Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Дзе тэатральны фестываль знаходзіць публіку?

Для Брэста тэатральны фестываль “Белая вежа” – падзея вельмі значная, якая звычайна выклікае шырокі ажыатаж. Большасць спектакляў збірае аншлагі, а квіткі раскупляюцца ў першы дзень продажу.

І гэта нягледзячы на тое, што Брэст не з’яўляецца занадта культурным горадам і не захаваў спадчыну былых часоў (яна адышла ў нябыт разам з самімі гараджанамі – у каго з берасцейцаў дзяды ці прадзяды з Брэста? Усе сяляне ці расейскія ваенныя). Мясцовы тэатр тут наогул даволі слабы ў параўнанні з, напрыклад, Магілёвам ці Віцебскам.

Адкуль  тады ў берасцейцаў такое плённае жаданне наведваць фестывальныя спектаклі? Вядома, што частка публікі ў зале – гэта замежныя акторы і калятэатральная тусоўка, многім квіткі далі на працы, і кіруюцца яны меркаваннем “на халяву і уксус салодкі”. Але падыдзіце ў канцы жніўня да тэатральных кас – вы прастаіце вялікую чаргу і высветліцца, што на самыя шматабяцальныя (па папярэдніх прагнозах) пастаноўкі квіткоў даўно няма. А каштуюць яны нямала: у сёлетнім сезоне кошты даходзяць да 100 тысяч.

Хто стане апошнім героем

Думаю, справа ў нейкім арыстакратычным арэоле, які атачае такі від мастацтва, як тэатр. Калі ты патраціш на тэатр немалыя грошы і датрываеш да канца прадстаўлення – ты не гопнік. У большай меры гэта тычыцца менавіта такой саліднай імпрэзы, як “Белая вежа”, на якую на гэты раз завітаў нават тытан мастацтва Марк Разоўскі.

Як часта я сустракала знаёмых, якія раней не выказвалі асаблівай зацікаўленасці высокім мастацтвам, на якой-небудзь мадэрнісцкай пастаноўцы з венскім крэслам, абажурам і двума акторамі ў джынсах. Большасць з “не-гопнікаў” пераацэньвае свае сілы і вытрымку, таму пасля антракту зала бывае напалову пустая.

Такую карціну можна было назіраць, напрыклад, на ўчорашнім лялечным спектаклі для дарослых “Шлюб”, дзе на сцэне увасабляліся мары і пакуты сумлення “маленькага чалавека”, а ў якасці дэкарацый выступалі пальцы рознага памеру, якія паказвалі на заганы ягонага ўнутранага свету. Мае знаёмыя першыя некалькі дзеянняў нервова валтузіліся ў крэслах, пад канец першага акту ўсёж-такі знайшлі зручную позу і задрамалі. У два дзесятка самых трывалых аматараў мастацтва, якія засталіся на другі акт, яны, вядома, не ўвайшлі.

У малой зале, дзе як раз ставяцца лаканічныя па афармленні спектаклі, да таго ж без антрактаў, звычайна сядзіць цёценька на выхадзе, каб варочаць змарнелых ахвяр мастацтва назад на месцы.

 Предупрежден – значит, вооружен

Благую ролю тут выконваюць і недарэчна складзеныя праграмы, якія змяшчаюцца на гарадскіх афішах і ў мясцовай прэсе. Як можна здагадацца, што “Іншы пакой. Тэатр лялек для дарослых. Варшава-Польшча “ — уяўляе сабой праекцыю пустога пакоя на экране, куды часам будуць трапляць цені чалавечых рук і фотаздымкі вачэй і твараў. І ніводнай лялькі. Арыгінальнасць перадачы мастацкага свету паэзіі Збігнева Херберта, выкананай ў пазнавальным стылі варшаўскага авангарду, відаць, змаглі ацаніць не многія, пра што сведчыў незадаволены шэпт пра патрачаныя дарма 25 тысяч.

У спецыяльных прэс-рэлізах часам змяшчаюцца больш падрабязныя апісанні зместу п’есы, але і яны звычайна толькі зводзяць у зман. Памятаю, некалькі год таму пайшла на спектакль “Каляровыя сны белага Асляняці”, які апісваўся як чароўная казка для дзяцей і дарослых. Глядзець яго было вельмі складана, і не толькі з-за схаванага філасофскага зместу. Амаль усю залу занялі мамашы з дзецьмі, апошнія з каторых і плакалі, і біліся, і песні спявалі, і што толькі не рабілі, каб заняць нечым час, пакуль Асляня сніла свае сны у выглядзе пластычных піруэтаў невядомых істот.

Залатая сярэдзіна

Нашмат бліжэй да народа вулічныя спектаклі, якія гэтак жа збіраюць досыць вялікую аўдыторыю. Тут ты зможаш “прасунута” правесці свой час без асаблівых ахвяр, хіба што чыста фізічных (зацёклая шыя і ногі), якія пераадольваюцца значна лягчэй. Тэатры пад адкрытым небам звычайна выкарыстоўваюць даволі моцныя сродкі прыцягнення і ўтрымання ўвагі: вогненыя шоў, феерверкі, персанажы на хадулях і незвычайныя ўбранні.

Альбіна Трус 

3 каментарыя

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *