АРР «Дзедзіч» у партнёрстве з Рухам «За свабоду» абвяшчаюць пра стварэнне ў Берасці «Еўрапейскага клуба», дзе кожны жадаючы можа адкрыць для сябе (і іншых) Еўрапейскую Беларусь.

Як звычайны беларускі студэнт можа правесці вакацыі ў Парыжы ці Мілане? Якія магчымасці дае Еўрапейскі звяз для моладзі з прымежных краін? Навошта нам патрэбна Еўропа? Як атрымаць веды пра сучасную Еўропу? Клуб дапаможа знайсці адказы на гэтыя пытанні.

Еўрапейскі клуб — найперш дыскусійная пляцоўка, дзе збіраюцца людзі, якія хочуць больш ведаць пра прынцыпы еўрапейскага жыцця, пра магчымасці змен у Беларусі з улікам прымянення еўрапейскіх стандартаў. Асноўная ж мэта — папулярызацыя Еўропы, еўрапейскіх каштоўнасцяў сярод берасцейскай моладзі.

Такія клубы будут створаны ў 12 буйнейшых гарадах Беларусі. Яны будуць супрацоўнічаць паміж сабою, а таксама са сваімі еўрапейскімі калегамі.

На бліжэйшыя 6 месяцаў у «Еўрапейскага клуба» распрацавана вельмі насычаная праграма.

Плануецца арганізоўваць публічныя лекцыі-сустрэчы на еўрапейскую тэматыку з вядомымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі як з краін ЕЗ, так і з Беларусі. Захочуць чытачы «EUROклуба» паслухаць Кшыштофа Зануссі ці Лешэка Бальцэровіча — калі ласка, запросім. 🙂

На сайце dzedzich.org будуць адбывацца анлайн-канферэнцыі з вядомымі людзьмі ЕЗ (палітыкамі, спартсменамі, артыстамі, літаратарамі).

Акрамя гэтага, «Еўрапейскі клуб» плануе аказваць кансультатыўную дапамогу моладзі ў пытаннях еўра-турызму, афармлення дакументаў на атрыманне візы, распрацоўцы маршрута падарожжа і пошуку танных варыянтаў паездкі.

Для студэнтаў будуць праводзіцца кансультацыі па пошуку адукацыйных магчымасцяў, стажыровак ва ўніверсітэтах Еўропы.

Не абыдзецца таксама і без цікавых конкурсаў і віктарын на Еўрапейскую тэматыку з каштоўнымі прызамі пераможцам. Пра першы конкурс чытайце ўжо ў наступным нумары «EUROклуба».

Да ўсяго пералічанага — семінары, дэбаты, распаўсюд буклетаў і кніг, часопісаў і атласаў з аб’ектыўнай інфармацыяй пра еўрапейскія краіны.

Да бюлетэня «Дзедзіч» ужо існуе дадатак, прысвечанный Еўраклубу, там таксама можна знайсці інфармацыю пра яго дзейнасць.

Шаноўныя чытачы!

Запрашаем Вас прымаць чынны ўдзел у працы Еўрапейскага клуба:

— прапаноўвайце тэмы для абмеркавання падчас дэбатаў,

— прапаноўвайце прозвішчы вядомых еўрапейцаў (палітыкаў, літаратараў, мастакоў, журналістаў), з якімі вы хацелі б сустрэцца ў Берасці,

— сачыце за навінамі пра Еўрапейскі клуб на сайце dzedzich.org. Тэлефануйце: (029) 724-21-16.

[supsystic-social-sharing id="1"]