Грамадства

Выпускнікі не жадаюць заставацца ў вёсцы

Пасля двухгадовай адпрацоўкі заставацца ў беларускай вёсцы не жадаюць нават выпускнікі сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у горад бягуць да трох з пяці выпускнікоў.

У 2010 годзе пасля двухгадовай адпрацоўкі ў сельскагаспадарчых арганізацыях засталося працаваць толькі 44–45% размеркаваных студэнтаў. Такія дадзеныя прыводзіць старшыня Беларускага прафсаюзу працаўнікоў АПК Уладзімір Навумчык.

Па ягоных словах, штогод у гаспадаркі краіны накіроўваецца больш за 2 тысячы выпускнікоў універсітэтаў, а застаюцца там у сярэднім каля 900 чалавек.

Гэта і не дзіўна, калі пералічыць зарплату маладога спецыяліста ў вёсках у валюту. Гэтак, у многіх вёсках максімум, на што можа разлічваць малады спецыяліст узімку — 30–40 даляраў у месяц.

З гэтай нагоды прафсаюзы прапануюць перанесці профільныя ВНУ і каледжы ў сельскую мясцовасць. Гэта, па іх словах, дапаможа «сфармаваць патрэбны менталітэт» у выпуснікоў.

«Многія аграномы лічаць, што горад у нейкім сэнсе разбэшчвае сельскіх жыхароў, а большасць аграрных ВНУ размешчаныя ў гарадах, — гаворыцца на сайце афіцыйнай федэрацыі прафсаюзаў. — Людзі абвыкаюць да гарадскіх выгодаў і ўжо не вяртаюцца дадому. Такім чынам, навучальныя ўстановы, якія, здавалася б, закліканыя замацоўваць маладых людзей на зямлі, толькі выпампоўваюць іх у мегаполісы».

Верагодна, першым этапам «замацавання маладых людзей на зямлі» стане выкананне заклікаў Лукашэнкі аб скарачэнні адукацыйных праграм на карысць павелічэння працягласці працы ў калгасах.

Паводле: generation.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *