Таму шмат дзяржаваў не жадаюць цяпер адкрываць новыя магчымасці для пашырэння».

У якасці пацверджання можна прывесці выключэнне з праекту дэкларацыі саміту згадкі пра Артыкул 49 Дамовы пра Еўрасаюз, у якім гаворыцца, што сябрам ЕС можа быць любая еўрапейская краіна.

Ёсць і іншыя хібы. 14–15 верасня няўдала прайшло першае паседжанне парламенцкай асамблеі «Еўранэст», дзе не атрымалася зацвердзіць ні дэкларацыю пра тэрытарыяльную цэласнасць, наконт якой дэлегаты з Арменіі пасварыліся з калегамі з Грузіі ды Азербайджана, ні заяву па Беларусі.

Усе гэтыя акалічнасці далі падставу шэрагу аналітыкаў прагназаваць, што рэальнага напаўнення УП няма і ў агляднай будучыні не будзе. Прагучалі нават заклікі пакончыць са знешняй палітыкай Еўрасаюза, арыентаванай на каштоўнасці.

На погляд расійскага палітолага Фёдара Лук’янава, Еўрапейскі саюз стаіць на парозе фундаментальных зменаў, якія могуць закрануць знаёмыя па папярэдніх дзесяцігоддзях прынцыпы інтэграцыі. Больш за тое, ён дапускае, што адзіная Еўропа, захаваўшыся фармальна, будзе фрагментавацца на розныя катэгорыі дзяржаваў.

Ну што ж, калі падзеі насамрэч будуць развівацца па такім сцэнары, разлічваць на нейкія вялікія дасягненні ў рамках УП сапраўды будзе вельмі цяжка. Аднак пакуль прыхільнікі праграмы, прызнаючы наяўнасць сур’ёзных перашкодаў, усё ж выказваюць упэўненасць у яе перспектывах.

Аптымістычныя прагнозы таксама існуюць

Так, паводле словах кіраўніка польскага знешнепалітычнага ведамства Радослава Сікорскага, у кантэксце падзеяў, што адбываюцца на Блізкім Усходзе (рэгіёне, прыярытэтным для Францыі, Італіі або Іспаніі), Еўрасаюз мог бы наогул забыцца на еўрапейскіх суседзяў. Аднак дзякуючы УП існуюць інстытуцыйныя механізмы, якія забяспечваюць устойлівы бюджэт і служаць падтрыманнем дыпламатычным намаганням.

Каб даць больш дакладную ацэнку становішчу, мэтазгодна звярнуцца да прынятай на саміце дэкларацыі. Як распавёў на выніковай прэс-канферэнцыі старшыня Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу, яна «пракладае шлях у шматлікіх сферах супрацоўніцтва» і, па сутнасці, ёсць «дакладнай дарожнай мапай на наступныя два гады».

Згодна з ёй, ужо сёлета чакаецца завяршэнне перамоваў наконт Дамовы аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай. Гэта будзе азначаць, што апошняя прыме больш за 60 % нормаў еўрапейскага заканадаўства. Тым самым, у прававой культуры гэтай краіны адбудуцца важкія змены, што павінна паскорыць яе фактычную інтэграцыю з Еўрасаюзам. Адзначаны «вялікі прагрэс» аналагічных перамоваў з Малдовай і «значны» – з Азербайджанам, Арменіяй і Грузіяй.

Таксама абвешчана пра пачатак перамоваў наконт стварэння глыбокай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю, што ёсць неад’емнай часткай Дамовы аб асацыяцыі, з Малдовай і Грузіяй.

Для пераадолення кароткачасовых цяжкасцяў краінам-партнёрам паабяцалі макрафінансавую дапамогу ЕС. Для аказання падтрымання згаданых перамоваў і ўмацавання ў краінах рынкавай эканомікі 30 верасня ў Сопаце быў створаны бізнес-форум УП.

Колькасць праектаў уражвае

Удзельнікі саміту пагадзіліся палягчаць, у тым ліку шляхам супольнага фінансавання, удзел краін-партнёраў у еўрапейскіх праграмах. У прыватнасці, ажыццяўляць супрацоўніцтва ў развіцці аграрнага сектара і сельскай мясцовасці ў рамках адпаведнай Еўрапейскай праграмы суседства. Запланавана таксама працягнуць Культурную праграму УП, стварыць Моладзевую праграму ды іншыя разнастайныя праекты.

Вядома, пра нейкі прарыў гаварыць яўна заўчасна, аднак калі намечаная ў Варшаве значная колькасць няхай адносна невялікіх крокаў будзе насамрэч рэалізаваная, можна будзе з упэўненасцю казаць пра паскарэнне паступовага збліжэння краін-партнёраў з аб’яднанай Еўропай.

Апрача астатняга, такое збліжэнне мусіць зменшыць пагрозу ціску Масквы. Днямі стала вядома, што цягам бліжэйшых прынамсі 12 гадоў кіраваць Расіяй збіраецца Уладзімір Пуцін. Варта нагадаць, што папярэднія тэрміны ягонага знаходжання пры ўладзе характарызаваліся імперскімі амбіцыямі ў стаўленні да суседзяў, якіх Крэмль працягвае разглядаць як сваю сферу ўплыву.

Жыхары краін Усходняй Еўропы працягваюць спадзявацца на далейшую еўраінтэграцыю

Не выклікае сумненняў, што галоўнай рухальнай сілай працягу еўрапейскай інтэграцыі ёсць імкненне насельніцтва краін-партнёраў. Эксперт Фонду Карнэгі Томас дэ Ваал сцвярджае, што ва Усходняй Еўропе ў значна большай ступені, чымся ў арабскім свеце, Еўрасаюз ёсць прыцягальным для пераважнай большасці жыхароў, якія адчуваюць сябе еўрапейцамі, але расчараваныя некампетэнтнымі ўрадамі і нізкім узроўнем жыцця. У такім выпадку мара грамадзянаў краін-партнёраў далучыцца да аб’яднанай Еўропы раней ці пазней ажыццявіцца. Што ж тычыцца адказу на пытанне «калі?», дык у значнай ступені гэта залежыць ад іх саміх.

Такім чынам, Усходняе партнёрства не ёсць тым вагаром, які можа радыкальна і хутка змяніць стан рэчаў у краінах-партнёрах і тым самым увесці іх у еўрапейскі клуб.

У той жа час яно дазваляе – ва ўсялякім разе, пакуль што – штодзённай карпатлівай працай паступова набліжацца да пастаўленай мэты. Адпаведна, з гэтага пункту гледжання Варшаўскі саміт стаўся люстэркам, што паказвае рэальнасць.

Паводле n-europe.eu

EC

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *