У далёкім 1990-м, калі СССР незваротна сыходзіў у мінулае, маё навучанне ў сярэдняй школе незваротна крочыла ў той жа бок. [Не ведаеш, што такое «СССР»?! Загуглі!].

Гэта быў час не толькі палітычнага, але перадусім эканамічнага крызіса. Мізэрныя заробкі, суцэльны дэфіцыт, чэргі, чорны рынак, і вялізныя, аж да БЭМЗа «калейкі» на выезд у Польшчу. Людзі стаялі па 5-7 дзён, каб правезці праз мяжу айчынныя тэлевізары, электрапрыборы, адзенне. У палякаў наша прадукцыя карысталася вялікім попытам.

А я хадзіў у 10-ы клас і пазнаваў жыццё ва ўсёй ягонай шматграннасці. У падручніках, па якіх нас вучылі, пісалі адно, за вакном і па тэлевізары (тады яшчэ і па тэлевізары!) мы бачылі зусім іншае. Перад грамадзянамі імперыі стаяла складаная праблема выбару: што добра а што кепска, куды ідзе краіна, і якая (чыя) гэта краіна, як жыць далей?

Не дзіўна, што мазгі ад гэтай дыялектыкі зносіла ў той ці іншай ступені ва ўсіх. Бацькі, страціўшы арыенціры жыцця разам з усімі накапленнямі на «зберкніжке», перабудоўваліся на новы лад, хто як мог.

Нехта піў па-чорнаму, нехта гандляваў (таксама па-чорнаму), нехта пытаўся скласці аскепкі старога светапогляду ў новую мазаіку.

Дзецям, то бок нам, было прасцей. Хоць і мы былі атручаныя камуністычнай ідэалогіяй з яе разнастайнымі прымочкамі ў выглядзе акцябрат, піянераў і камсамольцаў. Ды, на шчасце, дзіцячы арганізм лягчэй адаптуецца да новых умоў — асновы фізіялогіі росту! Адзінае, што нам было патрэбна для адаптацыі, для фармавання цэласнай карціны свету і пошуку свайго месца ў ім — дапамога ў выбары жыццёвых арыенціраў, у фармаванні каштоўнасцяў, маралі.

Канешне гэтай дапамогі мы шукалі ў сваіх настаўнікаў. А як жа інакш? Гэта ж бясспрэчны аўтарытэт, асоба, якая навучыла цябе ўсяму, што ты ведаеш, якая гаворыць пра такія з’явы і рэчы, якія не ведаюць нават бацькі!

Ды а што бацькі, калі яны працуюць за грашы, спадзяюцца толькі на добры ўраджай ў дзедавай вёсцы ды нічога не могуць змяніць ні ў сваім, ні ў тваім жыцці!

Канешне настаўнікі! Хоць і бачылі мы, што жывуць яны не лепш за нас, ды ўсё ж такі сваёй разважлівасцю, мудрасцю і цярпеннем справядліва заслужылі нашу павагу. І увагу.

Памятаю, як на ўроках Французскай літаратуры ў перапынках паміж вывучэннем тварчасці Мальера мы абмяркоўвалі з Ларысай Васільеўнай, ці варта праводзіць 7 лістапада парад на Чырвонай плошчы і выносіць Леніна з маўзалея. Не, яна не казала нам, варта ці не. Яна запытвала, быццам бы праводзіла апытанне. А мы выказвалі свае думкі, спрачаліся, шукалі правільны адказ, нібы адказвалі на адзнаку, і перапытвалі настаўніцу, правільна, ці не.

Памятаю, як на ўроках геаграфіі, паміж вывучэннем сталіц розных экзатычных дзяржаў, Георгій Аляксандравіч (ГерСаныч) запытваў у нас, ці трэба развальваць Савецкі Саюз, ці трэба дамагацца незалежнасці Беларусі? Ці трэба аднаўляць гістарычную сімволіку? Ізноў мы горача спрачаліся, хоць ужо і разумелі, што правільнага адказу ад настаўніка не атрымаем.

І Ларыса Васільеўна, і ГерСаныч правільныя адказы канешне ведалі. Але навошта даваць галоднаму рыбу, замест таго, каб даць вуду і навучыць вудзіць? Так мы і вучыліся выкарыстоўваць асноўныя метады спазнання: назіраць, разважаць, аналізаваць факты і шукаць адказы на тыя пытанні, якія ставіла перад намі жыццё. За што нашым настаўнікам ад усіх вучняў тых гадоў выказваю вялікую падзяку!

***

Учора ў офісе нашы валанцёры арганізавалі сустрэчу для вучняў 11-га класа адной са школ Берасця, якія запоўнілі заяўкі на паездку ў Люблін па праекце «Маладзёжная біржа грамадскіх ініцыятыў». Запоўніць запоўнілі, а пасля задумаліся. Завагаліся. І папрасілі заяўкі вярнуць без тлумачэння прычын.

