Генеральны пракурор Польшчы Анджэй Серэмет 1 верасня выдаў пастанову аб спыненні дзеяння пагаднення з Беларуссю аб спрашчэнні працэдуры прававой дапамогі па крымінальных справах, якое было падпісана ў 2002 годзе.

Гэты дакумент страціць сілу праз шэсць месяцаў пасля атрымання беларускім бокам адпаведнага паведамлення, паведамляе прэс-служба польскай Генпракуратуры.

З спыненнем дзеяння пагаднення абарот прававых дакументаў па крымінальных справах паміж бакамі будзе ажыццяўляцца цэнтралізавана, на аснове беларуска-польскага дагавора аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах ад 1994 года.

У пастанове генпракурора Польшчы таксама паказваецца, што абарот прававых дакументаў з Беларуссю «будзе жорстка кантралявацца і правярацца».

Нагадаем, перададзеная ў Менск Генпракуратурай Польшчы і Мінюстам Літвы інфармацыя аб замежных банкаўскіх рахунках беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага стала падставай для яго арышту. Праваабаронца падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры і з 4 жніўня знаходзіцца пад арыштам. Яму пагражае турэмнае зняволенне да сямі гадоў.

І ў Варшаве, і ў Вільнюсе заявілі, што ўлады Беларусі злоўжылі сістэмай міжнародных працэдур і дагавораў для рэпрэсій у дачыненні да ўласных грамадзян.

У сувязі са скандалам вакол арышту Алеся Бяляцкага падаў у адстаўку кіраўнік дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Генпракуратуры Польшчы Кшыштаф Каршніцкі, яго намеснік Ганна Вісьнеўска вызвалена ад пасады.

суд

суд

[supsystic-social-sharing id="1"]