Праца беларускай АЭС негатыўна адаб’ецца на здароўі людзей, лічыць нямецкі ўрач беларускага паходжання Алег Віткоўскі. Такое меркаванне ён выказаў 30 жніўня ў Мінску на прэс-канферэнцыі «Астравецкая атамная станцыя: рэаліі і перспектывы».

Чакаецца, што першы энергаблок беларускай атамнай электрастанцыі, якую збіраюцца пабудаваць у 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць), будзе запушчаны ў 2017-м, другі — у 2018 годзе.

Віткоўскі прывёў прыклад захворвання немцаў адносна пражывання ў раёнах атамных станцый. Паводле яго слоў, калі накласці карту размяшчэння дзейных атамных электрастанцый або тых, якія выводзяцца з эксплуатацыі, на карту эпідэміялагічнай сітуацыі ў Германіі, то яны супадуць. «Калі мы даследуем эпідэміялагічную сітуацыю па Германіі ў цэлым — па хваробах, звязаных з аўтаімуннымі працэсамі, такіх анкалагічных хваробах, як лейкоз, пухліны нырак, у нас з’явяцца астраўкі пэўнай канцэнтрацыі захворванняў. Яны супадуць з размяшчэннем атамных электрастанцый», — сказаў спецыяліст.

Як адзначыў Віткоўскі, можна «падысці ўшчыльную да сценкі атамнай станцыі, памераць дазіметрам і сказаць, што яна нічога не выпраменьвае. «Гэта тое, што прыхільнікі такога спосабу здабычы энергіі хочуць «прадаць» беларусам — як бы ў нас абсалютная бяспека», — заявіў ён, дадаўшы, што абапірацца трэба не толькі на такога роду даследаванні, але і на вопыт назіранняў у доўгатэрміновай перспектыве. «Раптам аказваецца, што на гэтай тэрыторыі больш паміраюць, больш хварэюць такімі хваробамі, з якімі мы на сённяшні дзень не можам справіцца», — дадаў спецыяліст.

Урач лічыць, што з людзьмі, якія будуць пражываць недалёка ад АЭС, можа адбыцца тое ж, што і з «чарнобыльскімі дзецьмі». «У вас прыкметна вышэйшы ўзровень захворвання хваробамі крыві, вышэйшы, чым у іншых рэгіёнах і краінах, зыходзячы з суседства з Чарнобылем», — сказаў ён.

«Ёсць людзі, якія гатовы падпаліць планету, каб разагрэць сабе талерку супу», — са шкадаваннем адзначыў Віткоўскі, кажучы пра стаўленне да атамнай энергетыкі.

Паведамляе БелаПАН.

[supsystic-social-sharing id="1"]