Здавалася, і хай бы сабе, вольнаму воля! Тым больш што конкурс на паездку амаль 2 чалавекі на месца. Але, паколькі адна дзяўчына з сябраў «Дзедзіча» таксама вучыцца ў гэтай школе, яна ўгаварыла мяне сустрэцца з дзецьмі і паспрабаваць высветліць прычыны такога рашэння, паўплываць на яго.

Сустрэліся. Вясёлыя і актыўныя дзяўчыны і хлопцы закідалі мяне пытаннямі, якія паспрабую перадаць па памяці:

— А зачем полякам приглашать к себе белорусов да еще оплачивать им все расходы?
— А какие вы можете дать гарантии, что мы оттуда вернемся?
— А что нам надо будет делать по возвращении, какие акции организовывать?
— А правда, что у вас организация оппозиционная, и если мы с вами поедем, то нам не дадут поступить в университет, т.к. мы будем в базе данных КГБ?
— А это вы хлопали на улицах по средам?

Карацей, пасля доўгай і падрабязнай размовы пра дзейнасць «Дзедзіча», яго мэты і задачы я запытаў, адкуль такія перасцярогі. Высветлілася, што з дзецьмі паразмаўляла адміністрацыя школы.

Перадаю сутнасць размовы са слоў дзетак:

1. Такой арганізацыі Fundacja «Szczesliwe Dziecinstwo» не існуе.
2. Вас прададуць у сэксуальнае рабства.
3. Вас прымусяць пасля вяртання ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях і размахваць сцягамі (відаць апрануўшыся ў класічную вопратку сэксуальнага раба — Д.Ш.).
4. Вы не паступіце ва ўніверсітэт, таму што патрапіце ў спецыяльную базу дадзеных неблаганадзейных асобаў.

Карацей, класічны падзел на правільных і неправільных з пункту гледжання афіцыйнай ідэалогіі. Пасля размовы з сямі прысутных адважыліся «рызыкнуць» двое. Астатнія забралі свае заяўкі і пайшлі, відаць, рыхтавацца да ўступнага тэсціравання.

Не скажу, што мне было шкада страчанага часу. І не таму, што удалося пераканаць двух дзяўчын, з якіх, цалкам магчыма, вырастуць сапраўдныя грамадзяне, хаця ўжо гэта можна лічыць вялікай перамогай. А таму што сустрэча дазволіла акунуцца ў атмасферу сучаснай школьнай адукацыі. Адчуванні, па шчырасці, не самыя прыемныя, але зробленыя высновы ўражваюць.

Вучні выпускнога класа школы, што месціцца ў абласным цэнтры (!), разважаюць катэгорыямі замшэлай даўніны, якія сканалі разам з СССР. Людзі, якія валодаюць інтэрнэтам, не могуць знайсці адказ на простыя, дзіцячыя пытанні.

Няўжо так складана зайсці на сайт фундацыі і праверыць, ці дзейнічае яна, ці гэта проста фікцыя? А заадно праверыць, калі апошні раз у рабства прадавалі цэлы аўтобус з 40 пасажырамі, не зважаючы на тое, хлопец ці дзяўчына. І даведацца наўздагон пра разнастайныя адукацыйныя праграмы, якія прапаноўвае Еўрапейскі Саюз у тым ліку і для беларусаў.

Няўжо смартфоны існуюць толькі для пантоў перад сябрамі, а ў інтэрнэце няма нічога акрамя «Укантакце» і рэфератаў па гісторыі?

Канешне, у кожнага можа быць свая грамадзянская пазіцыя і стаўленне да тых ці іншых арганізацый, акцый і сімволікі. Але ж можа варта было б спачатку вызначыцца з гэтай пазіцыяй, а пасля думаць, ці запаўняць заяўку на паездку, ці адразу пісаць данос на сяброў, якія яе ўжо запоўнілі?

***

Бясспрэчна, адказнасць за выхаванне асобы, грамадзяніна, заўсёды ляжыць на настаўніку. Ягоныя словы, яго меркаванне — неабвяргальная ісціна для звычайнага вучня. Прасцей за ўсё забіць вучню мазгі прымітыўнымі ідэалагемамі — «гэта флаг харошы, а гэта плахой», «сюда не хадзі — туда хадзі», не высоўвайся, бо не паступіш і г.д.

Значна складаней (ды і не патрабуецца ад сённяшніх настаўнікаў) навучыць дзяцей шукаць, аналізаваць інфармацыю і самому рабіць высновы, што добра, а што кепска.

Яшчэ больш складаней — адкрыць дзецям свет ва ўсёй яго шматбаковасці, паказаць магчымасці для роста, для якаснай адукацыі, для пашырэння кругагляду.

