У большасці рэгіёнаў Брэсцкай вобласці 1 верасня аб’яўлены Днём цвярозасці. У адпаведнасці з рашэннямі гарадскіх і раённых выканкамаў у дзённы час на ўсіх гандлёвых аб’ектах забаронена рэалізацыя алкагольных напояў і піва.

«Дзень цвярозасці 1 верасня праводзіцца ў вобласці ўпершыню. З такой ініцыятывай выступіла УУС, каб яшчэ раз звярнуць увагу жыхароў рэгіёну на пагрозу алкагалізацыі грамадства», — дапоўніў Генадзь Вайтовіч, намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама

Паводле яго слоў, 1 верасня ва ўсіх навучальных установах вобласці супрацоўнікі міліцыі правядуць сустрэчы з навучэнцамі і студэнтамі, дзе будуць гаварыць аб тым, да якіх цяжкіх наступстваў можа прывесці ўжыванне алкаголю.

«Актуальнасць такіх мерапрыемстваў пацвярджае тое, што за сем месяцаў гэтага года ў рэгіёне пры зніжэнні на 12,2% злачыннасці адзначаецца рост злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. Іх зафіксавана на 100 больш, чым за аналагічны леташні перыяд. За сем месяцаў гэтага года 609 хранічных алкаголікаў накіраваны судамі ў ЛПП. За такі ж час 2010 года — 535. І яшчэ адзін факт: у вобласці сёлета ад атручэння алкаголем памерла 195 чалавек, тады як год таму такіх выпадкаў было 142», — падкрэсліў Вайтовіч.

Паводле звестак намесніка начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС, за сем месяцаў гэтага года на тэрыторыі вобласці спынена 510 фактаў незаконнага абароту прадукцыі з утрыманнем спірту, канфіскавана і знішчана 115 тон самагону і самагоннай брагі, а таксама больш за 30 тон фальсіфікаваных спіртных напояў.

За знаходжанне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці больш чым 29 тыс. чалавек.

Паводле Радыё рацыя

 

 

[supsystic-social-sharing id="1"]