На сходзе будзе абрана абласное кіраўніцтва і вызначаны дэлегаты на з’езд БНФ у Мінску, які адбудзіцца 10-11 верасня.

Рэзалюцыю аб неадкладным вызваленні ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі падпішуць у Берасці прадстаўнікі рэгіёнаў вобласці ад Партыі БНФ.

Прадстаўнік абласной канферэнцыі Уладзімір Красько паведаміў, што актывісты мусяць вырашыць тэхнічныя моманты працы партыйнай структуры ды выказаць свае меркаванні па эканамічна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі:

— Будзем на сходзе абірацца старшыня абласной арганізацыі. Другі пункт парадку дня – гэта абмеркаванне агульна-палітычнай сітуацыі ў краіне. І трэці пункт – прыняццё рэзалюцыі аб неадкладным вызваленні і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў.

Прадстаўнік БНФ са Століна Уладзімір Паляруш адзначыў, што партыя мусіць патурбавацца за колькасць сваіх сябраў:

— У часы Зянона Пазняка, калі ён кіраваў партыяй БНФ, ён часта з намі сустракаўся. Часта прысылаў сваіх прадстаўнікоў. Даваў канкрэтныя заданні, рабіў справаздачы адносна выкананай працы. Цяпер гэтага амаль няма. У рэгіёнах усё адпушчана на самацёк. Ніякага кантроля практычна няма.

З’езд Партыі БНФ пачне сваю працу 10 верасня і пры неабходнасці можа працягнуцца на наступны дзень. Чакаецца, што ўдзел у ім прымуць прыкладна 230 дэлегатаў з усёй Беларусі.

«Беларускае радыё рацыя»

[supsystic-social-sharing id="1"]