А як пакажаш, калі сам пра гэта нічога не ведаеш? На курсах павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў кажуць пра ўсё, уключаючы памер партрэта «самі ведаеце каго», які павінен вісець у кожным класе. А ў іншых месцах кажуць, як фальсіфікаваць выбары, каб назіральнікі нічога не заўважылі. Не кажуць толькі пра тое, як выхоўваць грамадзян Беларусі. Бо не трэба — «не стаіт перад гасударствам такая задача». Вось такое замкнёнае кола атрымліваецца — сам не ведаеш, як жыць, і дзяцей навучыць не зможаш.

Выкладчык:
— Недаробленая курсавая – гэта не бяда. Галоўнае, калі будзеце рабіць дзяцей – дарабіце іх! А то потым прыходзяць недаробленыя дзеці і прыносяць недаробленыя курсавыя. І ніяк не разарваць гэтае замкнёнае кола.

***

З 1990-га года мінула 20 гадоў. У краіне крызіс, мізэрныя заробкі, і вялізныя «калейкі» на выезд у Польшчу.

Толькі палякам ужо нафіг не патрэбныя нашы тэлевізары, электрапрыборы і адзенне. Нафтапрадукты ды цыгарэты — вось і ўсё, што можна прадаць там, каб прывезці на радзіму танную ежу, бытавую тэхніку і адзенне.

А настаўнікаў, якія вучаць думаць, амаль не засталося. 20 год — вялікі тэрмін.

Таму і ездзяць беларусы на захад не за ведамі, а за ежай. І дзяцей вучаць не высоўвацца.

Выхаваем з нашых дзяцей маўклівае быдла

Выхаваем з нашых дзяцей маўклівае быдла

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

  1. Уладзімір
    Ответить

    Думаю, што здаровыя на галаву настаўнікі засталіся. Хаця, канешне, іх стала значна менш.
    Што ёсць школа? Адлюстраванне грамадства. Раней у людзях было больш супраціву, больш прагі да свабоды. Суадносна і настаўнікі былі іншыя.
    А вось тое што кіраўніцтва (і не толькі школ) так трасуцца за свае пасады, што гатовы залізваць «вышэйстаячага», праводзіць любыя «прафілактычныя» мерапрыемствы каб не было «крамолы», выклікае непрыязнь і жаль адначасова. Няўжо так мала каштуе чалавечая годнасць?

    Thumb up 0 Thumb down 0

  2. Паўло
    Ответить

    А што ты Ўладзімер хочаш, як у школе адныя жанчыны засталіся. А жанчыны ж ведаеце, як за свае пасады трасуцца… Гэта ж мужык можа паслаць тое начальства на тры літары, ды зьехаць са школы на якую будоўлю ў Расею. Там хоць заробіць (маю прыклад такі — адзін гісторык з райцэнтра Берасьцейшчыны пакінуў школу і паехаў гастарбайтэрам).
    А жанчынам куды падзецца? Ходзяць ракам перад начальствам (і ў прамым, і ў пераносным сэнсе), абы хоць пры якой працы застацца. Ды калі б начальства з райана такім загадала дзяцей расстрэльваць, то расстрэльвалі б…
    Гэта не настаўнікаў бяда, а ўсяго нашага грамадзтва. Лукашызм-с…

    Thumb up 0 Thumb down 0


  3. Ответить

    А я работал в школе (отрабатывал) пару лет назад. Отработал и ушел, потому что невыносимая атмосфера — десять начальников, институт стукачества, учителя (чаще женщины) делятся на группы по вражде.
    И ты только попробуй что-либо крамольное вякнуть — сразу директору доносят. А директор стукачество еще и поощряет.
    Короче, жрут они там сами себя.
    А еще приколола система нижеследующая.
    Как вы знаете, бить детей нельзя (хотя иногда и хочется). Если учитель обзывает или ударит ученика, что будет? Мамаша какая-нить в суд побежит жаловаться. И прощай работа… А вот если ученик на учителя матюкается, или даже руку поднимет (бывает ведь и такое). То что? А ничего! Учитель, теоретически, защищен законом, он может за такую хрень в суд подать. Правильно? Да. Но это ТОЛЬКО ТЕОРЕТИЧЕСКИ. На практике учитель в суд на ученика никогда не подаст, потому что сразу же прибежит социальный педагог, зауч по воспитательной работе и начнут… иметь этого учителя. Мол, такой ты, сякой, ты ж нам статистику правонарушений в школе портишь!
    А статистика — это дело святое! Ею школы, извините за выражение, как х..ми меряются. Не дай бог у нашей школы статистика будет не на пятом месте, а на десятом! Энто ж ужас! АПОКАЛИПСИС!
    Вот и кладут на простого учителя ученики…
    А что он им сделает?
    В суд не подаст, да и по роже не даст…
    Учитель, короче, бесправное чмо. От этого учитель такой загнобленный, с опущенной головой, всегда готовой лизнуть зад начальника.
    Сделав такой вывод, я больше в школу не вернусь, пока не рухнет вертикаль с её дебильными круговыми поруками, стукачеством и управлением по принципу «разделяй и властвуй».

    Thumb up 0 Thumb down 0

Дадаць каментарый